Шрифт:
— Ну, стары, — Абабурка трымаўся тут сваім чалавекам, — не расчароўвай мяне.
Швейцар задаволена закэхкаў, прапанаваў, паказваючы на далёкі кут:
— Пабаўцеся колькі хвілін, а я ўжо для вас пастараюся.
У рэстараннай зале было тлумна, накурана. Корзуну ўжо расхацелася ісці туды, нават з Марыяй, нешта вакол адбывалася не так. І ён першы накіраваўся ў гэты адносна ціхі куток, аддалены і ад рэстаранных дзвярэй, і ад гардэроба. Тут, як спецыяльна для такіх няўдачнікаў, стаялі вакол нізкага, пакрытага чорным непразрыстым шклом століка чатыры скураныя крэслы.
— Прашу, — гасцінна схіліўся Абабурка і памог Марыі апусціцца ў крэсла. Зноў ён аказаўся больш уважлівым, здагадлівым, чым Корзун, — крэслы ж былі глыбокія і мяккія, і без падтрымкі дзяўчыне ў даўгаватай і вузкай спадніцы ўсаджвацца было нязручна.
Настрой у Корзуна сапсаваўся зусім.
Абабурка прынёс аднекуль вялікую сінюю попельніцу, кінуў на стол нераспячатаны пачак цыгарэт, запалкі. Абмінуўшы Кунцэвіча, які далікатна чакаў, пакуль ён сядзе, уладкаваўся насупраць Марыі.
— Самае сумнае чакаць і даганяць, — здзіраючы з пачка цэлафан, загаварыў ён. Распачаў цыгарэты, прапанаваў: — Калі ласка, — закурыў.— Але ў нашых сілах зрабіць, каб гэтыя быццам бы нудныя хвіліны сталі вясёлымі. Не, не, — перабіў ён самога сябе, перахапіўшы Корзунаў позірк. — Ніякіх анекдотаў, толькі смешныя выпадкі з жыцця. Згода? Тады дазвольце мне першаму, так сказаць, для развіцця ініцыятывы мас. А можа, ты, Федзя?
— За табой паспееш! — буркнуў Кунцэвіч, аднак больш здаволена, чым пакрыўджана.
Корзун, з усмешкай пазіраючы на Абабурку, думаў, чаму часам пачынаюць сябраваць зусім розныя з выгляду людзі, як вось гэтыя заатэхнік і нарыхтоўшчык, — і па ўзросту, і па адукацыі, і па характару? Праўда, кажуць, што супрацьлеглае, вунь як у фізіцы плюс з мінусам, прыцягваецца. Але то ў фізіцы. А тут, акрамя супрацьлеглага, павінна быць у іх і нешта агульнае.
— У нашым інтэрнаце, — пачаў тым часам Абабурка, — працавала надта цікаўная прыбіральшчыца. Пакуль мы на занятках — усе тумбачкі праверыць, кожную кніжку перагартае. Што шукала, — паводзіў ён вачамі на слухачоў,— ніхто не ведаў, бо ў нас нічога не прападала. А можа, і красці не было чаго, адно слова — студэнты. Але нарэшце нам надакучыў гэты ненародны кантроль. Рашылі хлопцы… — Ен, збіраючыся выдаць «соль», зрабіў паўзу, абвёў слухачоў вачамі, як правяраў іх рэакцыю на ягоны гумар.
Кунцэвіч глыбока ўздыхнуў, як здалося Корзуну, каб не пазяхнуць. Затое Марыя, чакаючы нешта смешнае, аж прыкусіла ніжнюю губу і так прыжмурыла вочы, што вакол іх разбегліся тоненькія праменьчыкі. Корзун замаркоціўся: не такой бачыў ён дзяўчыну ў сваіх думках.
— …Знайшлі прыгожы карабок з-пад папярос і пасадзілі туды маленькае шэранькае мышаня з такім доўгім-доўгім хвосцікам, — Абабурка развёў указальныя пальцы. — Вось такім. — Ён яўна смакаваў дэталі гэтага колішняга выпадку, не дазваляючы, аднак, сабе і намёку на ўсмешку. — Прыбіральшчыца, вядома, пацікавілася, што там, адкрыла карабок…
— Неінтэлігентна, — фыркнуў Кунцэвіч.
— А мне падабаецца, — Марыя шчыра смяялася. — Няхай не совае нос.
— Брава, Марыся! — Абабурка перагнуўся цераз столік і пацалаваў ёй руку.
— Шаркун ты, Карпавіч, — Кунцэвіч прыжмурыўся на Абабурку. — Далібог, шаркун. Згубіць цябе паказуха! Як піць даць!
— Давай без крытыкі,— заўвага Абабурку не надта спадабалася. — Лепш бы падтрымаў мужчынскі гонар, або не маеш што сказаць?
— Якія там нашы гісторыі,— Кунцэвіч схіліў галаву, — хіба мужыка абдурыш: возьмеш карову, заплоціш за цялушку. Так, таварыш следчы? — павярнуўся ён да Корзуна. Вочы яго хітра блішчалі, быццам хацеў ён сказаць: і я, каб палічыў патрэбным, сёе-тое выдаў бы не горш, але не хачу.
— Федзя, — паморшчыўся Абабурка, — пры чым тут следчы?
— Ну па імені ж няёмка, не раўня…
Корзун сустрэўся позіркам з Кунцэвічам, здаецца, абыякавым, нават крыху тупаватым, і чамусьці падумаў, што гэты нарыхтоўшчык — штучка, голымі рукамі не бяры, апячэшся.
Да іх падкаціўся тоўсценькі швейцар:
— Зачакаліся, даражэнькія? Зараз, зараз, Міхаіл Карпавіч. Толькі чысты абрус накрыюць.
— Парадак, не турбуйся, стары.
— А ўжо ж, як для вас…
— За мной не прападзе, ты мяне ведаеш, — выставіў далонь Абабурка.
Кунцэвіч употай стрэльнуў вокам на Корзуна.
Корзуну стала непрыемна: нарыхтоўшчык, падобна, правярае па ім Абабуркавы паводзіны, быццам адчувае ў іх нейкую ненатуральнасць, незвычайнасць. Напэўна, добра ведае свайго сябра, бо сам ён, Корзун, нічога такога не прыкмеціў. І падумаў, што трэба ісці адсюль, не яго гэта кампанія. Тым болей што Марыя да яго без увагі. І, як нешта ўспомніў, паляпаў па кішэнях.
— От што значыць загаварыўся, — нібы шкадуючы, сказаў ён, — павінен на працу пазваніць, а забыўся. — Выцягнуў з кішэні дзвюхкапеечную манетку. — Даруйце…
Тэлефон-аўтамат вісеў ля выхада — паміж дзвярамі і люстэркам. Корзуну пашанцавала, натыкнуўся на лейтэнанта Манегу, і можна было сапраўды перакінуцца словам-другім, а не рабіць выгляд, што размаўляеш. У люстэрку ён бачыў, як Абабурка, скалячы зубы, стараўся рассмяшыць Марыю, а Кунцэвіч хмура глядзеў на яго. Загаварыўшыся, Корзун ледзь не прапусціў, калі Марыя раптам азірнулася. Там, відаць, гаварылі пра яго, і ён хуценька адвёў позірк.
Праз хвіліну Корзун вярнуўся да століка:
— Прашу прабачэння, трэба…