Шрифт:
— Аляксандр? Здароў, здароў, рады чуць цябе! — забасіў пракурор. — Сваю лінію ўсё-такі цягнеш? Давай, давай, мы тут таксама нешта маем.
— Што гаворыць шафёр? — Корзун паспеў ужо трохі вывучыць Пратасеню, лічыў яго чалавекам памяркоўным, нязлосным і дараваў яму паблажлівы тон. Відаць, мае падставы іранізаваць з Корзунавых прыдумак.
— Усё тое ж. Маўляў, падняўся журналіст на ногі і сказаў, каб ехаў.
— Мабыць, не хлусіць… — уставіў Корзун, успомніўшы, як паводзіў сябе шафёр Кучаронак тады ў пракуратуры.
— Мабыць, усё-такі хлусіць! — Пратасеня гаварыў упэўнена. — Для яго гэта вельмі выгадны варыянт. Чалавек быў жывы, а чаго памёр — хто скажа? Я думаю, было так. Падбіў і завёз на пераезд, спадзяваўся віну на цягнік звярнуць. Не атрымалася, умяціна падвяла — прыйшоў да нас. Маўляў, і я, і не я.
Пратасеневы вывады адмаўлялі Корзунаву версію. Але Корзун не хацеў пагаджацца з пракурорам па іншай прычыне. Кучаронак, як паказалася, быў чалавекам сумленным, адказваў шчыра. Хаця, калі над табой павіснуць гадоў дзесяць турмы, усё зробіш, каб выглядаць шчырым. Корзун нахмурыўся. Што за пасада — ва ўсім сумнявацца, нічога без праверкі не прымаць. А можа, пракурору на месцы відней?
Мухіна аб'явіла аб сабе раней, чым Корзун чакаў.
— Прабачце, што з'ехала не папярэдзіўшы. Паслалі па адно, прывезла другое, — сказала яна. — Хацела б пабачыцца.
У яе голасе Корзуну пачулася нешта таямнічае. Ён паморшчыўся — не хапала, каб жанчына занялася ўласным расследаваннем. Памаўчаўшы, прапанаваў, стрымліваючы прыкрасць:
— Можаце і па тэлефоне.
— Лепш не трэба, — адмовілася яна цвёрда. Корзун згадзіўся, лаячы сябе за легкадумнасць, — складзе сабе партрэт чалавека, дасць яму характар і зыходзіць з гэтага, нібы хто застрахаваў яго ад памылковых вывадаў.
— Зараз буду, — паспяшаўся ён загладзіць сваю нетактоўнасць.
— Лепш я да вас.
Корзун паклаў трубку, зірнуў на Дзюбу, які заткнуў далонямі вушы, бо сваіх клопатаў хапала, і сказаў:
— От гэта характар! Паглядзіш — ніколі не падумаеш, хатняя гаспадыня, і годзе.
— Бойся гаспадарлівых жанчын, старшы лейтэнант Корзун, — на секунду адпусціў далонь Дзюба ад левага вуха. — Бегаць табе з авоськай па базарах, — і зноў заткнуў вушы.
Тое, што пачала гаварыць Мухіна, ашаламіла Корзуна. Ён прыпыніў яе і павёў да Юркаўца.
— Дрэнная арганізацыя працы, няправільнае размеркаванне кармоў — гэта кампетэнцыя сельскагаспадарчых органаў, і я прыйшла да вас не з гэтым, — Мухіна была ўсхваляваная, але гаварыла не збіваючыся, абдумаўшы ўсё. — Вам бы зацікавіцца прыпіскамі або куды знікае жывёла. У справаздачы значыцца, што калгас атрымаў прыкладна сем з паловай тысяч парасят. Хаця, па самых сціплых падліках, павінен быў атрымаць не меней дванаццаці тысяч. Спрабавала высветліць, чаму такая розніца ў лічбах, і не змагла. Улік заблытаны. Вось вам і славуты «Зялёны Бор». Ай, як прагледзелі мы!
— Куды ж падзеліся парасяты? — недаўменна спытаў Юркавец, нібы не чуў, што і Мухіна гэтага не ведае.
— Тлумачаць вялікім адходам, — сваёй думкі ў яе не было. — Але там, дзе няма ўліку, адход можа быць і натуральны, і штучны. Апошняе — ваша, здаецца, епархія. — Любіла, аднак, яна рэдкія слоўцы. — Таму не хацела гаварыць па тэлефоне.
— Та-ак, — Юркавец наўмысля прапусціў міма вушэй намёк Мухінай на крымінальны акцэнт яе адкрыцця, — кароль, такім чынам, голы? Як жа ім удавалася хадзіць у перадавіках?
— Містыфікатары! Умелі пыл пускаць у вочы. Вось ніхто і не праверыў, ці так гэта.
— А можа, і не хацелі? — Юркавец спакваля падводзіў жанчыну да думкі, што галоўнае ў гэтай гісторыі — ашуканства. Інакш пойдзе почут, што «Зялёным Борам» міліцыя зацікавілася, а хто зараз ведае, як Корзунава версія далей будзе развівацца. — І так, на жаль, бывае.
— На жаль, — пагадзілася яна. — Вам даведку зрабіць?
— Бадай, не трэба. Вы па сваіх каналах дзейнічайце, там разбяруцца, тым болей што, відаць, туды рэвізоры цяпер накіруюцца. А вам, Галіна Раманаўна, шчырае дзякуй, што так адказна паставіліся да нашай просьбы, — маёр праводзіў Мухіну да дзвярэй. Вярнуўшыся, не сеў за стол, прыхінуўся плячом да цёплай сцяны, унутры якой па-сучаснаму былі схаваныя трубы цэнтральнага ацяплення, задумаўся.
— Ці не гэтымі махінацыямі зацікавіўся Рамейка? — занепакоіўся Корзун. — Тады ўся гісторыя з ног на галаву становіцца.
— Думаеш, Абабурка нешта ад цябе ўтаіў? — Юркавец, аднак, паставіўся да паведамлення Мухінай стрымана. Але выпадак быў не той, калі можна абысціся адной-дзвюма фразамі.— Сумняваюся. Ты не спецыяліст, каб ухапіцца за сутнасць пытання, чаго яму ад цябе хавацца?! І ад Рамейкі таксама. І збіў жа Рамейку не ён, а Кучаронак, з якім Абабурка нават не знаёмы.
— Гэта так, — Корзун нахмурыўся. — А вам гэтыя супадзенні падабаюцца? Ці не мнагавата іх? Журналіст быў у калгасе, дзе махлярства пераступіла не толькі маральны, а і крымінальны парог — за прыпіскі асудзіць могуць. Затым. Журналіст і заатэхнік гэтага калгаса едуць у адным аўтобусе, і шафёр думае, што яны паспрачаліся, — ці не таму, што журналіст нешта адкапаў? Абабурка начаваў у Лясным, дзе гэтым жа вечарам журналіст загінуў…— ён узняў руку. — Пачакайце, зараз даскажу. Загінуў пры абставінах, да канца не ясных. Ці не факт гэта?