Шрифт:
Калі праца была скончана, Корзун рашыў пабачыцца з начальнікам ДАІ.
— Знайшоў? — спытаў ён Лапкова, ледзь пераступіўшы парог. Не мог ён вось проста так адмовіцца ад сваёй першай думкі.
Лапкоў нечакана абурыўся:
— Я не мастак лавіць здані. Корзун разгубіўся, заміргаў вачамі.
— Так-так, я гэта хацеў сказаць, — задаволены, пацвердзіў Лапкоў.
— Грошы таксама яны сцягнулі? — знайшоўся Корзун.
— У цябе, падобна, усё можа быць, — фыркнуў Лапкоў.— Прабач, спяшаюся. — І зноў падкалоў: — Прывітанне, чарадзей! — Аднак у дзвярах азірнуўся: — Заключэнне зараз прынясуць. І не траць надзеі.
Нічога новага для сябе ў заключэнні Корзун не знайшоў. Калі верыць аўтаінспекцыі, і Апылінская, і Купскі сказалі няпраўду. У Лапкова вопыт — дай бог, і нюх ёсць, Корзун ужо меў магчымасць асабіста пераканацца ў гэтым. Ён зноў узяў у рукі заключэнне, уважліва перачытаў. Дакладнае, падрабязнае. У ім не ўпаміналіся толькі даманавіцкія машыны. Напэўна, таму, што менавіта там здарылася пакража і калгасным транспартам павінны былі пацікавіцца Корзун з Савачкіным. Даманавіцкія машыны стаялі ў гаражы — яны з Савачкіным гэта ўстанавілі адразу. У Шынкевіча без дазволу грузавік не возьмеш. На месцы не было адной старшынёвай машыны. Шынкевіч некуды ездзіў. Не, падумаў Корзун, нешта тут не так у гэтым заключэнні. А можа, і яны з участковым не ўсё ўбачылі?
Да позняга вечара прасядзеў Корзун над планамі праверкі Купскага і іншых магчымых удзельнікаў пакражы. Ён рабіў іх сумленна, стараўся ўсё раскласці нібы па паліцах. І адчуваў, што не стае ягоным планам пераканаўчасці. Напэўна, была ў гэтым вінаватая Апылінская.
Назаўтра з раніцы ён ужо быў у начальніка аддзела.
— Сядай, — прапанаваў Шарай буркатліва. Як ні дзіўна, але гэта было вернай прыкметай, што падпалкоўнік у настроі.
Корзун павесялеў і працягнуў папку з даманавіцкімі матэрыяламі.
Шарай чытаў доўга, удумліва, раз-пораз заглядаючы на папярэднія старонкі. Прачытаўшы, сказаў:
— Версія «Купскі — кампанія» распрацавана няблага, а астатняе — не абгрунтавана, не дадумана, так і людзей пакрыўдзіць можна, — і зноў паглыбіўся ў паперы. Але хутка здзіўлена спытаў: — Хіба Лапкоў табе нічога не гаварыў?
— Чаму ж? — усміхнуўся Корзун. — Пра здані ўсё-такі памянуў.
— Пра здані? А-а, — здагадаўся Шарай. — Падобна, памыліўся стары воўк. Ёсць сігнал з Комсеніч. У тую ноч, прыкладна а пятай гадзіне, тамашні дзед чуў, як па вёсцы праехала машына. Якая і куды — не глядзеў: ці мала транспарту ездзіць.
— Вяртаемся да першай версіі? — узрадаваўся Корзун.
— Далася яна табе, — з папрокам сказаў Шарай. — А калі неяк аб'яднаць усё, што ты тут напісаў, у адно?
— Як гэта?
— Давай памазгуем.
Шарай выйшаў з-за стала. Ён любіў разважаць, крочачы з аднаго кута пакоя ў другі, і рабіў гэта часам нават на аператыўках і нарадах.
— Ваша з Савачкіным версія, — загаварыў ён, — нібыта пра грошы многія ведалі ў суседніх вёсках, мне ўяўляецца непераканаўчай. Што «газік» не прыедзе, высветлілася толькі ў самым канцы дня. Так паказалі і касірка, і работнікі бухгалтэрыі. Галоўны бухгалтар адразу пазваніў у Смятанічы, было гэта амаль у васемнаццаць гадзін. Старонніх у канторы ў той час не было. Ва ўсякім разе, вы іх не ўстанавілі.
— Спрабавалі,— сказаў Корзун, — ніхто не помніць.
— Прайдзіцеся яшчэ раз па крузе. Зрабіце дапушчэнне, што злодзей — не прафесіянал-рэцыдывіст, як вынікае з вываду эксперта, а нехта іншы. Можа, ён і пакінуў сляды, але прыбіральшчыца сцерла. Паглядзіце па бухгалтарскіх кнігах, па нарадах, пуцявых лістах, хто мог пабываць у канцы дня ў бухгалтэрыі.— Ён крыху падумаў і нечакана спытаў: — З кім напіўся Купскі, ты ведаеш?
— Казалі, у Комсенічах, а ў каго іменна — не цікавіўся.
— Нешта мне не падабаецца гэтае супадзенне. — Шарай задумліва пацёр бараду. — Дзед чуе машыну ў Комсенічах, Купскі п'е ў Комсенічах. Мог жа Купскі ведаць, што «газік» не вернецца і грошы застануцца? Мог і сказаць каму-небудзь са сваіх дружбакоў. Большага ад яго не патрабавалася. Вось так, мне здаецца, аб'ядноўваецца ў адно ўсё, што вы з участковым напісалі.— Ён аддаў папку. — Згодзен?
— Надта складана для такога гулякі,— з сумненнем прамовіў Корзун.
— Можа, таму і вылез з грузавіком на Бярозаўку, што розуму не хапіла, — сказаў Шарай. — Вяртайся заўтра ў Даманы, на месцы лягчэй разабрацца.
Ад начальніка аддзела Корзун выйшаў узбуджаны. Шарай не пераканаў яго, а толькі пасеяў сумненні. Корзун, напэўна, не менш за гадзіну прасядзеў у сваім кабінеце, спрачаючыся ў думках з начальнікам аддзела. У яго ўласную гіпотэзу Купскі ніяк не ўпісваўся. Ён прыкінуў і так, і гэтак і тады рашыў, што сапраўды лепш паслухацца парады Шарая і адправіцца ў Даманы. І не заўтра, а сёння, каб марна не траціць часу.
Да адыходу аўтобуса заставалася каля гадзіны. Корзун падумаў, што чакаць задоўга, ды і на аўтобусе ён не заверне ў Комсенічы, і пайшоў да аўтаінспектара па матацыкл.
— Што так прыспічыла? — Лапкоў быў ужо на месцы. — Табе паведамілі пра дзеда?
— От я і хачу ў Комсенічы заскочыць.
— Не раю, — сказаў Лапкоў,— пойдзе па вёсцы почут, што міліцыя некага шукае.
Корзун давяраў вопыту Лапкова і паабяцаў, што толькі праскочыць па вуліцы.
— Дзед жыве ў першай хаце пасля школы, — падказаў Лапкоў.