Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

«Газік» ужо каціў па яснагорскай вуліцы, зрэдку на скрыжаванні папярэджваючы аб сабе кароткімі пявучымі сігналамі. Корзун падумаў, што калі ўдасца хутка ўстанавіць Рамейкавага спадарожніка, то паспее яшчэ сёння вярнуцца дадому. Ён скоса зірнуў на засяроджанага шафёра. У раёне людзі звычайна ведаюць адзін аднаго, а вадзіцелі тым болей.

— Мне трэба выявіць аднаго ўласніка, — павярнуўся ён да шафёра. — Прыкметы: шакаладныя «Жыгулі», жоўтая андатравая шапка, зялёнае дэмісезоннае паліто і яркі чырвоны шалік, — пералічваў ён прыкметы, якія яму назваў у свой час вадзіцель міжгароднага аўтобуса.

— Сур'ёзна? — Корзун пачуў смех. — Вы ж з ім сёння размаўлялі. Зялёнаборскі заатэхнік.

— Хто-о? От неспадзеўка!..

— Паміж сабой мы яго Светафорычам завём. Аднойчы пачуў. Не пакрыўдзіўся, нават пажартаваў. «Гэта я, — кажа, — каб мне дарогу саступалі». А што, такому мусіш саступіць, калі хочаш уцалець. Ганяе як сабе хоча.

Корзун падумаў, што вось і апошняя графа ў ягоным плане займела «птушку» — праверана. Шкада, вядома, што раней не чуў пра Светафорыча, можна было б папытаць у Абабуркі, якая кошка паміж ім і Рамейкам прабегла. Хаця, хутчэй, ніякая. Дзяліць ім няма чаго, знаёмства блізкага ў іх не было. Проста на досвітку людзі, недаспаўшы, часта хмурныя, ім бы хутчэй прытуліцца да чаго-небудзь і дадрамаць. А вадзіцелю аўтобуса здалося немаведама што.

IX

Маёр Юркавец, якому Корзун аднёс справаздачу аб сваёй паездцы ў Яснагорск яшчэ да абеду, выклікаў яго ў канцы дня.

— Што-небудзь дадаць можаш? — спытаў ён, прыціснуўшы Корзунавы паперы да стала.

— Не.

— Цёмны лес, — Юркавец як бы вывучаў нешта на твары свайго падначаленага. — Парасяты, ураджайнасць, кармы. — Ён наморшчыў лоб. Усё, што Корзун падрабязна і добрасумленна выклаў, ніякім бокам не стасавалася да крымінальнага вышуку.

— Мне самому гэта здаецца звычайнай газетнай інфармацыяй. — Корзун быў верны сабе: ацэньваў сваю працу, можа, стражэй за начальства.

— Якую, заўваж, няма падстаў утойваць. Наадварот, — Юркавец сёння разгаварыўся. — Абабурка, прымаючы цябе за журналіста, быў гатовы пахваліцца гэтымі лічбамі. Чым яны зацікавілі Рамейку, ты можаш сказаць? У саўгасе паказчыкі, падобна, горшыя. Але там і дырэктар новы, з яго строга пакуль не пытаюць. Што знайшоў у яго працы Рамейка! Што і з чым параўноўваў? Мы не ведаем. Каму мог спатрэбіцца блакнот з лічбамі, якія, напэўна, друкаваліся ў раённай газеце? Баюся, нікому…

Корзун слухаў і думаў, што і сёння Юркавец хутчэй за ўсё не разгаварыўся, а проста разважае сам з сабой, аднак прысутнасць падначаленага прымушае яго рабіць гэта ўголас.

— Ты ўпэўнены, што і Абабурка і Рабека сказалі праўду. Я таксама не маю падстаў сумнявацца ў гэтым. Так што прыйдзецца пагадзіцца з табой: камандзіровачнае пасведчанне і блакнот згубіліся выпадкова, — маёр расклаў веерам спісаныя круглым роўным Корзунавым почыркам лінаваныя лісты. — Толькі зрабі яшчэ ласку, Аляксандр, схадзі ў абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Хай спецыялісты скажуць, прывёз ты інфармацыю ці яшчэ што.

Юркавец быў вопытным супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Корзун пераканаўся ў гэтым яшчэ раз, атрымаўшы добры ўрок. Маёр падказаў яму, што ў пытанні, у якім ты не разбіраешся, нельга накладацца толькі на свае сілы.

Раззлаваны на сябе, Корзун адправіўся ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, выпісаўшы папярэдне паказчыкі абедзвюх гаспадарак на асобны лісцік.

Старшым заатэхнікам Мухінай, да якой Корзуну параілі звярнуцца, аказалася жанчына сярэдніх гадоў, з выгляду заклапочаная, стомленая. Побач з яе сталом з-за шторы вытыркаўся кончык прадуктовай сумкі з малочнымі бутэлькамі, якую яна паставіла на падаконнік, каб у цёплым пакоі да вечара не пракісла малако. Корзун адзначыў просценькую стрыжку, выцвілую шэрую кофтачку і падумаў, што наўрад ці дапамогуць яму тут. У жанчыны, відаць, сям'я, процьма хатніх турбот, якія цягнуцца за ёю і на працу. Дзе ўжо ёй ламаць галаву над яго пытаннем, якое ён не ведае, як задаць, і да таго ж не ведае, што хацеў бы пачуць у адказ. У такой сітуацыі ён апынуўся ўпершыню.

Жанчына ўзяла паперку. Чытаючы, раз-пораз кідала хуткія позіркі на Корзуна, і ён пачаў ужо апасацца, што менавіта яго асоба цікавіць старшага заатэхніка болей, чым просьба, — не часта людзям даводзіцца сустракацца з сышчыкамі. Нарэшце яна дачытала.

— Дык што вы хацелі пачуць? — яна не разумела, чаму гэты інспектар лезе ў іх, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, сферу.

Каб ён мог растлумачыць сваю патрэбу! Гэта было кепска, вельмі кепска. Мухіна магла падумаць, быццам ад яе нешта ўтойваюць, пакрыўдзіцца і тады, каб адчапіцца, сказаць першае, што прыйдзе ў галаву. Напэўна, у яго позірку ці выразу твару прамільгнула разгубленасць, бо жанчына спачувальна ўсміхнулася і пачала сама, без падказкі:

— Саўгас — сярэдні. Я бывала ў ім. Але, упэўнена, неўзабаве гэта гаспадарка стане добрай. Дырэктар — з галавой, правільна гаспадарыць. У іх неблагія ўраджаі, значыць, будзе чым карміць жывёлу, — яна інтуітыўна ўзяла правільны тон у размове, Корзун пакуль разумеў усё. — Тое, што вы паказалі па саўгасе, у мяне пытанняў не выклікае, для сябе, вядома. «Зялёны Бор»… Спецыялізацыя — свінагадоўля…

Корзуну здалося, што нешта не дае ёй гэтак жа катэгарычна, як пра саўгас, гаварыць пра «Зялёны Бор». Ці не таму, што сама ў калгасе не была? Павагаўшыся, ён рашыў дапамагчы:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: