Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— Дзеля таго і стараемся, — падтрымаў жарт галоўны інжынер.

Корзун развітаўся і пайшоў у бухгалтэрыю.

Дзяўчаты, якія сядзелі ў пярэднім пакоі, у момант адсунулі лічыльныя машынкі і з цікавасцю ўставіліся на Корзуна. Яму падумалася, што ў іх жыцці інспектар крымінальнага вышуку быў даволі рэдкай з'явай.

— Памажыце, падружкі,— Корзун зняў шапку, сеў ля дзвярэй, каб бачыць усіх дзяўчат адразу. — Да вас заходзіў карэспандэнт Рамейка, ну, той, які загінуў. Пра што ён пытаўся?

— Гэта вам Валя скажа, — дружна паказалі дзяўчаты на сваю худзенькую, строгую з выгляду сяброўку. Начапіць ёй на нос акуляры — будзе гатовы партрэт рахунковага работніка, якім мы сабе яго звычайна ўяўляем.

— Як, Валя? — Корзун са стулам падсунуўся да яе стала.

— Падумаю, — адказала Валя.

З сумежнага пакоя, на дзвярах якога вісела шкляная шыльда з надпісам: «Старшы бухгалтар», выглянула сярдзітая жанчына. Сурова агледзела падначаленых і адчытала:

— Балаболкі! Вам абы языкамі паматляць. А ў таварыша інспектара, можа, важная справа. Так, таварыш інспектар? — Па ўсім відаць, ёй хацелася самой пагаварыць.

Корзун да яе яшчэ не заходзіў. Але нейкім чынам яна ўжо ведала, хто ён. Няйначай, падслухала, калі прадстаўляўся. Трэба было выпраўляць становішча, а то яшчэ гэта надта сур'ёзнае начальства пакрыўдзіцца.

— Калі дазволіце, я з вашымі дзяўчатамі спачатку пагутару, — сказаў ён.

— Калі ласка, — памякчэла старшы бухгалтар. Аднак дзверы за сабой не зачыніла — жаночая цікаўнасць была вышэй за гордасць адміністратара.

— Дзякую, — прамовіў услед Корзун і павярнуўся да Валі.

— Слухаю, — суха адказала дзяўчына і раптам, кінуўшы хуткі позірк на адчыненыя дзверы, гмыкнула, нібы падавілася смехам.

Корзун па-змоўніцку падміргнуў, але тут жа нахмурыўся з сваёй вольнасці — нагода, што прывяла яго сюды, была не з вясёлых.

— Хачу даведацца, як загінуў карэспандэнт, вось і хаджу па ягоных слядах.

— Хіба яго не Кучаронак забіў? — зноў выглянула з свайго кабінета старшы бухгалтар. У раённых цэнтрах заўсёды ўсе ўсё ведаюць. А гэта кабета, падобна, не любіла, каб навіны праходзілі міма яе.

— Ведаеце, — супакоіў Корзун, — наша міліцэйская справа, што ваша бухгалтарская. Пакуль апошнюю клетачку не запоўніш, справаздачу не здасі — не прымуць.

— Як жа, як жа, — згодна заківала яна галавой, нібы нешта зразумела. І вярнулася на месца.

— Карэспандэнт папытаў, ці часта гаспадаркі парушаюць узгоднены графік здачы жывёлы, чым гэта выклікана, — дзяўчына была памятлівая. Напэўна, праца з лічбамі прывучыла да такой дакладнасці.— Паглядзеў рахунак яснагорскага калгаса «Зялёны Бор». У той дзень адтуль без чаргі свіней прывезлі.

— Прынялі?

— Не хацелі, да дырэктара дайшло. Загадаў прыняць.

— Што ты, мілачка, — умяшалася бухгалтар з свайго пакоя. — З «Зялёным Борам» у нас ніколі не бывае канфліктаў.

Валя так паглядзела ў яе бок, што Корзуну здалося, быццам дзяўчына зараз язык высуне.

— У такіх выпадках, напэўна, сам заатэхнік прыбывае? — Корзун пачаў нешта разумець.

— Як кожны дбайны гаспадар, — перабіла старшы бухгалтар, і ў яе голасе загучалі павучальныя ноткі.

— З цукеркамі? — наіўна закончыў пытанне Корзун.

Дзяўчаты захіхікалі, а дзверы ў сумежны пакой сярдзіта ляпнулі, не пакінуўшы нават шчылінкі.

— Пра што яшчэ цікавіўся журналіст? — нібы нічога не адбылося, спытаў Корзун.

— Ці могуць калгаснікі прадаваць дзяржаве асабістую жывёлу праз калгас.

— Што вы адказалі?

— Што толькі пасля адкорму ў гаспадарцы, хаця, вядома, парушэнні бываюць. Купяць — і адразу вязуць, а пішуць, што гадавалі.

— І ўсё?

— Здаецца… А-а, карэспандэнт яшчэ пытаўся, ці прымаем мы жывёлу ад нарыхтоўшчыкаў і прыватных асоб. Вядома, не.

— Я здаволены, — падзякаваў Корзун і на развітанне, кіўнуўшы галавой на белую шыльду з вялікімі чорнымі літарамі, усміхнуўся: — Будзе вам.

— Міліцыя абароніць! — бліснула падфарбаванымі вачамі Валя. Але не было відаць, каб яна або яе сяброўкі надта баяліся свайго грознага непасрэднага начальства. Напэўна, у добрых калектывах узаемаадносіны грунтуюцца не на боязі, а на нейкіх іншых прынцыпах.

Наведаўшы мясакамбінат, Корзун яшчэ болей упэўніўся, што выбраў правільны шлях. Інтарэсы Абабуркі і Рамейкі перапляталіся ўсё цясней. Журналісту, каб паставіць апошнюю кропку ў праверцы пісьма, падобна, трэба было разабрацца, як рэалізуюцца лішнія свінні. Відаць, атрымаўся б неблагі, востры фельетон. І Корзун зноў параўнаў працу газетчыка са сваёй. Як многа агульнага! Асабліва калі трапляюцца вось такія выпадкі. А Рамейка малайчына, за колькі дзён раскруціў справу. Так што ў Абабуркі былі прычыны ўзненавідзець яго, а тады і знішчыць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: