Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— Вас нешта бянтэжыць?

Яна зноў усміхнулася бледнымі ненафарбаванымі губамі, адмоўна пакруціла галавой:

— Бадай, наадварот, прыемна дзівіць. Па дваццаць шэсць парасят ад асноўнай свінаматкі — гэта ці не рэспубліканскі рэкорд!

— Дзіва што Абабурка карэспандэнтаў зазывае.

— Іхні заатэхнік? Абыходлівы малады чалавек. Ведае, што рабіць. Не глядзіце, што яны кармоў мала вырошчваюць. Абабурка, не сеяўшы, умее ўраджаі браць.

— Але ж гэта, відаць, не зусім законна?

— Скажыце лепш — неэтычна. Ды што паробіш. Мы тут таксама не без слабасцяў. Як адмовіш чалавеку, які каму камплімент скажа, каму ў дзень нараджэння — чый трэба, помніць — кветкі або цукеркі прэзентуе, а каму і што іншае паднясе ці дастане. Вось і даём, вядома, за кошт іншых, не такіх рахманых.

— Бог з ім, з Абабуркам, ён — ваш, упраўлення, я хачу сказаць, клопат, — Корзун вярнуў размову ў ранейшае рэчышча. — Вы мне скажыце, пра што, напрыклад, вы пыталіся б у калгасе, калі б зацікавіліся свінагадоўляй? — і раптам адчуў, што нарэшце намацаў стрыжань, вакол якога павінен закручваць размову.

— Думаю, тэхналогія, пра якую я абавязкова папытала б, вам не патрэбна. Хаця тых шэсць-восем лішніх парасят, якія яны атрымліваюць на свінаматку ў параўнанні з сярэдняй масай гаспадарак, з'ява цікавая і, напэўна, павучальная. Але ж вы, спадзяюся, не збіраецеся мяняць прафесію?

— Ад вас залежыць, — Корзун павесялеў: «хатняя гаспадыня», як ён паспеў ужо ахрысціць яе ў думках, аказалася разумніцай. — Раптам сагітуеце.

— Э-э, не варта, да Абабуркі вам далёка.

— Што праўда, то праўда, — Корзун зноў успомніў, як спрытна надоечы падсек яго «абыходлівы чалавек» ля тэатра, і ўздыхнуў.

— Не шкадуйце, — жанчына махнула рукой. Ёй было лёгка адмахвацца, яна не здагадвалася, аб чым былі яго думкі зараз. — Дык вось, — яна пастражэла, — вернемся да нашых бараноў, як некалі любілі гаварыць, ці, што больш надзённа, да нашых свіней. Вашы лічбы па «Зялёнаму Бору» мала што гавораць. Ведаеце, ёсць гаспадарнікі, ды і журналісты, бывае, грашаць гэтым, якія любяць біць лічбамі. Вывезлі дзесяць тысяч тон угнаенняў, надаілі сто тысяч кілаграмаў малака! Гучыць, праўда? Але ў нашым свеце ўсё адноснае, і часам за вялікімі, здавалася б, лічбамі хаваюцца слабыя вытворчыя паказчыкі. Так і ў «Зялёным Бары». Прадукцыі быццам бы даюць нямала, а раскласці яе на зямельную плошчу, і атрымаецца, што далёка гэтаму калгасу да перадавых. Не вельмі туманна я «чытаю лекцыю»? — жанчына ажывілася, вочы ў яе заблішчалі. Хатнія клопаты — клопатамі, іх не адкінеш, але ёсць яшчэ і праца, якую яна вельмі любіць.

— Будзем лічыць гэта ўступам да галоўнага, — Корзун шчыра ўсміхнуўся жанчыне. — Што, акрамя нізкай эфектыўнасці вытворчасці, можна сказаць пра «Зялёны Бор»?

— Вы ўзялі толькі тое, што для калгаса выйгрышнае. А мне, як чалавеку, зацікаўленаму непасрэдна, хацелася б ведаць і так званую тэхналогію: што, як і адкуль бярэцца?

— Шкада, што я загадзя з вамі не пракансультаваўся, прывёз бы вам гэтыя даныя.

— Навошта вам такая дакладнасць? — шчыра здзівілася Мухіна. — Вы ж не газетчык, які абагульняе перадавы вопыт.

— Зрабіце скідку на маю ўедлівасць. — Перадавы вопыт Корзун сапраўды паказваць не збіраўся, хай гэтым займаюцца тыя, каму належыць. Але і не мог жа ён зараз сказаць нешта накшталт таго, што задача міліцыі хутчэй наадварот — ускрываць вопыт неперадавы, які яго аўтары шырока паказваць намеру не мелі. Але лічбы, якія не папалі ў Корзунаў блакнот, маглі быць у запісной кніжцы Рамейкі. Раптам Абабурка не ўсё з іх размовы ўспомніў?

— Ат, — Мухіна не без жалю паглядзела на запоўненыя напалавіну нейкія справаздачныя лісты, якія ляжалі перад ёю, — дзе маё не прападала. Зайдзіце ці пазваніце заўтра, пастараюся пагаварыць з калгасам па тэлефоне. Дабяру тое, што вы не ўзялі.

Аднак назаўтра, калі Корзун пазваніў, Мухінай на месцы не аказалася. Сказалі, што яе тэрмінова паслалі абагульняць у адным з раёнаў станоўчы вопыт.

Вядома, у Мухінай свае абавязкі і сваё кіраўніцтва, прэтэнзій да яе за паездку Корзун прад'яўляць права не меў. Аднак адчуў сябе пакрыўджаным, ён жа не з вуліцы прыйшоў, не трэба было абяцаць. Не можаш зрабіць — так і скажы, папярэдзь, загад не дахаты ж ёй прынеслі з упраўлення. Звярнуўся б да другога спецыяліста. Чакаць Мухіну цэлы тыдзень склаўшы рукі не выпадала — хлопцы ў аддзеле вольнай хвіліны не маюць. Могуць і яго падключыць да каго-небудзь у дапамогу. А які з яго памочнік, калі ўсё роўна падсвядома будзе трымаць у галаве Рамейку. Напэўна, ніколі не навучыцца адразу, калі гэтага вымагаюць акалічнасці, пераключаць увагу на іншае. Нават закончыўшы справу, яшчэ немалы час у думках вяртаецца да яе, аналізуе, шукае прамашкі і памылкі. Але нічога не папішаш. Такая праца, яна не дае перадышкі, паслаблення. І Корзун пайшоў да Юркаўца.

Напэўна, маёр навучыўся разбірацца ў магчымасцях і характарах сваіх падначаленых. Выслухаўшы Корзуна, самастойнага задання не даў, а сказаў:

— Падключыся да Дзюбы.

Гэта таксама не было падарункам — Дзюба ніяк не мог разабрацца ў тых кватэрных кражах, пра якія нядаўна дакладваў на нарадзе ў аддзеле. Праўда, прыпражным быць быццам бы лягчэй, чым самому цягнуць воз. Але Корзун і прыпражным будзе паводзіць сябе, як караннік, не ўмее адседжвацца за чужой спіной. Толькі перад тым, як акунуцца ў новую справу, звяжацца з Пратасенем, ці няма там чаго новага?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: