Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Здараецца, што звер бяжыць на лаўца, калі сам лавец гэтага яшчэ не жадае, калі ён не гатовы да сустрэчы. Нешта падобнае атрымлівалася зараз у Корзуна. Няма пра што гаварыць яму з гэтым увішным заатэхнікам. Прыпіскі і разбазарванне грамадскай маёмасці — клопат супрацоўнікаў іншага аддзела. Самы час перадаваць ім сабраны матэрыял. Корзун рашыў, што ўдакладніць яшчэ некаторыя дэталі і тады расстанецца з гэтай справай. І не будзе сустракацца з Абабуркам, не патрэбны яму гэты спрытнюга. Шкада толькі, што не мае права Святлану Якушаву прама папярэдзіць. Раптам не прыме ўсур'ёз тае Рамейкавай парады і выйдзе замуж назло ўсім і сабе. Ад гэтай думкі настрой у Корзуна зусім сапсаваўся. Ён схаваў паперы ў сейф, паглядзеў на гадзіннік і паківаў галавой: заседзеўся, хутка дзевяць.

На вуліцы Корзун спыніўся. Дадому ісці не хацелася. Гаспадару сёння на працу ў ноч. У хаце цішыня, тэлевізар не ўключаны. Чытаць — не хочацца, за дзень начытаўся, аж галава гудзіць. Лепш проста прагуляцца — бяздумна, расслаблена, адпачываючы.

Зімнімі вечарамі і ў горадзе на вуліцах народу мала. Ніхто табе не перашкаджае, ніхто не аклікае. Корзун павольна накіраваўся да цэнтра. Неўзабаве паказаўся кінатэатр. Хутка, відаць, павінен быў пачацца апошні сеанс. Перад уваходам тоўпіліся людзі, некаторыя спынялі прахожых, напэўна, пытаючы лішні білецік. Корзуну нечакана захацелася апынуцца ў гэтым вірлівым юным натоўпе — бо хто, акрамя моладзі, ходзіць на апошнія сеансы, ды яшчэ не маючы загадзя купленага білета. Ён перасек наўскасок дарогу, пасміхаючыся, што і яго зараз могуць аштрафаваць за пераход вуліцы ў недазволеным месцы. Абышлося. Познім вечарам і служба бяспекі руху, відаць, адпачывае, рэзонна спадзеючыся, што ўначы на дарозе машын паменей і парадак захоўваецца нават без яе ўдзелу.

Корзун пастаяў перад кінатэатрам, адказаў нават двум-тром хлопцам, што не мае лішняга білета, і ўжо збіраўся адысці, як раптам яму здалося, быццам ля касы, дзе найбольш стойкія аматары кіно чакалі, ці не засталося што ад забраніраваных білетаў, мільгануў белы пуховы берэцік. Зусім такі, які быў на Марыі Апылінскай у драмтэатры. Корзун узрадаваўся, пасунуўся да касы. Напэўна, таму, што глядзеў ён толькі на белы берэт, Абабурку побач з Марыяй заўважыў у самы апошні момант, калі адступаць было позна, — дзяўчына, нешта гаворачы свайму суседу, махала, як клікала, Алесю рукой.

Так, не збіраючыся, Корзун мусіў усё-такі зноў сустрэцца з Абабуркам.

— Яшчэ адзін экзамен скінулі? — Хочаш не хочаш, прыходзілася хаваць сваё расчараванне.

— Угадалі,— Марыя была ўзбуджаная, вясёлая. — Збіралася адаспацца, а Міхась, — задаволена кіўнула яна на Абабурку, — не дазволіў. І то праўда, калі яшчэ ў горад вырвуся.

Корзун з прыкрасцю падумаў, што і сам мог даўмецца да такога запрашэння. Але мусіў тут жа прызнаць: калі ўжо Абабурка возьмецца, яго не абскачаш.

— Маеш білет? — Абабурка, здаецца, быў нават здаволены, што бачыць Корзуна. Пра яго цікавасць да сваёй асобы ён, натуральна, не ведаў, а за дзяўчыну не турбаваўся, упэўнены, што менавіта інспектар сапернічаць з ім не мог. — Дарэчы, пазнаёмся, — паказаў на мужчыну, які моўчкі стаяў побач.

— Спазніўся, Карпавіч, — сказаў мужчына, — мы ўжо сустракаліся. Помніце, таварыш інспектар?

Корзун уважліва ўгледзеўся ў мужчыну, спахмурнеў: не любіў, калі памяць падводзіла, тым болей што сустрэча, відаць, была службовай, аб чым сведчыў зварот «таварыш інспектар». Але яму спадабалася, што чалавек не спяшаецца нагадаць пра яе. Разумее, што неабавязкова на кожным рагу крычаць, дзе і чым цікавілася міліцыя.

Усмешка прабегла па губах мужчыны:

— Ну дык як?

І тады Корзун нарэшце ўспомніў: нарыхтоўшчык з Ляснога, які знайшоў труп Рамейкі на пераездзе.

— Добры вечар, таварыш Кунцэвіч, — павітаўся ён і пажартаваў: — І вы ў студэнты запісаліся?

— Дзе нам. Нам не да навук… Вайна… І потым…

Ён меў за сорак, чалавеку такога ўзросту ў дзяцінстве сапраўды магло быць не да вучобы. А час ішоў. Падлетак стаў юнаком, пайшоў працаваць, завёў сям'ю. Не кожны падумае пра навуку, якая, як вядома, часам патрабуе паступіцца прывычным, наладжаным. А Кунцэвіч выглядаў сытым, дагледжаным, задаволеным жыццём. Хаця ад моднага Абабуркі адставаў. Чорная шапка, шэрае паліто з пыгейкавым каўняром, купленае ў райунівермазе… Ці магчымасці не тыя, ці наогул за адзежай не ганяўся. Зрэшты, і Корзун піжонства не прызнаваў: абы чыста і акуратна. Доўга разглядваць Кунцэвіча, аднак, было непрыстойна, і ён паспяшаўся нешта сказаць:

— А я дык міма ішоў.

— Вось і ў нас няма білетаў,— зразумеў яго Абабурка. — Якія будуць прапановы? Няма прапаноў? Тады дэмакратыю далоў, кіраваць буду я, — ён яўна дурыўся. — На дварэ холадна, на печцы цёпла. Печкі ў сучасным горадзе няма, махнём у карчму. Га? Я — за. Федя, — звярнуўся ён да Кунцэвіча. — А-а, што я пытаю, дзе гэта бачана, каб нарыхтоўшчык ад чаркі адмовіўся? Алесь?..

Звер так і пёр на лаўца.

Корзун не любіў рэстаранаў, асабліва ў чужой кампаніі. А тут яшчэ запрашаў Абабурка, якога ён падазраваў у злачынстве. Ён ужо хацеў быў адмовіцца, але, сустрэўшы пільны позірк Марыі, у якім яму ўбачылася запрашэнне, нечакана для сябе адказаў:

— Давай…

— Цудоўна. Спадзяюся, наша дама нас не пакіне? Інакш нашы палкія сэрцы будуць разбітыя і завянуць, як ружы на марозе, і мы замест марачнага рыслінгу нажлукцімся прымітыўнага чарніла. Прашу, панове, — і, падхапіўшы Марыю пад руку, накіраваўся ў бок рэстарана.

Свабодных столікаў не было. Швейцар аж вочы закаціў, замітусіўся:

— Што ж вы, шаноўны Міхась Карпавіч, не папярэдзілі.— Акінуў іх, чацвярых, ацэньваюча, позіркам і, нібы прапаноўваючы, нібы сцвярджаючы, заклапочана сказаў: — Парамі я мог бы вас уладкаваць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: