Шрифт:
Вакол цішыня, паўзмрок. Маленькая лямпачка з-пад крэмавага абажура высветлівала на стале невялікі яркі кружок. Якраз для ліста паперы. Корзун узяў ручку і задумаўся. Сапраўды, пісьмо надавала яго паездцы нейкую пэўнасць. А калі так, то варта праверыць усё, што магло мець да яго дачыненне. Перш-наперш трэба зайсці ў райком партыі. Карэспандэнты, прыязджаючы ў раён, часцей за ўсё трымаюць сувязь з райкомам. Ну, а калі не з райкомам, то з райвыканкомам, сельгасупраўленнем. Так растлумачылі Корзуну ў Рамейкавай рэдакцыі. Але гэта ўжо дэталі. Значыць, адрас, куды ён накіраваўся, — на прадпрыемства ці ў калгас, табе, інспектар Корзун, падкажуць. Нават калі Рамейка на гэты раз, зыходзячы з сваёй мэты, ні да кога не звяртаўся, а дзейнічаў самастойна. Тут ужо дапамогуць калегі з райаддзела. Мажліва нават, ці ў іх, ці ў камітэце народнага кантролю таксама былі сігналы пра махінацыі, якімі зацікавіўся карэспандэнт. Бывае ж так, што людзі ў ананімках пішуць пра ўжо вядомыя факты, па якіх меры прынятыя, — або нездаволеныя вынікамі, або каб лішні раз насаліць каму-небудзь.
Корзун запісаў гэтыя свае меркаванні, перачытаў і ўсміхнуўся. Як усё гладка. Можна не ехаць — дастаткова пазваніць, і гатова. А раптам сігналаў не было? І тады, нават даведаўшыся, дзе пабываў журналіст, ты ўсё роўна рызыкуеш застацца з носам. Бо не вядомы ні махінатары, ні хаця б сутнасць махінацый. Не будзеш жа комплексную рэвізію арганізоўваць па прынцыпу: ідзі туды, не ведаю куды, знайдзі таго, не ведаю каго.
Некалі падпалкоўнік Шарай гаварыў Корзуну: чым болей у цябе сумненняў, тым лепей. Калі зыходзіць з гэтага, то план атрымліваецца проста выдатны: бяры і выконвай, а астатняе само прыкладзецца.
Паіранізаваўшы з сябе, Корзун падумаў, што варта пагаварыць з касірамі і білетнымі кантралёрамі на яснагорскай аўтастанцыі. Рамейкаў спадарожнік, як сцвярджаў вадзіцель аўтобуса, быў з мясцовых, мажліва, яны запомнілі яго. Неабходна не толькі знайсці гэтага спадарожніка, а і паспрабаваць высветліць, якая кошка паміж імі прабегла. Але і гэты пункт быў хліпкі, кошка магла шафёру проста паказацца.
Напісаў Корзун нямала, аднак захаплення ад сваіх прыдумак не адчуў. І маёр Юркавец, прачытаўшы план, пасядзеў хвіліну-другую, гладзячы левай пяцярнёй лоб, потым пасунуў лісткі Корзуну.
— Можна выконваць? — яго збянтэжыла, што Юркавец нічога не параіў. Гэта было не ў стылі начальніка аддзела.
— План не догма, — адказаў Юркавец, — чуў такі выраз? — і кіўнуў галавой як развітваючыся.
Корзун выйшаў у роздуме: што ўсё-такі не спадабалася начальніку аддзела?
Гэта ён зразумеў толькі ў Яснагорску.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі сказаў яму:
— Рамейка пабываў у калгасе «Зялёны Бор» і саўгасе «Ляды». Перад паездкай пытаўся, ці добрыя гаспадаркі. Што я мог адказаць? У «Зялёным Бары» раённы семінар жывёлаводаў праводзілі, свінагадоўля там, глядзі, на першае месца ў вобласці пацягне. «Ляды» — слабейшыя, новаму дырэктару бедная спадчына дасталася. Нішто, ён чалавек дзейны, адукаваны — выдужае.
Начальнік упраўлення гаварыў павольна, стараючыся паўней успомніць колішнюю размову з карэспандэнтам.
— І адну гаспадарку, і другую можна паказваць з станоўчага боку. Я так і параіў. Нам хочацца падтрымаць іх, асабліва «Ляды». Добрае слова ў газеце заўсёды акрыляе. Рамейка, аднак, нічога не адказаў на гэта і папрасіў памагчы з транспартам. Якая ў яго была задума, я не ўдакладняў — у кожнага сваё начальства. Прапанаваў быў, як звычайна, праважатага, спецыяліста. Адмовіўся, сказаў, што заданне простае, не варта адрываць людзей…
— Падобна, у яго быў сігнал пра нейкія махінацыі,— Корзун быў здзіўлены, што Рамейка не падзяліўся з ім, чаго прыехаў.
— Вось як! — начальнік упраўлення нахмурыўся. — Напэўна, пабаяўся, каб мы не апярэдзілі, не падмаскіравалі. Ёсць яшчэ, на жаль, такія журналісты. Быццам мы не адну справу робім.
Увогуле, гэта так, справа сапраўды агульная. Але Корзун ведаў і другое: правілы валодаюць прыкрай здольнасцю мець выключэнні. Інакш, напэўна, і міліцыя не была б патрэбная. У даным жа выпадку гутарка магла ісці пра гонар мундзіра. Раптам пісьмо замахвалася на славутую ў раёне гаспадарку? Такія рэчы далёка не ўсе ўспрымаюць са здавальненнем. А магло быць і другое — Рамейка не вельмі давяраў ананімцы. Гэта Корзун таксама разумеў. У яго самога ад пісьма, падпісанага: «група калгаснікаў» ці чым-небудзь падобным, міжволі ўскіпала злосць. Бо якіх толькі памыяў часцей за ўсё не выліваў такі добразычлівец пад выглядам праўды. Аднак, на жаль, здаралася, што і ананімка не была хлуснёй. Ведаў гэта Корзун, ведаў, напэўна, і Рамейка, таму і ўзяўся правяраць сігнал. І да пары да часу рашыў не паказваць яго нікому.
Гэта было падобна на таго Рамейку, вобраз якога Корзун склаў сабе з расказаў і водгукаў таварышаў,— мяккага, тактоўнага. Не хапала толькі, каб і загінуў ён менавіта праз гэтыя свае добрыя чалавечыя якасці. Корзун выцягнуў шыю, прагна хапіў паветра.
Начальнік сельгасупраўлення падазрона паглядзеў на яго.
— Прабачце, — сумеўся Корзун, — гузік рэжа. — Не скажаш жа, што табе бязглуздзіца ў галаву лезе.
— Бывае… Хочаце праехаць па журналіставых слядах?
— Трэба… Але не турбуйцеся, машыну ў райаддзеле дадуць.
— Калі што знойдзеце — скажыце, ваша паведамленне і мяне зацікавіла. Хаця, па шчырасці, не веру.
— У мяне нічога пэўнага няма, — Корзун, павагаўшыся, паясніў: — Проста не ўсе акалічнасці высветлены, а чалавек жа загінуў.
Корзун зразумеў: Рамейка адмовіўся ад праважатага. Мяккасць, тактоўнасць? А калі нешта іншае?
— У «Зялёны Бор» спачатку, — сказаў ён шафёру райаддзелаўскай машыны. Рашыў паўтарыць Рамейкаў маршрут. І раптам успомніў, што некалі раней ужо чуў гэтую назву. Ці не… — Слухай, — павярнуўся ён да шафёра, — ты тамашняга заатэхніка ведаеш?