Шрифт:
Корзун не любіў спяшацца з вывадамі. Асабліва калі гэта датычыла чалавечых якасцей ці здольнасцей. Бывае так, што нейкія акалічнасці не дазваляюць чалавеку раскрыцца поўнасцю. Аднаму можа справа трапіцца не па душы, другому нешта перашкодзіць засяродзіцца ў адказны момант, трэцяму сапсуюць настрой дома або на працы, чацвёртаму не хапае вопыту, а ўрэшце акажацца, што заданне выканана не зусім дакладна, нешта ўпушчана, зроблена не так, як трэба было б. А калі яшчэ не пашчасціць, то так можа здарыцца і раз, і два. Таму важна праявіць да такога работніка спагадлівасць, цярпенне. Бо падтрымка акрыляе, а знявага наадварот, як бы падразае крылы. Корзуну часам думалася, што і Дзюбу даюць замнога заўваг. Ен і сябе адчуваў крыху вінаватым перад ім. У свой час яму, Корзуну, тады яшчэ навічку ва ўпраўленні, даручылі закончыць справу, якую вёў Дзюба. А ён пачаў з таго, што абвергнуў Дзюбаву версію і потым знайшоў сапраўднага грабежніка. Дзюба, здаецца, пакрыўдзіўся, нават і цяпер ставіцца да яго не надта добразычліва. Корзун яго не асуджае. Разумее, што асабістае не павінна ўплываць на службовыя адносіны, на справу. У Дзюбы таксама ёсць добрыя якасці. Смелы, рашучы. Мінулым летам, калі ў мікрараёне бралі ўзброенага бандыта, не пабаяўся пад кулю сунуцца. Яму б паводзіць сябе больш самастойна, выконваючы заданні. А менавіта тут ён праяўляе нерашучасць: або чакае падказкі начальства, або бярэ тое, што ляжыць на паверхні. Адсюль і памылкі. Напэўна, і з гэтымі кватэрнымі кражамі ў нечым паспяшаўся. Хай бы Юркавец пагаварыў з ім цёпла, шчыра, пастараўся б падтрымаць яго. Можа, гэта дапамагло б.
Тое, што Дзюба сказаў на нарадзе, нібы толькі падмацавала Корзунаву думку аб ім. Старшы лейтэнант не даў ніводнай уласнай прапановы, не вылучыў ніводнай версіі.
— Застанецеся пасля нарады, — сказаў Юркавец, калі Дзюба скончыў і выказаліся таварышы.
А Корзун падумаў, што і на гэты раз Дзюба атрымае не столькі прачуханку, колькі падказку. Дзеля адной вымовы начальнік аддзела супрацоўнікаў не пакідае.
— Цяпер паслухаем старшага лейтэнанта Корзуна, — Юркавец адвярнуўся ад Дзюбы. — Што рашыў раённы пракурор?
Корзун быў упэўнены, што трагічнае здарэнне ў Лясным з крыміналістычнага боку выпадак нескладаны, і не чакаў, што аб ім прыйдзецца расказваць перад усім аддзелам. Але маёр Юркавец ніколі і нічога не рабіў проста так, і ў Корзуна ёкнула сэрца: няўжо дапусціў прамашку? Ён сцісла, толькі самыя фак-ты, расказаў, што адбылося, якія захады зрабілі мясцовыя таварышы, устанаўліваючы прычыну гібелі карэспандэнта, як з'явіўся ў пракуратуры шафёр Кучаронак.
— Якія будуць меркаванні? — спытаў Юркавец, калі Корзун скончыў.
— Колькі ад месца наезду да чыгункі? — ажывіўся лейтэнант Манега.
У аддзеле ён быў навічок, прыйшоў пасля вучобы ва універсітэце. Весялун, непаседа, ён у кожнай справе стараўся знайсці свой, непадобны на іншыя, паварот. Часцей гэта было не надта ўдала, але здаралася, што і Манега даваў слушную прапанову. Напэўна, таму Юркавец ніколі не спяшаўся адкідваць яго ідэі. І зараз ён прыхільна паглядзеў на Манегу. А Корзун раптам адчуў прыкрасць. Не вельмі прыемна, калі цябе на людзях пачынаюць нібы распранаць, быццам ты сам не пракруціў усе магчымыя варыянты не адзін раз.
— Чатыры кіламетры, — адказваць на пытанне Манегі трэба было.
— Можа чалавек у шокавым стане прайсці такую адлегласць? — не сунімаўся лейтэнант.
Перш чым адказаць, Корзун зірнуў на Юркаўца. Няўжо яны тут не згодныя з вывадам пракурора Пратасені? Але на роздум часу не было.
— Судмедэксперт не выключае такой магчымасці. Ды і са мной было, — ён разумеў, што гэта не надта пераканаўча, што ставіць сябе, мажліва, пад агонь насмешнікаў, і не мог не сказаць, бо такі выпадак сапраўды быў,— мне тады было гадоў дванаццаць. Каталіся на лыжах з абрывістай гары…
— У-у, — Дзюба ўзрадаваўся, прадчуваючы пацеху. — Панесла!
Юркавец строга паглядзеў на яго і даў Корзуну знак працягваць.
— Я ўпаў і моцна ўдарыўся галавой аб сасновы корань. Як уставаў, абтрасаўся, помню, а потым правал у памяці. Ачнуўся хвілін праз трыццаць, як пад'язджалі к дому. Таварыш, які паехаў суправаджаць мяне, расказваў, што я ўвесь час, а праехалі мы кіламетраў пяць, пытаўся адно і тое: дзе хлопцы? Праўда, я ачомаўся, а Рамейка… — ён развёў рукамі.
— Слухай, Сашка, — Дзюба аж зайшоўся смехам, — а як пасля таго?
Манега хмыкнуў.
— Не бачу нічога смешнага, — абарваў іх Юркавец. Памаўчаўшы, сказаў Корзуну: — Ты накіраваўся дадому, а ён у другі бок…
— Горад чужы…
— Так-то яно так, — Юркавец абвёў супрацоўнікаў уважлівым позіркам, спыніў яго на Корзуне: — Сам ты прымаеш пракурораву версію?
— Цяпер прымаю.
— Значыць, раней былі сумненні?
— Былі.— Верны сабе, Корзун не прамаўчаў, хаця ранейшыя сумненні зараз здаваліся яму неістотнымі.— Паміж наездам і тым часам, калі, падобна, Рамейка апынуўся на пераездзе, прайшло больш гадзіны. Мнагавата. Вядомы чалавек, які ішоў прыкладна ў гэты час ад пераезда ў гарадок, але ён нікога не сустрэў.
— Жыццё мацней за нашы гіпотэзы, — уставіў Дзюба.
— Так, — пагадзіўся Корзун. Ён ужо супакоіўся і на закіды Дзюбы не звяртаў увагі.— Напэўна, толькі геніяльны сышчык умее загадзя ўсё расставіць па паліцах.
— Але і нам трэба развіваць інтуіцыю, — Манега закруціўся на крэсле.
Корзун уздыхнуў. Ён і сам не любіў у сабе гэтай уедлівасці, якая часам была падобна на прыдзірлівасць. Але нічога зрабіць з сабой не мог. Увесь час думалася, што менавіта гэта, не вартая на першы погляд, дэталь раптам возьме і вырасце ў доказ.