Шрифт:
— Хутчэй за ўсё, — Корзун загаварыў запінаючыся, Дзюба ўсё-такі сапсаваў яму настрой. — Хутчэй за ўсе гэта не мае дачынення. Я ведаю, карэспандэнты, як і мы, маюць камандзіровачныя пасведчанні, прыкладаюць да справаздачы праязныя білеты. Чаму ў Рамейкі іх не было?
— Загнуў, браток, загнуў,— засмяяўся Дзюба. — Хіба толькі ў шафёра самаабгавор.
— З шафёрам усё правільна, — Корзун не шкадаваў сябе, разважаў.— Але ні білетаў, ні камандзіровачнага ліста няма.
— На спадарожнай прыехаў,— Манега таксама не прыняў сумненні ўсур'ёз, — не паспеў выправіць дакументы, тэрмінова трэба было. А камандзіроўку і пазней прыслаць можна, каб адзначылі.
— Вось бачыш? — падтрымаў лейтэнанта Дзюба. — Так што бяры, Корзун, тое, што ў руках, не ганіся за жураўлём у небе: ён высока, і невядома, ці будзе яшчэ тваім.
— Хто знае, — Корзун не спрачаўся.
— Будзем закругляцца, — Юркавец зірнуў на гадзіннік і неспадзявана для ўсіх дадаў: — Ты, Алесь, супакой душу, правер, так было ці не. З пракуратурай дамоўлюся.
VII
Пра камандзіроўку прасцей за ўсё было даведацца ў мясцовай рэдакцыі. Корзун пазваніў туды. Яму растлумачылі, што ўласныя карэспандэнты, якія жывуць у абласцях, маюць так званыя пуцявыя лісты, у якіх адзначаюць свае маршруты і да якіх, даючы справаздачу ў бухгалтэрыю, прыкладаюць транспартныя білеты, квітанцыі з гасцініцы і да таго падобнае. Як растлумачылі Корзуну, карэспандэнты іншым разам, каб пазней не траціць часу, загадзя настаўляюць у розных раёнах пячатак на свае пуцявыя лісты. Не заўсёды карэспандэнт, выязджаючы, паведамляе рэдакцыі, куды і чаго едзе. Значыцца, і Рамейка мог так зрабіць, а тады галоўны повад для Корзунавых сумненняў выглядаў непераканаўчым. Праўда, заставаліся яшчэ білеты. Аднак калі чалавек не браў камандзіроўку, то яму не быў патрэбны і білет, праехаў і проста выкінуў або прыехаў на спадарожнай, як казаў Манега, машыне. А ён, Корзун, шукае нешта. Вечна ён чапляе сабе хамут на шыю.
Лаючы сябе, Корзун, аднак, не паддаўся спакусе, не пайшоў да Юркаўца, каб паведаміць, што расказалі хлопцы з абласной газеты. Бо не пабываў яшчэ на аўтавакзале, не пагутарыў з шафёрамі аўтобусаў. У працы Корзун не прызнаваў паспешлівасці, тут Дзюба не выдумляў. Памылка, якую ён некалі дапусціў на хлебнай базе, стала яму добрым урокам.
Вадзіцель ранішняга аўтобуса, які хадзіў з абласнога цэнтра ў Мінск і на якім, калі верыць дзяжурнай гасцініцы, Рамейка хутчэй за ўсё прыехаў у Лясное, паглядзеўшы фатаграфію, адразу пазнаў свайго нядаўняга пасажыра.
— У Яснагорску сеў,— упэўнена заявіў ён.
— Вы не памыляецеся? — Корзун меркаваў, што журналіст прыехаў у Лясное з дому.
— У мяне вока напрактыкаванае, — стаяў на сваім вадзіцель. — Машыну вёў напарнік, а я на кантролі сядзеў. Ведаеце, рэйс у нас дальні, пасажыры звычайна да канца едуць, а тут двое зайшлі да Ляснога. Адзін з іх вось гэты, — ён яшчэ раз тыцнуў пальцам у фотакартку.
— Яны што, знаёмыя паміж сабой, гэтыя двое, што ўвайшлі ў Яснагорску? — спытаў Корзун, прадчуваючы, што прыйдзецца шукаць яшчэ і гэтага Рамейкавага спадарожніка.
— Здаецца, знаёмыя, хаця… Думаю, не паладзілі чагосьці.
— Ого! — здзівіўся Корзун: не шафёр, а псіхолаг.
— Той, другі, мне здалося, узрадаваўся, калі я іх паасобку пасадзіў — свабодных месцаў побач не было.
— Вы запомнілі другога?
— Чаму, прызнаў бы, — і дадаў: — Не люблю рахітыкаў!
Корзун засмяяўся — вельмі ўжо мудрагелістай была характарыстыка. Паспрабаваў удакладніць:
— Вялікі жывот мае? З твару бледны?
— Гэта яшчэ чаму? — не зразумеў вадзіцель. — Вам бы яго здароўе, — ён крытычна агледзеў Корзуна. — Румяны, як штрыфель пад восень.
— Дык чаму рахітык?
— Уласныя «Жыгулі» мае, летам часта тут ездзіць, пад коламі блытаецца. Я прыватніка як агню баюся.
— І нумар помніце?
— Я ж не інспектар, — усміхнуўся вадзіцель. — Мне яго нумар да лямпачкі.
Не вельмі многа, але сёе-тое размова з шафёрам Корзуну дала. Ведаючы колер і марку машыны, начальнік Яснагорскай ДАІ, напэўна, назаве і прозвішча яе ўладальніка, і адрас. Корзун спачатку і хацеў быў пазваніць у Яснагорск. А потым перадумаў. З тым чалавекам усё роўна неабходна сустрэцца, так што не пашкодзіць і самому пабываць у тым горадзе, дзе Рамейка знаходзіўся цэлыя суткі, перш чым адправіцца ў Лясное, і дзе, калі паверыць вадзіцелю аўтобуса, нешта не паладзіў з уладальнікам шакаладных «Жыгулёў».
Корзун не меў пуцявога ліста, як уласныя карэспандэнты, і таму не мог, не ўзгадніўшы гэта з начальствам, адразу сесці ў аўтобус і паехаць у суседні раён. Пакуль дамаўляўся з Юркаўцом, выпраўляў дакументы, званіў у Рамейкаву рэдакцыю, дзень скончыўся.
Вечар, што здаралася не часта, аказаўся свабодны. На добры лад трэба было пайсці дахаты і адаспацца. Але ў драмтэатры сёння ставілі «Паўлінку» — любімы Корзунаў спектакль. Як вучыўся ў Мінску, напэўна, глядзеў яго па два ці тры разы за сезон. Зацятыя тэатралы расказвалі яму пра былых выканаўцаў галоўных роляў. Корзун іх не заспеў і вельмі шкадаваў, што кіно не ўвекавечыла «Паўлінку» на роднай мове. У знятым жа фільме, дзе акцёры размаўляюць па-руску, згубілася самае галоўнае — нацыянальны каларыт.
Мажліва, і ён, Корзун, не быў бы ў захапленні ад «Паўлінкі» сучаснай, каб бачыў яе тую, ранейшую, са славутымі, амаль легендарнымі выканаўцамі. Бо, напэўна, кожны чалавек моцна трымае ў сваім сэрцы першае захапленне, не можа расстацца з ім. Аднак Корзун палюбіў «Паўлінку» цяперашнюю. І хаця ў гэтым абласным цэнтры былі іншыя выканаўцы, у нечым слабейшыя за сталічных, а ў нечым, напэўна, мацнейшыя, са сваім творчым почыркам, спектакль ён глядзеў са здавальненнем, штораз адкрываючы сабе нейкія новыя рысы і ў бессмяротных купалаўскіх вобразах, і ў акцёрскім майстэрстве.