Лоўгач Віктар
Шрифт:
Не рэагаваў
Так ужо надарылася, што напярэдадні Восьмага сакавіка нас запрасілі ў Мінск на нараду. Ехалі ў большасці з адной думкаю: «Што б там ні было, а жонкам сваім самых-самых смачных цукерак дастанем. Пры гэтым, у самых-самых прыгожых каробках. А пашчасціць — заадно і кветак жывых».
Як і дамовіліся напярэдадні, толькі закончылася нарада — і мы сіганулі ў сталічныя магазіны.
— Эх, браткі,— гаварыў Яўхім Брызентавіч,— і ўзрадую ж гэта я сваю Клеапатру Філімонаўну, куплю ей батончыкаў з лікёрнай начынкай.
— А мая,— прызнаўся Міхаіл Тузік,— мармелад у шакаладзе любіць.
— А мая, а мая, а мая...
I кожны з нас называў любімыя цукеркі сваёй жонкі. Зацята маўчаў толькі адзін Іван Верас.
Яго жонка працавала дырэктарам цукеркавай фабрыкі «Сто заморскіх навінак».
Рэцэнзiя
Вельмі прыемна, што вы — чалавек, якому пазаўчора стукнула ажио восемдзесят гадоў, пішаце вершы. Ведаеце, у такім узросце іншы ляжыць на печы і грэе плечы. Яшчэ нат цёплым кажухом накрываецца. А калі што не так, вэрхал узнімае, нявестку даймае, што чай халодны. Бачыце, падавай яму гарачы. Стары чалавек, а капрызнічае. Не гожа гэта. Так і хочацца пры ўсім сумленным людзе пасароміць. Але прашу прабачэння, крыху адхіліўся. Завалілі гэтыя селькоры газету пісьмамі, а ты сядзі і разбірайся з імі. Мо думаюць, у мяне іншай работы няма. Добранькі і вы. Восемдзесят гадоў, а ў рыфмы словы гоніце:
«Вып'ем, сябры, у свята па шклянцы Ды яшчэ нальём...»I не сорамна вам. Хочаце пісаць вершы, пішыце! Калі ласка! Гэта ніхто не забараняе. Ды і наша газета тады-сяды адводзіць ім месца на сваіх старонках. Але пра што пісаць? у старэчым узросце толькі пра кефір ды ўнукаў.
Чуў я, што гэты малочны прадукт маладзіць чалавека. Няма кефіру — апявайце звычайную маслянку. Чэснае слова, ніхто за гэта вам заўвагу не зробіць.
А ў вас? Усё наадварот. Стары чалавек, у якога ўжо і праўнукі, пра выпіўку ў газету допісы шле. I глядзі ты, мала з яго адной шклянкі, другую просіць. Я вунь на колькі маладзей і то без закусі гэтулькі не вып'ю. 3 ног зваліць.
Па праўдзе, я мог бы і згадзіцца з першым радком. Ці грэх, ці смех — няхай бы і чарку выпіў стары чалавек: колькі там таго жыцця засталося. Тады абавязкова ў другім радку патрэбна было б штосьці сказаць пра сёлетнія гуркі і пеўня смажанага. Я толькі што адведаў яго. Закусь — тая яшчэ!
Можна ў рыфму загнаць і юшку рыбную. Надоечы гэта я сам цэлую міску высербаў.
Не, верш у такім варыянце не пойдзе. 3 павагаю рэдактар перасоўнай насценнай газеты
Рыгор АПЕЧКА.
Кот-здрадник
У нашым доме толькі і было размоў пра наш улоў. Хвядос Гэблік нават усёй пяцярнёй крыж клаў на лоб і аўтарытэтна гаварыў:
— Каб з месца мне не крануцца: шчупак з паўметра ўзяўся. Ох і намучыўся з ім Алесь!
— I няўжо гэта на вуду?
— А што тут дзіўнага? Раней бывала...
I цікаўныя ўжо спяшаліся да дзядзькі Нупрэя. Ён таксама ў нашым доме жыве і рыбачыць. Для іх Нупрэй — аўтарытэт. Пагладзіўшы сваю рыжую бараду, ён кажа:
— Шчупака я таго не мераў, але калі зайшла гамонка, скажу адно: больш за два кілаграмы быў.
— Алеська, і не сорамна табе такую рыбіну самому з'есці. Хай бы нас запрасіў на яе. Твая закуска — наша...
I тут здарылася непапраўнае. 3 пад'езда выскачыў наш кот Васька, а за ім з крыкам ляцеў мой сын Сашка.
— Татачка, лаві ката, рыбу тваю праглынуў! Суседзі паглядзелі на ката, які ў зубах трымаў хвост сіляўкі.
З'еў кот нашу славу...
Як дзядзька Лазiк быў грыбнiком
Свой працоўны дзень ва ўстанове Сцяпан Якаўлевіч Лазік звычайна пачынаў з расказаў пра грыбы.
— I сёння вядзерца прынёс. Як на падбор, чорненькія, кругленькія, адзін у адзін.
— Шанцуе ж, дзядзька, вам,— зайздросціў эканаміст Фёдар Яцко.— Пэўна, не адну шклянку марынаваных грыбоў закаталі.
— Ёсць.
— Хоць бы разок паклікалі мяне з сабою,— умаляў эканаміст.
— Не, дружа,— казаў Лазік.— Баравічкі збіраць — не пяром павадзіць. Тут спрыт патрэбны ды і з пеўнямі ўставаць...
— Устану, толькі вазьміце.
— Размовы адны,— узяўшы за плячо таварыша, кпіў Сцяпан Якаўлевіч.— Не дабудзішся.
...На гэты раз у нядзелю раніцою сабраўся ў грыбы і Фёдар Яцко. А восьмай гадзіне ў лес прыйшоў. 3 кошык набраў. I рыжыкаў, і зялёнак, і беленькіх некалькі падняў. Так што настрой быў цудоўны. I рашыў эканаміст па дарозе збочыць да Сцяпана Якаўлевіча. Надта ж карцела пахваліцца і заадно паглядзець, колькі набраў бухгалтар.