Кожны сатырык смяецца ўсур'ёз і мае свой непаўторны голас.
Мяркуем, што і гумарэскі Віктара Лоўгача зацікавяць нашых чытачоў.
Ён нарадзіўся 15 жніўня 1936 года на Жыткаўшчыне. Яшчз калі вучыўся ў школе, стаў прыхільнікам сатыры і гумару. Спачатку чытаў творы такіх знакамітых сатырыкаў, як Яраслаў Гашак, Карал Чапек, Кандрат Крапіва, а потым рука неяк знянацку сама пацягнулася да алоўка.
3 таго часу — і пайшло, і паехала. Стаў Віктар Лоўгач актыўна пісаць гумарэскі і дасылаць іх у рэдакцыі. Яму пашэнціла: давалі ім месца на старонках газет «Звязда», «Настаўніцкая газета», «Гомельская праўда», адводзілі ім і кавалачак эфіру на рэспубліканскім радыё. Спадабаліся ягоныя гумарэскі і апавяданні гэтаксама і чытачам «Вожыка».
Праўда, друкуючы свае гумарэсачкі, аўтар, здаралася, хаваўся пад псеўданімам. Але, нягледзячы на тэта, чытачы ўсё роўна з задавальненнем чыталі ягоныя гумарэскі.
У гэтую вожыкаўскую кніжачку трапілі лепшыя творы Віктара Аляксандравіча. 3 усмешкаю рыхтаваў іх да друку рэдактар, з усмешкаю рабілі сваю работу машыністкі, карэктары, лінатыпісты, наборшчыкі, і нават прыбіральшчыца цётка Нюра ціха-ціха пасміхвалася, крадком чытаючы ягоныя творы ў друкарні па начах.
Ужо трыццаць гадоў мінула з тае пары, як на старонках рэспубліканскага друку дапамагае ўсміхацца чытачам В. Лоўгач. I ўсё гэта, заўважце, працуючы то загадчыкам аддзела, то адказным сакратаром, то намеснікам рэдактара, а то i рэдактарам газеты. За гэты час стаў членам Саюза журналістаў СССР. То і добра, бо які ж гэта сучасны журналіст, калі ён і пажартаваць ніколі не можа?
Я параіў бы ўсім прыхільнікам сатыры i гумару зрабіць невялічкі такі куточак у сваіх хатніх бібліятэках асабіста для вожыкаўскіх зборнікаў і, канечне ж, для гумарыстычных твораў Віктара Лоўгача.
Шчыра кажу: не пашкадуеце!
У. Цвяткоў.Прэмiя
— А цяпер, шаноўныя мае, трэба назваць прозвішча чалавека, якому па выніках квартала выдадзім першую грашовую прэмію і пуцёўку ў Сочы,— звярнуўся да падначаленых дырэктар фабрыкі Каўнеркін.— Зробім гэта па справядлівасці, калектыўна.
— Качкіна,— пачулася з месца.— Не п'е, не курыць. Лепшы наладчык швейных машын.
— Яно то так, але ж у святле перабудовы не тая кандыдатура. Праз год на пенсію, а мы прэмію,— дырэктар развёў рукамі.— Моладзь абыходзім. А яна — будучыня наша.
— Тады мадэльера Ніну Галубкіну. Спецыяліст што трэба.
— Рана, дарагія мае. Рана. Нядаўна ж у нас працуе. Яшчэ зазнаецца.
— А мо закройшчыцу Яўгаліну Кудзелькіну? Заўжды ў перадавіках, дысцыплінаваная. I план квартальны на тры дні раней тэрміну выканала.
— А муж у яе? У газетцы нас крытыкаваў! Без яе падказкі не абышлося. А мы — прэмію...
— Ёсць такі чалавек! Эльвіра Пятроўна!
— Калі ўсе за, то і я не супраць,— сказаў дырэктар.
I Эльвіры Пятроўне Каўнеркінай, машыністцы аддзела кадраў, выдалі грашовую прэмію і пуцёўку ў Сочы. Няхай папраўляе здароўечка. 3 чым шчыра і павіншаваў яе дырэктар.
Чаго толькі не зробіш дзеля любімай жонкі!
Семiнар
У нашай канторы «Прас, барана і гэблік» — вэрхал. Раніцою пазванілі, што на базе «Праса, бараны і гэбліка» намечана правесці абласны семінар рацыяналізатараў. Трэба падрыхтавацца, трэба выступіць і з веданнем справы расказаць, што і як мы ўкараняем.
Дырэктар паклікаў мяне.
— Пятро Пятровіч! — кажа ён.— Ты ў нас першы рацыяналізатар. Табе і карты ў рукі. Як i належыць у перабудову — табе поўная самастойнасць. Прымай гасцей і выкладвай усё як мае быць...
Для мяне тэта прызнанне заслуг на ніве рацыяналізацыі. Я аўтаматызаваў прас: націскай на кнопку, і ён гарцуе сам па кашулі.
Удасканаліў і гэблік, прыладзіўшы маторчык ад бензапілы.
Ажно на шэсць зубоў прыбавіў у баране.
I вось госці з усёй вобласці ў нас у канторы. У зале адпачынку і творчасці расселіся ў крэслах — і ўся ўвага. А я пра свае вынаходніцтвы ім і расказваю, на эканамічныя выкладкі націскаю. I чую, чую, як шэпчуцца госці:
— Ну й галава ў чалавека! На руках такога насіць, у прэзідыумы садзіць...
А ў перапынку кожны сціпла паціскаў мне руку. Затым была прапанова калектыўна са мной сфатаграфавацца.
Не было толькі ў прэзідыуме мяне. Ды і ў зале не знайшлося месца — давялося стаяць.
Я болей тут быў нікому не патрэбны. Усе чакалі вячэры, а там ужо кіраваў дырэктар...
Узрадаваў
Фабрыку па вырабу цёплых жаночых хустак ліхаманіла. 3 гандлёвых сетак адзін за адным паступалі жахлівыя сігналы:
— Не хусткі, а коўдры сярмяжныя. Іх палохаюцца жанчыны.
Прыйшло пісьмо і ад бабкі Даркі. «Галубкі мае,— пісала яна вялікімі каравымі літарамі.— Вашы хусткі можна павязаць толькі на маставыя сваі. I то не кожная вытрымае такі цяжар».
— Як быць? Што рабіць? — чулася ў кабінетах.— Хоць бы адзін прыемны сігнал...
I тут яшчэ наведвальнік з сяла. Заявіўся якраз напярэдадні Новага года. I адразу на планёрку да дырэктара фабрыкі:
— Дзякуй, родныя, дзякуй, даражэнькія! Так выручылі, так выручылі!
— За што, чым?
— Ды хусткамі сваімі. Найлепшы матэрыял для ўцяплення дахаў,— і дзядзька паклаў свой пакунак на стол дырэктара фабрыкі:— Гэта вам гасцінцы ад калгаснага прараба Яськова: ягады-чарніцы, сушаныя грыбы.
У дырэктара фабрыкі на твары застыла няпрошаная слязіна:
— Узрадаваў ты нас, чалавеча! Першыя словы ўдзячнасці.