Лоўгач Віктар
Шрифт:
А час ідзе. За размовай выпіваем па бутэльцы піва. Потым нехта пытае: «Мо па рублю скінемся?»
— А чапялу на закусь не хочаце? — То Пятрова Параска голас падала.
— Эдзік, і ты тут? — крычыць Эдзікава Ганна.
— Ну, браткі, гайда па кватэрах. Чую, галубцы прыгарэлі,— гаворыць Уладзік.
Альтанка пусцее...
«Быў я, братки, рыбаком...»
Раней кожны выхадны дзень быў для мяне радасцю. Яшчэ на досвітку я ішоў з вудамі на рэчку. Дадому нёс акунёў і шчупакоў, чырвоных карасёў і нават судакоў. Жонка сустракала мяне ля аўтобуснага прыпынку, усміхалася:
— Антоська, дай я цябе пацалую.
«Душа ў душу, відаць, жывуць »,— гаварылі пра нас.
У суботу выйшаў свежы нумар раённай газеты. Жыць буду — не забуду Андрэя Скорага. Ой, і нарабіў ён!...
Прыйшоў я дадому і прашу жонку, каб абед падавала.
Ірына так паглядзела на мяне, нібыта вілы ў бок усадзіла. Бачу, вэрхал будзе, а з-за чаго — не ведаю.
— Думала, ты сумленны чалавек, а табе, аказваецца, Мар'я трэба,— накінулася на мяне.
— Якая Мар'я?
— Чытай, тут напісана,— і шпурнула мне газету.
Бяру газету, чытаю: «Асабліва Антосю Сіняўку пашанцавала ў гэту нядзелю. Са сваей нанарніцай Марынай Горскай ён злавіў больш як дваццаць акунёў і восем карасёў».
— I даўно ты гэту кралю аблюбаваў? — наступала жонка.
— Памылка тут, Ірынка,— толькі і змог адказаць.
— Бач ты яго, выкручваецца. Каб суседка сказала, яшчэ б не паверыла, а то ж у газеце напісана...
Быў я, браткі, рыбаком...
Абаронца прыроды
У лесе добра: свежае паветра, лагодны ветрык. I стому як рукою знімае.
— Давайце зазірнём на балацянку. Маладую крыжанку прыхопім,— прапануе Яўген Скрыпка.
I вось мы на балацянцы. Вады — з добрае карыта. А ў «карыце» плаваюць дзве крыжанкі. Убачыўшы нас, ля купіны прытаіліся. Маўляў, няма нас тут. Яўген шэпча:
— Падай, Сцяпан, кій!
Але да нас кідаецца чыгуначнік Міхась Верад:
— Не дам качку забіваць! Не дам!
Мы з павагай паглядзелі на яго — во які абаронца прыроды! Пятро Казловіч ажно праслязіўся:
— А мы з ног збіліся, шукаючы дбайнага егера ў заказнік...
Калі вярнуліся дамоў, памочнік ляснічага адразу пазваніў свайму начальніку, што нарэшце знайшоў патрэбнага чалавека.
А Міхась Верад у гэты час скардзіўся жонцы:
— Такую качку, Пелагея, правароніў! Каб адзін быў... А то ж яны на ўсіх хацелі. Во і не даў забіць.
Гара з плячэй
Некалькі дзён запар абмяркоўвалі на праўленні калгаса пытанне аб рамонце дзвярэй і грубкі ў брыгадным клубе, і гэтаму абмеркаванню не было відаць канца.
— Браточкі! — гарачыўся брыгадзір Маламеркін.— Там жа сядзець немагчыма. Асабліва ў марозны дзень. Як, таварышы, дабіцца, каб зачыняліся дзверы? Вось пытанне. А грубка! Дым з усіх шчылін...
— Яна ж — што рэшата! — рашуча падтрымаў яго заатэхнік Хвастоў.— Чаго добрага, яшчэ і клуб спалім. Трэба неадкладна замазаць. Але дзе гліну ўзяць — во праблема. Усё ж пад снегам...
— Ды што гліна! — ускочыў са свайго месца загадчык клуба Балалайкін.— Гліны можна і пад падлогай накапаць, а вось дзе печніка знайсці?
— Як сабе хочаце,— з развагай загаварыў старшыня прафкома Пасядзелкін.— Але я не дапушчу, каб мерзлі члены прафсаюза. Яны рэгулярна плацяць прафсаюзныя ўзносы і маюць права на прыстойныя ўмовы ў культурных установах. Так сказаць, чалавечы фактар. Я да вобласці дайду, а не дапушчу...
Нарэшце пасля працяглых дэбатаў усе члены праўлення прыйшлі да думкі, што па набалеламу пытанню неабходна падрыхтаваць разгорнутую пастанову, у якой прадугледзець падрабязныя мерапрыемствы як па падрыхтоўцы да рамонту, так і па правядзенню самога рамонту. Адносна печніка было вырашана звярнуцца па дапамогу ў раён.