Лоўгач Віктар
Шрифт:
Зрух па фазе
Пятро Купрэйчык якія толькі не рабіў дыпламатычныя захады, каб як улагодзіць жонку, але ўсё роўна яна не вельмі ласкавай была. Толькі і чулася:
— Мядзведзь, схадзі па бульбу ў склеп.
— Таптун, прыгані карову з выгану.
— Ёлупень, ці табе меркаваць аб жыцці на Марсе?..
I каб гэта толькі адзін на адзін. А то ж і пры людзях.
I калі болей трываць не стала сіл, паскардзіўся ён даўняму сябруку Адаму Верасу.
— Не, мая ў мяне анёл. Толькі гляну — і ўсё разумее. Я мужчына з характерам. Зойдзем да мяне і пачуеш, як мужа называюць,— прапанаваў Верас.
Павітаўшыся з жонкай сябра, Пятро Купрэйчык і сказаў пра мэту свайго прыходу Акуліне. Маўляў, хачу пачуць тыя ласкавыя словы, пра якія гаварыў Адам.
— Гм,— зарагатала жонка Вераса.— Знайшоў каго слухаць. У яго ж зрух па фазе,— і тыцнула пальцам у скроню.
Самы паважаны чалавек
Эмілія Карасік жыла ў чаканні свайго юбілею. Праз лічаныя дні споўніцца сорак. Жанчына расцвіла. То чаму тут і не радавацца? Праўда, засмучала адчуванне, саслужыўцы забудуць павіншаваць і ўручыць букет. Летась проста так павіншавалі, без кветак. А які дзень нараджэння без іх?
I напярэдадні дня нараджэння Эмілія Карасік купляе ружы ў самага знакамітага кветкавода раёна. Глянеш на іх — позірку не адвесці... Прыходзіць у кантору і ставіць на стол ружы ў прыгожай вазе.
— Цуд ды годзе, Эмілія Эдуардаўна!
Зазірнула і сакратармашыністка Эмачка:
— О, божа, якое людзям шчасце!
Яшчэ заходзілі, яшчэ чулася:
— Такія кветкі, такія кветкі!
— Чаму ж тут не пець!
I многія цяжка ўздыхалі...
Вiнаваты певень
Так ужо павялося, што пасля выхадных Адам Баравік прыходзіў на работу ўвесь размаляваны. Здаецца, яго «шліфавалі» дзёрткай. I чуйныя саслужыўцы спагадліва пыталі: «Дзе гэта так цябе, браток?»
— I смешна казаць: певень. Задзёр бы яго каршун. Шэршнем у вочы кідаецца,
Пакуль войкалі ды ахалі, пакуль давалі парады, Адам Баравік пасля чарговага выхаднога з'яўляўся з новымi сінякамі. I раптам певень-забіяка трапіў зуху-вадзіцелю Мікіце пад колы. Усім калектывам віншавалі Баравіка. Маўляў, скончыліся твае пакуты.
I вось зноў з'яўляецца Адам на работу. Левае вуха нагадвае адбіўную. А пад вокам з добры кавун гуз.
— Калі не шанцуе, то не шанцуе,— расказваў.— 3 лесвіцы ўпаў. Чэрві б яе стачылі.
I раптам унук Баравіка, пяцігадовы Воўка, забягае:
— Дзед, га, дзед, ідзі дамоў. Бабуля болей не будзе біць. Я качаргу схаваў.
Гacцiнцы для мацi
Смактуха стаяў у гастраноме і шкроб патыліцу. Гэта ж едзе да маці ў госці, трэба якіхсьці гасцінцаў купіць. Што ж ёй выбраць? Мо пернікаў у той прыгожай каробцы? Але ж іх можна і дома спячы. А калі цукерак узяць? Самых, самых дарагіх. Батончыкаў з каньячнай начынкай. Не, не адчуе ў іх маці смаку. Акрамя карамелек-падушачак, мусіць, за ўсё жыццё і не смакавала іншых. Можа, узяць балыку? Хаця якая там патрэба? Сала ж ёсць. То няхай есць на здароўечка з бульбаю. Можна было б бублікаў прыхапіць. Вунь якія румяныя сушкі! Але ж ці ў такія гады іх жаваць? Няхай лепш паберажэ зубы.
I ён, расправіўшы плечы, з палёгкай накіраваўся да выхаду.
Мая жонка
Сядзім мы ў альтанцы і хвалімся.
— Што ні кажыце, а мая Параска — залатая жонка, — пачынае Пятро.— На што я па характару гарачы, а яна нават і слова наперакор не скажа. Другой такой — на белым свеце не адшукаеш...
— Не, за маю Ганну,— пачынае Эдзік, самы малодшы з нас,— няма лепшай. Такая клапатлівая, далікатная...
— А ўсё ж мая Лёля,— перабівае Мікола,— яшчэ лепшая. I пра дзяцей клапоціцца, і ў хаце прыбярэ... Ніколі ад яе благога слова не пачуеш...
— У мяне не жонка, а золата,— пачаў Кастусь.— Вып'ю — змаўчыць, позна прыйду — даруе.