Шрифт:
28 сакавіка. Вады не было з сямі гадзін раніцы, у дзесяць пацурчала адна халодная, а ў дзесяць трыццаць пайшла і ледзь цёплая.
29 сакавіка. З дваццаці адной гадзіны не было ніякай вады. У дваццаць дзве дзесяць пайшла халодная.
30 сакавіка. У чатырнаццаць гадзін дваццаць мінут гарачая вада некуды прапала. Пасля ёй абрыдла гуляць у хованкі, і ў пятнаццаць пяцьдзесят пацякла, толькі, каб знікнуць у дваццаць гадзін і з'явіцца ў дваццаць дзве….
3 красавіка. Гуллівы настрой не пакідае нашу сістэму. Да 15.30 вада госціць недзе ў іншых месцах. Пяць мінут работы — і "перакур".
16.35–16.45 — ёсць струменьчык. Гэта ж падсачыць трэба. Жыхары сядзяць, як паляўнічыя ў засадзе. З такім самым поспехам. Колькі сапсаваных нерваў… 17.10–17.15 — зноў няма. Нарэшце, вада выходзіць на прагнага "лаўца" толькі ў 23 гадзіны.
5 красавіка. У 15.30 пайшла, каб знікнуць да 18.30.
12 красавіка. Да 17 гадзін гарачай вады не было. Так што гарачай вады ў гэты дзень мінчане скарысталі крыху менш. Прынамсі, у нашым доме.
15 мая. Да 13.50 — суха нібы ў Сахары. У 13.50 выбухамі б'е гразь. Ну, а каб, скажам, чалавек у такі дзень вярнуўся з водпуску? У кватэры нават запасу мінералкі няма. І стала чалавеку, скажам, кепска, а запаслівыя суседзі ў гэты час на рабоце…
Дык вось: "Калі раптам у вашай кватэры перастала цячы вада, не спяшайцеся біць трывогу. Аб гэтым ужо ведаюць тыя…" і г.д.
А сур'ёзна кажучы, да якіх, таварышы, часоў?! Хто там з матэматычным складам мыслення, падлічыце, колькі гадзін за гэтыя амаль два месяцы мы мелі ваду? А за гады? Дык можа плаціць трэба меней? Або наладзіць урэшце водазабеспячэнне?
Ці не досыць? Чэхаў сказаў, што калі зайца біць, ён навучыцца запальваць запалкі. А калі водную гаспадарку?.. Што тады будзе з вадой?
Коласаўцы
Назвы такой да 1944 года не было. І ўсё адно для мяне яны — коласаўцы. Так з вялікай пяшчотай называюць гэтую трупу на маёй роднай Віцебшчыне, і не толькі на ёй.
Колькі я жыву, столькі памятаю гэты тэатр і спадзяюся дажыць вызначаны мне век разам з ім, радуючыся, што ён жыве, нястомна расце, працвітае і, як заўсёды, заваёўвае сэрцы людзей.
Першыя спектаклі БДТ-2 мне давялося бачыць яшчэ да вайны. Тады мы — і я, і тэатр — былі зусім дзеці. Мне год сем. Ён гады на чатыры старэйшы. Бачыць і ў Віцебску, які пасля правінцыяльнай тады Оршы здаваўся вялізным, як Парыж, і ў самой Оршы, у даваенным драўляным тэатры, што так утульна размяшчаўся сярод дрэў парка над рэчкай Аршыцай.
Ясна, што тыя спектаклі моцна падзабыліся, але адчуванне свята ад святла, яркасці фарбаў, музычнасці, нават паху сцэны — яны не забудуцца. І менавіта з гэтай прычыны я не верыў і не буду верыць у хадзячую тэорыю смерці тэатра, забітага кіно і тэлебачаннем. Не будзе такога, пакуль існуюць дзеці, якія прагна глядзяць на заслону і чакаюць дзіва, якое адкрыецца іхнім вачам, а пасля застаюцца сябрамі гэтага дзіва, гэтага свята — на ўсё жыццё.
Не будзе для мяне асабіста і для тысяч і тысяч іншых, бо на свеце былі і ёсць — коласаўцы.
…Памятаю іх выязныя спектаклі пасля вайны ў выпаленай, ушчэнт спапялёнай Оршы. Калі нават завея не магла выць у руінах, бо і руін не было (немцы разабралі іх на ўмацаванні). Тэатр выступаў тады ў сяк-так адноўленым будынку старога касцёла. І ў нас, падлеткаў, ясна ж, не было грошай, каб паглядзець усе спектаклі. А нам так хацелася гэтай вялізнай штодзённай радасці! Мы проста не маглі без яе жыць. Як без хлеба.
Грэшным чынам, гэта я абследаваў тады хады ў мурах касцёла і дазнаўся, што імі можна прабрацца і на галёрку (былыя хоры), і пад сцэну, і, у горшым выпадку, на гару, адкуль відаць было толькі патыліцы акцёраў.
І мы (хай даруе нам адміністрацыя) кожны раз пранікалі туды і глядзелі, і смяяліся, і абліваліся слязьмі.
Ці мог я тады думаць, што "Званы Віцебска", першая з маіх п'ес, якая ўбачыць святло рампы, убачыць яго менавіта тут, на падмостках тэатра віцебскага, што ёю адкрыецца свята 1000-годдзя горада, што любімыя мае акцёры будуць гаварыць мае словы, што ў гэтым тэатры я ўрэшце не толькі глядач? А здарылася так. Такое шчасце здарылася. І падзеі трохсотгадовай даўнасці, апісаныя мной, ажылі ў знаёмых мне так даўно мурах, у абліччах так даўно мною любімых.
Мне лёгка і радасна працавалася з імі. І з рэжысёрам, і з мастаком, і з кампазітарам, і з усімі акцёрамі да адзінага. Гэта, згадзіцеся, шчасце. І калі вам будзе так жа добра з усімі намі, з гэтай п'есай, з гэтым цудоўным тэатрам — мы будзем лічыць, што зрабілі ўсё, што маглі.
Гэты тэатр для мяне, як каханне, на якое адказалі ўзаемнасцю. Я дзякую яму.
Мова (што я думаю пра цябе)
Перагарнуў апошнія старонкі кнігі "Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?". Кнігі, бо гэты рукапіс — гэта ўжо нешта такое, што адбылося, здзейснілася. Назнарок не кажу нічога пра дзве-тры папраўкі, якія зрабіў бы ў рукапісу я. Таму што, магчыма, іх зрабіў бы толькі я, і яны аніяк не могуць прэтэндаваць на "ўсеагульнасць".