Шрифт:
Словам, заклікае да сур'ёзнага падыходу да справы, а сам несур'ёзны, чужых вяршкоў нахапаўся, нічога не ведае пра культуру народа, да якога належыць па пашпарце і сярод якога жыве.
А, як вынік гэтага неразумны і, як кожны такі, небяспечны.
Бо працуе на карысць ворагаў нашага мыслення. Ім дае козыры ў рукі, а братам і таварышам робіць мядзведжую паслугу.
И как отдыхает душа, когда после этого "белоруса" слушаешь русского, учителя (с.155), которому хочется, "потеряв на минутку тайну своей души, вселенскую тайну", ответить на его языке (как ответил бы и на любом другом). Ибо он мне больше брат, чем вышеуказанный "белорус". Я бы сказал: "прожжённый белорус".
I якiя розныя людзi (с.157)! Якiя непадобныя! З памылкамi i з азарэннямi! Як з iмi цiкава! Не тое што з некаторымi "падкутымi", якiя лiчаць, што таму маюць права брыкацца i (с.158) менавiта "адштурхоўваюць частку народнай iнтэлiгенцыi i даюць зброю ворагу".
Во глядзіце, куды ўсё ж ідуць самыя таленавітыя? Да сваёй культуры і мовы — часцей за ўсё. Да суседняй — радзей (і Твардоўскія сярод іх шчаслівае выключэнне). А збольшага, калі адрываецца ад свайго, — прыстасаванец (не хачу сказаць "рэптылія") накшталт вышэйпамянёнага культурнага журналіста.
Аўтар мае рацыю (с.128). Найбольшая "культурная каштоўнасць" — мова. То вось і зберагайце яе ("Канстытуцыя БССР", Мн., 1978, с.22). І тут погляд аўтара ледзь не адзіна правільны.
Ёсць і трохі недадуманае. "Творчую радзіму" чалавек не выбірае. Яна выбірае яго, калі ён разумны і ўмее прыслухацца да сябе. Не толькі Ян Баршчэўскі, але ўспомнім "гімназічна-альбомныя" вершы М. Багдановіча па-руску (а ён жа "вучыўся Беларусі" па кнігах, а "вучыўся Расіі" ўсімі абставінамі жыцця). Яшчэ пацверджанне — Пушкін. Французскія вершы ягоныя (хаця ён сам прызнаваўся, што пісаць па-руску яму было "ўсё ж такі цяжка") не ідуць па якасці ні ў якое параўнанне з яго рускімі вершамі (тое самае і ў Шаўчэнкі). Так што выбірай, нават калі ты часталюбівы (а з такіх пераважна і выходзяць "асвечаныя касмапаліты"): быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй. А "значны" гэта азначае "значны для многіх", калі б нават на тваёй мове гаварылі сто чалавек.
Выключэнняў я амаль не ведаю (Шамісо? Конрад? Яшчэ пару чалавек — вось, бадай, і ўсё). Калі, вядома, не лічыць "ірландцаў па крыві" — ад Свіфта да Уайльда і Шоў. Але там была традыцыя, корані якой у сярэдневякоўі. І, дарэчы, "ірландцаў і шатландцаў" (Маршаку жартам прапанавалі перакласці Бёрнса "назад на англійскую", каб англічане маглі разумець, але забыліся, што (можа) без "шатландскай гаворкі" Бёрнс не быў бы цікавы ні англічанам, ні рускім, нікому) нашаму брату бывае чытаць почасту цікавей, чым некаторых "чыстапародных" англічан.
Ох, як трэба быці ўважлівым да кожнага слова. Нават да "подпісу ў мастака" (с.153). Вось вялікі рамантызм літоўска-беларускага памежжа ў Чурлёніса. І раптам, у хвіліну слабасці (іначай не назавеш, бо самыя складаныя паняцці такі мастак, як Чурлёніс, мог перадаць праз фарбы і лініі, а тут вырашыў "абысціся танна", падмацаваць словам — а мастакі твораць рукой і душою, а ніяк не словам; гэта за іх, часта няўдала, робяць крытыкі), перадае на палатне (!) словы Бога (!) у момант стварэння сусвету (!): "Stan sie!"
Бог (а бацька мастака — касцёльны арганіст) самыя важлівыя свае словы (дзеля якіх яго і шануюць) сказаў на мове пераважнай большасці тых, што адпачывалі тады ў модных Друскеніках. Ну а на якой мове сказаў бы ён гэта зараз? Хто пераважае там зараз?
Не-е, тут нешта не тое. Бога ў гэтыя справы ўблытваць не варта. Але свае чалавечыя адносіны да створанага табою свету — можаш і павінны.
…Гучаць і гучаць дзесяткі розных, непадобных, часам супярэчлівых галасоў.
Паэтава супярэчлiвасць (с.204). Па-руску ёсць i iншае адценне сэнсу: "противо-речь-е". I адна "рэч" супярэчыць другой, а адна "речь" — iншая.
З нямых радкоў я узыду.Мы верым гэтаму. Але, пакуль тое, "нямыя радкі" выказваюцца… па-беларуску.
У кнізе маса глыбокіх і цікавых думак. Цікавых, бо новых і ўпершыню ў такім аб'ёме сабраных у адно. Думак, якія карысна ведаць і дзеячу вытворчаці, і дзеячу культуры, і дзяржаўнаму дзеячу. І за кожнай думкай жывая душа, і многім такім душам спачуваеш. Бо гэта каструбаватая, з усіх бакоў узятая, голая праўда, падабаецца яна мне ці не.
Так думаюць людзі. А гэта заўсёды трэба ведаць.
Вось скардзіцца дзяўчына семнаццаці год. Ёй здаецца, што яна ў пытанні, якое ўздымае кніга, няшчасная. Дурненькая, сотні людзей пачыналі пазней за цябе. Той самы Купала. Ты яшчэ сто разоў можаш зрабіцца шчаслівай. Ніколі не позна.
…Настаўнікаў такіх сапраўды (с.40) ад школы, ад дзіцячай душы паганай мятлою трэба гнаць. Продкі мелі рацыю: "Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць". Як не прыняць, калі на тваю карысць? Але здрадзіў ён іншым — жорстка здрадзіць і табе. Абапірайся на цвёрдых, сумленных, хай непакорліва-самастойных, але непадкупных.