Вход/Регистрация
Артыкулы
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Таму што цікавасць гэтай кнігі менавіта не ва ўсеагульнасці, а ў шматплыннасці, у мностве твараў жывой, сённяшняй чалавечай думкі. І менавіта ў гэтай цякучасці, сённяшнясці, адлюстраванні становішча, якое маем зараз, цяперашняга пункту гледжання на яго — галоўная каштоўнасць кнігі, складзенай А. А. Бембелем па цаглінцы на фундаменце і пад дахам, якія склаў, стварыў ён.

З самага пачатку згодзімся з аўтарам, які перафразаваў думку М. Глінкі, што "мудрасць стварае народ; філосафы яе толькі аранжыруюць", і з сумнай, на жаль, часта справядлівай заўвагай, што гэтым яны яе почасту "толькі псуюць". З цалкам правільнай заўвагай аб двух узроўнях філасофствавання. Бо гэта праўда, што жывое спасціжэнне ісціны і існага кожнай чалавечай душой, незалежна ад "прафесійнай вывучкі і заняткаў яе носьбіта", заўсёды куды больш жывое, часам куды больш глыбокае і заўсёды куды больш цікавае.

Таму што — магчыма, гэта толькі мая думка, ды я і не прэтэндую на непагрэшнасць, я не папа рымскі — філасофіі нельга навучыць, калі ў аб'екта няма свайго погляду на рэчы, свайго светаадчування, сваіх густаў і — тады ўжо гэта справа зусім безнадзейная — сваіх, непазычаных мазгоў.

А паколькі — па словах Мефістофеля — разумнікаў, як тое быдла:

Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы, Хаця навокал свежая атава.

Паколькі кожная былка (чалавек) на гэтым поплаве на сваю асобіцу, паколькі яна — свой, непадобны сусвет, то поплаў (народ) — гэта сукупная непаўторнасць кожнай травіны. І калі чалавецтва — лес, то лес гэты ёсць сукупная непаўторнасць дрэў, а не сукупнасць тэлеграфных слупоў (хаця ніхто і не адмаўляе ім у пэўнай карыснасці).

Што думае кожны чалавек. Ёсць практыка збору рукапiсных архiваў, рукапiсных i друкаваных успамiнаў розных асоб (каб яны з часам утварылi партрэт эпохi). Чаму не зрабiць практыкай збiранне думак кожнага, з якiх толькi i нараджаецца фiласофiя эпохi, калi яна жывая, а не мёртванароджаная.

Кніга "Што мы думаем…" — адна з першых (і таму асабліва карысных і патрэбных) спроб паднесці люстру да майго і твайго аблічча. І калі ў кагосьці з нас пыса крывая, то крыўдаваць не трэба, "на зеркало неча пенять". Ды і ўвогуле культурна і па-філасофску выхаваны сучасны чалавек на праўду крыўдаваць не будзе.

Калі Рыгору Скаварадзе (Украіна, XVIII ст.), асветніку, дэмакрату і гуманісту, сказалі, што ён займаецца непатрэбшчынай і размоўнымі гулямі, жадаючы ведаць, што думае кожны чалавек па тым ці іншым пытанні, і што яму трэба гэта канчаць, бо ён пры яго талентах быў бы "стаўпом царквы", сей вандроўны філосаф адказаў з пункту гледжання жывой філасофіі: "Досыць і вас, стаўпоў неабчасаных". А ён ведаў, што такое філасофія абстрактная, меў права сказаць пра сябе: "Свет лавіў мяне, але не спаймаў".

Па-мойму — зноў жа толькі па-мойму — гэта адзіны шлях кожнай навукі: піць ваду не толькі з крана (кніг), не толькі дыстыляваную са шклянкі, але і заўсёды ісці да крыніц, якія б'юць з роднага берага недзе пад тваёй хатай.

Таму што ўсе мы — народ, і філасофія кожнага (і сукупнасць іх) — ёсць філасофія, мудрасць, а значыць, і справа народная.

З самага пачатку скажу, што праца А. А. Бембеля мне спадабалася не таму, што там сказана вуснамі людскімі добрае і пра мяне (адзіна вартая ўзнагарода, хаця, можа, яе і не трэба было, не заслужыў), а проста таму, што яна ўзняла жывое пытанне самога жыцця. Таму што яна не толькі сям-там гаварыла асабіста пра мяне добрае, але сям-там, зноў жа чалавечымі вуснамі, надавала мне асабіста такіх выспяткаў, што я аж дрыжэў ад абурэння і злосці (заслужыў і на тое і на другое). Думаю, што памяркоўныя, разумныя і культурныя людзі паставяцца да яе гэтак жа сама. Бо калі цябе хваліць парсюк, тады прызнайся, што ты і сапраўды "пляшешь" дрэнна. А калі ён цябе лае — гэта значыць, не ўсё яшчэ згублена.

І наадварот.

Таму, паставіўшыся да добрых слоў і да лаянкі талерантна, я спадзяюся, што маю права адразу ж выказаць і сваю думку, і свой погляд на рэчы і іх стан (а значыць, і на праблему кнігі). Гэта не прэтэндуе на глыбакадумнасць, гэта толькі думка, "вандроўнага філосафа і збіральніка філасофіі людской". І таму пастаўцеся да яе цярпіма і бесстаронне, як я паставіўся да вашай.

Вось адна: "Паміраць збірайся, а жыта сей". І незайздросныя доля і слава ў тых, хто ў чаканні "страшнага суда" распрадасць, растрэнькае маёмасць бацькоў і сваю, закіне сваё поле, ляжа ў труну і будзе рыхтавацца, чакаць.

Ганьба яму і пагарда і ў сваім доме і ў чужым. Думаеце, сусед, які сее, будзе паважаць такога? Ды не! Ці яму патрэбен лішні работнік, найміт, на ягоным клапціку поля? Дудкі! Плюне ён толькі і скажа: "Працуй. А наконт страшнага суда, дык гэта яшчэ бабка надвае варажыла ("бабка надвое сказала" або "na dwoje babka wrozyla, albo umrze, albo bedzie zyla" — выбірайце той варыянт, які вам больш даспадобы).

Ну вось, цяпер, выказаўшыся проста, без двухсэнсоўя, я нібы падзяляю з аўтарам ягоны поспех (магчымы) і яго адказнасць. І магу пагаварыць пра кнігу ягоную больш падрабязна. І няхай не надта злуюцца тыя, каго давядзецца зачапіць, а тыя, каго захочацца пахваліць, не так ужо надта скачуць. Па словах вашых мяркуюць пра вас, а вось уздасца вам — па дзеях вашых. А на іх яшчэ трэба будзе паглядзець.

Спачатку думкі тых, чыё слова ўжо канчаткова, на вялікі наш жаль, стала дзеяй і "абскарджанню не падлягае". А.Міцкевіч (ясна, што з яго, як з песні, слова не выкінеш, хаця ён і дарэмна рабіў толькі з нас адных няшчасненькіх, бо ўсе народы і ўсе гісторыі народаў былі гісторыяй прыгнёту і большай ці меншай галечы), Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Цётка, Ядвігін Ш., П. Глебка (агульнае ўражанне страшнае: сапраўды мароз па скуры і труба архангела).

І сучаснікі нашы, годныя людзі, якія (будзем спадзявацца і жадаць, каб гэта здарылася праз сто год) некалі таксама з гонарам скончаць свой шлях. Іначай жа нашто жыць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: