Вход/Регистрация
Артыкулы
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ёсць, вядома, і такое, што знішчаюць нават будысты, якім забаронена забойства ўвогуле. Усе гэтыя кольчатыя шаўкапрады, сасновыя клапы, матылі-манашкі, яблыневыя молі і г.д. Дык вось, калі ты ўжо жывеш па прынцыпу "размахніся, рука", то размахніся гэтай рукою на іх. А іх, дарэчы, нямнога сярод тых, што жыццём сваім дораць нам карысць і прыгажосць. І вельмі-вельмі асцярожна звяртайся да хімікаліяў, нават у сваім садзе. Гэта ж праўда, што ў 1969 годзе пры "атручванні лазы" на Прыпяцкім узбярэжжы здараліся выпадкі атручвання нават буйной фауны. Я сам бачыў дохлых качак, буслоў, нават ласёў.

Не разбурай нават мурашніка — гэта добрая форма чужога жыцця. І, галоўнае, не жыві ў гэтым свеце інтарэсамі свайго ведамства.

Тваё ведамства — увесь свет вакол цябе.

"Усё ўва мне, і я ва ўсім".

Не шкодзь старому парку ў тваёй вёсцы, нават калі ён не пад аховай дзяржавы (такіх мала), не шкодзь жывому — можаш учыніць непапраўную згубу. Апошні зубр быў забіты ў Англіі ў ХІІ стагоддзі. У Швецыі ў XVІ, а ўвогуле збярогся ў свеце толькі дзякуючы тым зубрам, якія калісьці былі вывезеныя з Белавежы.

Ну добра, зубр уратаваны. І многія яшчэ звяры, птушкі, насякомыя. Схапіўся чалавек. А ўвогуле ж і цяпер яшчэ каля шасцісот відаў звяроў і птушак на шляху да вымірання. Наладзіла чалавецтва гэткі звера-птушыны генецыд замест таго, каб падкормліваць, лекаваць, ствараць новыя месцы для жытла: спрадвечную, але і выпраўленую, разумна скіраваную гармонію жыцця.

Забіць, як я гэта даўно зразумеў, - непрыгожая і паскудная штука. І ніколі на паляванні мне не было так лёгка і радасна, як, скажам, на адлове баброў, для перасялення іх у новыя, незайманыя вадаёмы. Як ён, выпушчаны, яшчэ не верыць волі, як пасля імкнецца да вады, як прагна, доўга, упарта пялёхаецца, плавае, нырае (жарцікі — суткі не мыўся!), мые футра, не зважаючы на блізкасць людзей і сабак! І як ён потым спакойна плыве некуды ў ціхія воды, да захаду, у бляклую стужку вячэрняй заранкі…

Змывае вячэрняй вадой і спакоем свае "бабровыя слёзы".

У такія хвіліны адчуваеш з гонарам, што ты — чалавек, створаны прыродай і роўны з ёю.

Шчаслівыя, незабыўныя імгненні! Лепей, чым стварыць новы верш. Хіба што верш пра тое самае:

"Я стал доступен утешенью; За что на бога мне роптать, Когда хоть одному творенью Я мог свободу даровать!"

Гэта пісаў паэт ссыльны і паднявольны.

…Вось так. Гэта ўсяго два словы, ды болей і не трэба. Зберажы роснае павуцінне ў асеннім прасветленым лесе, дай старому дубу распачаць наступнае стагоддзе, памажы звярыне, якая з такой мужнасцю, праз вякі, цягнула свой род у барацьбе з ворагамі, самым моцным з якіх яшчэ ўчора быў ты.

Затулі сабою ад ветру слабенькі і моцны абдуванчык на кромцы вады.

Хопіць, урэшце. Мір усім на гэтай чыстай зямлі пад вечнай вясёлкай у гэтым чыстым і вечным небе.

Людзям простым к добраму навучанню

475 год з дня нараджэння Георгiя [1] Скарыны, выдатнага дзеяча беларускай культуры, вучонага, заснавальніка кнігадрукавання ў Беларусі і Літве

Канец пятнаццатага — першая палавіна шаснаццатага стагоддзя.

1

Указанне імя Георгій у дачыненні да Скарыны ў пазнейшых публікацыях У. Караткевіча, у тым ліку і ў пераробленым артыкуле ў "Ніве" за 6 жніўня 1967 г., адсутнічае. Сустракаецца толькі навукова даказанае імя — Францыск (Францішак).

У Францыі будуюць замак Шэнано паблізу Блуа. Ствараюць свае творы, пранікнутыя ідэямі прагрэсу, паэты Кляман Маро і П'ер Рансар, працуе над раманам "Гарганцюа і Пантагруэль" Франсуа Рабле.

У Германіі пакутліва шукае навуковую праўду Парацельс, Лютэр стварае свае "дзевяноста пяць тэзісаў", а паветра напружанае атмасферай Сялянскай вайны, ідэямі Томаса Мюнцера.

У Англіі Т. Мор марыць аб дзяржаве справядлівасці, але яшчэ не нарадзіліся на свет бацькі Шэкспіра.

У Іспаніі зараджаецца гарэзлівы раман.

Свежы вецер праносіцца над светам. Адраджаецца разуменне дэмакратыі. Людзі прагна спрачаюцца аб філасофіі, літаратуры, этыцы. Людзі прачнуліся, яны бачаць прыгажосць зямлі і самых сябе.

"Мы народжаны не для жывёльнай долі,

А к доблесці і ведам народжаны".

Мацнее і пашыраецца разуменне слова "гуманізм". Але адразу ж паяўляюцца і яго шматлікія ворагі. Пачынаецца бязлітаснае праследванне думкі. Цемрашальства люта супраціўляецца руху чалавечага духу ўперад. Небяспечна нават "Біблія", няхай нават малазразумелая, на лацінскай і стараславянскай мовах. Каб не сапсавацца ў розуме і веры, яе трэба слухаць толькі з вуснаў свяшчэнніка і з яго каментарыямі.

Пагалоўная бязграматнасць. Голад. Прыгнечанне. Фанатызм. Маравая пошасць. Чалавек няшчасны, як ніколі. І толькі палацы і саборы ўзносяцца да неба сярод убогіх хацінак.

Жудасная рэчаіснасць, і з ёю не маглі згадзіцца найлепшыя розумы гэтага часу. Не мог з ёю пагадзіцца і чалавек, які нарадзіўся ў гэтыя дні, у 1490 годзе, на беларускай зямлі, у Полацку, чалавек, увесь жыццёвы шлях якога быў шляхам барацьбы за "доблесць і веды", за ўмацаванне каштоўнасці чалавечай асобы ў свеце, за шчасце ўсіх людзей у сваёй роднай краіне.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: