Шрифт:
Што гэта азначала, можна ўявіць хоць бы з таго, што супраць паўстанцаў Беларусі і Літвы царызм кінуў 120 тысяч багнэтаў і шабель пры належнай колькасці артылерыі. На аднаго паўстанца было пяць салдат. І гэты адзін быў дрэнна ўзброены, а ў пяцёх была вывучка, гарматы.
І, аднак, людзі змагаліся, а Кастусь ствараў сетку арганізацый і атрадаў. Нават у апошнія дні. І гэтыя яго трагічныя апошнія часіны, гэтая тытанічная праца, гэтая мужная ўпэўненасць у тым, што яшчэ не скончана барацьба, гэтая гатоўнасць біцца да канца, гэтая невычэрпная любоў да волі, да радзімы, да дэмакратыі, - робяць асобу Каліноўскага самай трагічнай і велічнай у гісторыі Беларусі, яе нацыянальным героем.
Вось ён, студэнт, люта спрачаецца з "белымі" за волю і зямлю для народа. І мы на яго баку. Вось ён ідзе на чале мужных атрадаў: за поясам чамаркі два пісталеты, на чамарку накінута белая сялянская світка, а побач трапеча баявы сцяг. І мы захапляемся ім. Вось ён сядзіць з пяром над пробнымі водціскамі "Мужыцкай праўды". А мы сочым за ходам яго думак і згаджаемся з імі.
І мы адчуваем фізічны боль, калі ўяўляем яго на эшафоце, з мураўёўскай пятлёй на шыі, калі чуем яго апошнія словы.
Каб ніхто больш не асмельваўся называць рабом простага чалавека і крыўдзіць яго, каб адны не елі "пушны" хлеб, а другія не жэрлі, як не ў сябе, і не подлічалі, каб родная зямля між Дняпром і Бугам (а потым і ўсе землі на свеце) сталі радзімай волі і дэмакратыі, - ён, гэты малады чалавек, змагаўся словам, пяром і зброяй.
Каб не плакалі з голаду дзеці, каб не было прыгону і гвалту, каб квітнела вольнае слова, каб не было няроўнасці, каб не сівелі ў роспачы жанчыны, каб мужчыны не лаяліся бяссільна і не паміралі з думкай, што ў іх жыцці не было жыцця, — ён аддаў сваё жыццё. Бо ведаў: неацэнны дар — жыццё — нельга абражаць рабствам, голадам, цемрай, нацыянальным уціскам, смяротнымі пакараннямі.
"З-пад шыбеніцы" ён напісаў свой славуты верш, звернуты да зямлі, якая нарадзіла яго і выхавала, дала яму песні і родную мову і вочы, што бачылі ўсю нізасць і веліч свету, і сэрца, што беспамылкова адрознівае дабро ад зла.
…Калі яго вялі на пакаранне, ён, як усе "чырвоныя", трымаў кулак левай рукі на тым месцы, дзе білася сэрца. Стары ўмоўны знак змоўшчыкаў.
— Люблю Беларусь!
Грымелі барабаны. І пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных спраў, якія ведала беларуская гісторыя.
Гэта было 10 сакавіка 1864 года ў дзесяць гадзін трыццаць хвілін раніцы.
З вадой і без вады
Мы ўсе, жыхары нашага дома (вул. Карла Маркса, дом № 36), любім газету "Вячэрні Мінск", выпісваем або купляем яе, верым таму, што там надрукавана.
Любім мы і свой дом, пабудаваны недзе гадоў дваццаць з гакам назад, зручны, цёплы зімою і з халадком летам. Нам добра ў ім жыць і працаваць.
І мы вельмі не любім нешта пісаць і на людзей, і на арганізацыі, і, тым больш, на дом, у якім мы жывём. Хаця гады тры назад мы і пісалі скаргу за шматлікімі подпісамі служачых і пенсіянераў, пісьменнікаў і вучоных, бібліятэкараў і мастакоў, што насяляюць нашу простую, адзначаную мемарыяльнымі дошкамі камяніцу. А пісалі мы пра тое, што ў нашым доме няма вады.
Пісалі. І тое пісьмо было нават надрукавана ў "Вячэрнім Мінску". На кароткі час яно дапамагло, а пасля… што там казаць аб тым, што адбывалася пасля.
Але што рабіць: памалу мы звыкліся са сваім становішчам за дваццаць год (я і мая сям'я — за шэсць). І, магчыма, нават не білі б у званы, каб не рэпартаж з цэнтральнага дыспетчарскага пункта Мінскага водаправода, змешчаны ў газеце "Вячэрні Мінск" 24 сакавіка. Назва рэпартажу — "Як горад напаіць?" Пачатак яго:
"Калі раптам у вашай кватэры перастала цячы з крана вада — не спяшайцеся біць трывогу. Пра гэта ўжо ведаюць тыя, хто адказвае за бесперабойнае забеспячэнне вадой насельніцтва"…
Ужо ведаюць. Гэта суцяшае. Ведае цэнтральны дыспетчарскі пункт упраўлення водаправода вытворчага аб'яднання воднай гаспадаркі "Мінскводаканал". Бо менавіта туды сцякаюцца ўсе звесткі аб стане гарадской сістэмы водазабеспячэння.
"Кожную гадзіну аператары помпавых станцый інфармуюць дзяжурнага інжынера аб ціску, расходзе вады, запасе яе ў рэзервуарах.
…У васьмі пунктах горада ёсць аўтаматычныя датчыкі, якія кантралююць дзейнасць усёй сістэмы. І калі, напрыклад, у нейкім квартале ці раёне горада ціск у водаправодзе не адпавядае ўстаноўленаму, адразу ж прымаюцца меры да аднаўлення патрэбнага рэжыму".
Відаць, наш дом ляжыць далёка ад гэтых васьмі пунктаў. Я зрабіў летапіс забеспячэння вадой нашага дома на працягу амаль двух месяцаў.
25 сакавіка. Усю другую палавіну дня аж да ночы і пазней краны маўчалі.
26 сакавіка. З дзевяці гадзін раніцы ішла ці толькі гарачая вада, ці адна халодная.
27 сакавіка. Нягледзячы на "нешчаслівы" дзень, панядзелак, вада зрэдку лілася, даўшы магчымасць за дзень дзяжурства наліць (далёка не ўсе) вываркі, вёдры, тазы, чайнікі і ўпрыгожыць імі ванны пакой і кухню. Гэта быў мой абавязак, бо жонка была на рабоце. Мой дзень работы, дзякуючы гэтаму, — прапаў.