Вход/Регистрация
Артыкулы
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Гучыць? Яшчэ як гучыць! А яшчэ калі прыпамінаеш кожную рэчку і кожнае возера "ў твар"? Вялікі Нёман, прабацька Дняпро і ягоныя жонкі — Прыпяць і Бяроза (ён — язычнік, яму можна), светлая сястрыца Дзвіна. І, па ўсёй Беларусі, слязіны азёр.

Толькі не кожная вада — вада. Вада толькі тады вада, крыніца і калыска жыцця, калі яна — частая. І тут кожнаму трэба памятаць, што ніякія тытанічныя намаганні гідрахімічных лабараторый, якія сочаць за гэтай празрыстай чысцінёй, ніякія старанні інжынераў, скажам, таго ж Наваполацка па будове ачышчальных спаруд і прыстасаванняў (каб ніжэй нафтаапрацоўчага завода ў чысцюткай вадзе брохала вечарамі рыба), ніякія водныя сістэмы (каб ліквідаваць жарсткаваты водны баланс некаторых гарадоў) не дапамогуць, калі кожны чалавек не перастане засмечваць ручаіны і крыніцы, ператвараць нават самую малую рачулку ў прыёмнік сцёкавых водаў.

Як ніякія лесаводы, батанікі, заолагі і паляўніцтвазнаўцы, ніякія школьныя лясніцтвы не дапамогуць, калі кожны турыст, курортнік, грыбнік, паляўнічы распяражацца ў нашым лесе, як п'яны вандал у захопленым Рыме.

А наш лес не горад, аддадзены салдатні на паток і разрабаванне. Ён — наш храм, наш гонар і, пры выпадку, наш паратунак, як гэта было ў вайну. А раз ён храм і ўратавальнік, то і паводзь сябе, як у храме або ў хаце ўратавальніка.

Але вернемся на сваё балота. Балота — "праклён", балота — "чума гэтай зямлі". А ўспомнім толькі тое, што большасць нашых буйных рэк (а колькі малых?) бярэ пачатак у так званых верхавых балотах. І калі іх асушаюць — мялеюць рэкі, сохнуць малыя рэкі і навакольныя студні, падае ўраджай. Таму што балота — рэзервуар вады на лета, балота — маці аблокаў і забойца засушы. Адзін Палескі, адзін Бярэзінскі запаведнік справы тут не ўратуюць. А балотныя ж сітнягі могуць у многім замяніць дрэва пры вытворчасці дэфіцытнай паперы. А журавіны, сабраныя з аднаго гектара балота, у два разы больш каштоўныя чым драўніна з гектара спелага, мачтавага бору.

Але што ўсё выгада ды выгада? А захад, які дагарае над балотам, а звон косаў у касьбу, а скокі вячэрніх журавоў на балоце? Глядзіце, колькім жывёлам, птушкам, раслінам дае жыццё і прытулак гэты "праклён"!

Без ежы, пад наглядам лекара, можна жыць і месяц, без вады — пару дзён, без паветра… Ды што там, без яго мы не толькі задыхнуліся б, але й замерзлі, памерлі ад радыяцыі. І вось мы, радуючыся "фабрыкам дымным", забыліся, што вось ужо ў гэтым паветры і пыл, і попел ад вугалю і сланцаў, і серавадарод, і вокіслы азоту. За год у паветра трапляе паўтара мільёна тон пылу толькі ад цэментавых заводаў! А аўтамабільныя выхлапы, а лясныя пажары… А пяцьдзесят тон пылу і сажы, што асядае толькі на Мінск… Гэта, вядома, чысцей, чым над Лонданам і Чыкага, таму што памеры не тыя, дый барацьба з забруджваннем паветра ў нас вядзецца. Але ўсё ж кепска, бо чалавек усё разумее, ды робіць далёка не ўсё.

Вядома, ты не ў змозе весці барацьбу з забруджваннем адзін. Гэта справа дзяржавы: ставіць апараты для ўлоўлівання попелу, цэментавага і іншага пылу, пераводзіць прадпрыемствы на газавае паліва, электрыфікаваць дарогі і дамы, рабіць цыклонныя топкі. Твая справа — падаць сігнал, калі недзе нешта не ўсё ў парадку.

Але ёсць род дзейнасці, дзе ты і адзін у полі воін. Хай кожны пасадзіць і дагледзіць хаця б адно дрэўца ў год — і вось на барацьбу з "дымнай чумою" выйдзе толькі ў Мінску мільён, а па ўсёй Беларусі — дзевяць мільёнаў трывалых зялёных воінаў. Воінаў, якім мы абавязаны тым, што мінскае, гродзенскае, гомельскае паветра ўсё ж чыстае! Кожны год забяспеч гэтаму зялёнаму легіёну падмацаванне — і ён адолее ўсё. Не будзь ворагам братняму войску, якое выйшла бараніць твае лёгкія, тваё жыццё.

Зусім мала: толькі адно дрэўца за сябе, адно за свайго нямоглага дзеда і адно — за сваё яшчэ някемнае дзіця. І ты забяспечыш дзеду больш здаровую старасць, сыну — нармальнае развіццё, сабе — даўжэйшы век. А яго другі раз табе не дадуць, наконт гэтага будзь пэўны.

Ваюй, дзе можаш. Бо гэта адзіная вайна, якую варта весці. Садзі дрэвы ля вадаёмаў, не давай без патрэбы валіць ніводнага дрэва, падымай голас за павелічэнне тэрміну забароны вясновай лоўлі рыбы, за мэтазгоднасць промыславай лоўлі толькі з канца лета, каб паспела аднераставаць і ўзмацнець каштоўная рыба.

І шкадуй галасістых і пёрыстых братоў сваіх, брат "двуногі і без пер'я" (паводле трапнага вызначэння Платона). Бо, вядома ж летам і восенню неба над маці тваёй Беларуссю звініць ад спеву крылаў, нашы паляўнічыя далёкія ад таго, каб, скажам, страляць у дразда, бусла, шпака, чайку, але ж вадаплаўнай, баравой, стэпавай дзічыне куды горш.

Наўрад ці многа знайшлося б на Беларусі паляўнічых больш заядлых і азартных, чым я. Бадай што, не было такога звера ці птушкі (акрамя, вядома, тых, паляванне на якіх забаронена), на якіх бы я не выходзіў. І вось гадоў пятнаццаць назад я, назіраючы за меліярацыяй, высечкай хмызоў, ляснымі гарамі, разгулам браканьераў, усур'ёз задумаўся і ўрэшце вырашыў: што датычыцца мяне — досыць! Ні ў каго і ніколі я больш не адбяру стрэлам жыцця, хіба ў шалёнага ваўка.

І, ведаеце, ахвяра мая выявілася больш лёгкая, чым я думаў. Спачатку, праўда, усе рэдактары лаяліся, што ў маіх "Каласах" зашмат сцэн палявання (а гэта была проста спроба пазбавіцца ад неадчэпных праяў, спроба галоднага набіць рот тым, што пад руку трапіць, ад чаго — смею спадзявацца — мой чытач не дужа многа страціў). Цяпер я "палюю" сваімі вачамі, кадрамі ў маім фотаапараце або з нажом у кошыку на грыбным "ціхмяным паляванні". Мне цяпер больш цікава і куды больш сумленна жыць.

Звяры і птушкі па-ранейшаму вакол мяне, але яны жывыя. І куды цікавей, паверце, бачыць такаванне цецерукоў, чым уварвацца туды несправядлівым наканаваннем, шротам, пухам і крывёй.

Трэба, каб ва ўсіх лясных гаспадарках, а не толькі ў некаторых, не секлі дуплаватых дрэў (гэта чыясьці магчымая кватэра), не палілі на балотах траву (гэта чыёсьці сховішча), не пасвілі ў лесе быдла (гэта чыйсьці знішчаны "хлеб"), абмяжоўвалі збор грыбоў і ягад (іх ясі не толькі ты, і для цябе яны — прысмакі, а для звера — жыццёвая неабходнасць).

Ды ўсё гэта і асабіста ў тваіх руках таксама. Кармі птушак зімой, арганізоўвай ім "галечнікі", каб маглі "купацца". Нават "нікому не патрэбных" мухамораў не збівай нагамі, бо звяры ядуць іх перад зімой, каб выгнаць паразітаў і лягчэй перажыць галодную сцюжу. Нават арабіну ў сваім кветніку не абірай да рэшты — хай крыху з'ядуць або абтрасуць на зямлю (гэта запас на вясну, калі сыдзе снег) птушкі, якім яна, магчыма, паратунак.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: