Шрифт:
Капыл замітусіўся:
— Яшчэ па адной, Іван Дзямідавіч!.. Ай-яй, усё ж некранутае. Кілбаска, сальца… Маруся!
— Заўтра рана весткі ў раён трэба адаслаць.
— Дык гэта ж я i адашлю. Чуць развіднее — i я ўжо буду на рабоце. Хіба першы раз. Калі трэба, дык трэба. Пераспім i разам пойдзем.
Бабкоў завагаўся, яму хацелася выпіць яшчэ. Але Пятро падумаў пра Сашу, успомніў сваё шалёнае жаданне, бессаромную падатлівасць яе, гэтай… ханжы, i яму захацелася як мага хутчэй выбрацца з Капыловай хаты. Цяпер ён баяўся другога «граху»: каб не вырвалася яго антыпатыя да гаспадара, да яго дачкі… Навошта выяўляць яе? Разам працаваць… Спірт можа такога нарабіць, што сам сабе будзеш брыдкі пасля.
— А што нам скажуць жонкі? Соня табе апошнія патлы вырве.
Падзейнічала! Бабкоў баяўся свае маладое жонкі, на людзях — ціхай, маўклівай, але, відаць, бабы з характарам. Недарма Саша гаварыла пра яе: «О, гэтая Соня-ціхоня, яна яшчэ пакажа сябе».
Іван Дзямідавіч вылез з-за стала, знайшоў на падаконніку сваю шапку.
Капыл ушчуваў Шапятовіча:
— Эх, Пятро Андрэевіч! Адзін разок заглянулі i гадзінкі не пасядзелі. А я думаў: ну, дамо дразда, бо ўсе свае, спірт маем…
Вярнулася з капустай Марыя Халімонаўна. Безумоўна, адразу не магла ўцяміць, чаму раптам госці падхапіліся, стаяць пасярод хаты ў шапках. Сунула міску на прыпечак, сама прытулілася да печы, здзіўленая, засаромленая, нейкая адразу зблажэлая. Абраза, крыўда, магчыма, з'явіліся пазней. А тады, калі яна, баючыся глянуць Пятру ў вочы, працягвала на развітанне руку, пэўна, была ў роспачы ад таго, што ўцякае яе кароткая жаночая радасць, спадзяванне на якую так нечакана ўзнікла.
Уначы балела галава. Прачнуўшыся ад гэтага болю на світанні, Пятро праглынуў колькі парашкоў, якія знайшоў у Сашыным чамаданчыку, i запіў з вядра, нагбом. Было брыдка ў роце, паскудна на душы.
Другі раз яго разбудзіў школьны званок. Сапраўды, недзе зусім блізка званок настойліва клікаў у класы. Не дзіва, што дзяжурны бегае па ўсім парку. Майскае сонца i праз тыя некалькі цьмяных шыбін заліло пакой не толькі да болю ў вачах яркім святлом, але i цяплом, бадзёрым i радасным. Пятро адразу адчуў гэтую бадзёрасць. Галава не балела. Начны боль здаўся далёкім, як боль ад ваенных ран. Трохі быў устрывожыўся, што прапусціў урокі. Але глянуў на гадзіннік i зразумеў, што Саша знарок не разбудзіла яго, напэўна, дамовілася з дырэктарам, каб яго замянілі, пераставілі ўрокі. Разумніца! Уначы, калі адчыніла i ўбачыла п'янага, — слова не сказала.
Пятро прыгадаў учарашнія падзеі, праўда, чамусьці ў ix адваротнай паслядоўнасці — ад вечара ў Капыла да нарады ў сельсавеце. I — дзіўная з'ява! — нібы ўсё асвяцілася зусім іншым святлом — вось гэтым, майскім, вясёлым, што льецца праз шыбы. Нават выпадак з Прышчэпам не здаваўся такім сур'ёзным, палітычным, як здаўся ўчора. Цяпер гэта выглядала амаль смешным, бытавым, трагічным толькі ў нейкіх дэталях, а на самай справе камічным, як гэта часта бывае ў штодзённым сялянскім жыцці. Многія факты з ix «падпісной кампаніі» можна расказаць як анекдоты. З папом, напрыклад…
Увайшла Саша. У халаце, у марлевай касынцы. Пятру заўжды асабліва падабалася жонка ў сваім медычным убранні, вельмі ж яно пасавала ёй.
— А-а, прачнуўся мой слаўны мужанёк! П'янчужка! — Села на ложак, як каля хворага. — Мала, што нейкай ванючай гадасці насмактаўся, дык яшчэ адразу па чатыры парашкі глытаеш… Калі-небудзь атруцішся, дурань такі.
— А галава перастала… светлая, што дзень гэты.
— Добра, што аспірын. — I запатрабавала — ён не зразумеў — усур'ёз ці жартам: — Ну, а цяпер расказвай пра ўсе твае прыгоды.
У Пятра ёкнула сэрца: «Ці не сказала Капыліха ад злосці, што я, п'яны, прыставаў, лез цалавацца?»
Расказаў падрабязна ўсё, акрамя, безумоўна, гэтага — цалавання з Марыяй Халімонаўнай. Ca страхам чакаў, што Саша спытае: «А што яшчэ рабіў у Капыла?»
Не. Яе ўстрывожыла другое: што п'яны Бабкоў усё-такі прагаварыўся свайму сакратару пра выпадак з Прышчэпам.
— Ох, дурні вы! Адзін стары, другі…— Які дурань ён, Пятро, Саша не сказала, загадала няласкава: — Падымайся, лежабок. Я ледзь угаварыла дырэктара, каб замест тваіх урокаў правесці гутаркі аб гігіене.
Пакуль ён галіўся, умываўся, Саша сабрала на стол. Знікла. Вярнулася праз колькі хвілін i — на вялікае здзіўленне Пятру — паставіла на стол пляшачку спірту. Следам за ёй прыйшоў Бабкоў, задаволены запрашэннем, вясёлы. З парогa паведаміў Пятру, што ёсць ужо 83,2 працэнта падпіскі i што сельсавет на чацвёртым месцы ў раёне. За сталом адразу прапанаваў выпіць за Сашу, якую ён любіць, як дачку, i паважае. Ажно праслязіўся ад замілавання ці, можа, ад успамінаў пра сваю дачку.
Саша перапыніла яго, сказала з дзіўным бляскам у вачах: