Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Гэта я фашыст? Ды я… за такія словы! Кім я недабіты? Табе памяць адняло — хто мяне біў? — I Прышчэпа добра-такі тузануў старшыню сельсавета куксай.

Пятро кінуўся разводзіць ix.

У хаце, ахутанай змрокам, калі яны ўвайшлі, здавалася, нікога не было, сустрэў ix амаль на парозе сам гаспадар. А тут закрычала дзяўчынка:

— Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!

Ад некуль з печы пачуўся прастуджаны, хваравіты голас:

— Грышка! Гора ты мае! Дзяцей пашкадуй. Во дурны, во дурны! А Божачка! Даруйце вы яму, людзі добрыя.

Шапятовіч схапіў Бабкова за плечы, адарваў ад Рыгора, якога ў сваю чаргу цягнула дачка, Пятрова вучаніца.

Але Бабкоў таксама раз'ятрыўся:

— Я табе пакажу! Ты папомніш!.. Я табе хаплю загрудкі!

Пятро выпхнуў яго на двор, але стары не сунімаўся, грымеў на ўсю вуліцу:

— Я яму пакажу! Бандзюга! Фашыстоўскі вырадак! Мы яшчэ высветлім, як ты руку страціў. Можа, самастрэл, сукін сын, зрабіў, а цяпер носішся са сваёй куксай?!

— Ды сціхніце вы, Іван Дзямідавіч! Людзі чуюць.

— Няхай чуюць! А ты што? Хочаш скрыць ад людзей, як бандыт хапае загрудкі старшыню сельсавета? Шчасце яго, што я забыўся на пісталот, а то стукнуў бы, падлюгу…

— I што было б?

— А мне напляваць, што было б! Але каб усялякая сволач хапала загрудкі… Ну не! Лепш у турму пайду.

— Ды невядома, хто з вас схапіў першы.

— Ну, ты гэта кінь! Прымірыцель! Ты чуў, што ён сказаў?

Пятро стараўся гаварыць спакойна, напаўголаса, трохі не шэптам, каб прымусіць i Бабкова збавіць тон, не крычаць. Гэта не адразу ўдалося. Доўга ён яшчэ «грымеў». Каб не ісці па вуліцы, дзе ў вясновы вечар было нямала людзей, Пятро завярнуў у першы неабгароджаны падворак. Ішлі напрасцяк праз агароды па свежай раллі, пакуль не выйшлі на поплаў.

Бабкоў раптам зусім сціх. У яго пайшла з носа кроў — ці то ад стомленасці, ці то ад нервовай узбуджанасці.

— Ну, во… бачыш? — прахрыпеў ён з крыўдай, як хлапчук, якому расквасілі нос. — Прымірыцель!..

Іван Дзямідавіч злосна абшморгваў з альховых кустоў маладое ліпучае лісце, прыкладваў да носа. Пятро не адразу здагадаўся, што ў старога няма нават насавой хустачкі. Прапанаваў сваю. Той узяў.

Падышлі да рэчкі. Бабкоў спусціўся да вады, каб умыцца. Пятро прысеў на беразе, на грудку. Потым лёг. I адчуў такую стомленасць, што на нейкі міг калыхнулася зямля i закружылася зорнае неба. Не ўсё неба — зоркі, тыя, што загарэліся ўжо. Нарэшце i яны стал i па сваіх месцах i пачалі весела міргаць. Пятро сумна ўсміхнуўся ім, зоркам, i заплюшчыў вочы.

Плескала вада. Крумкалі недзе лягушкі, не вельмі яшчэ зладжана i назойліва, як бы пасля зімовай спячкі спрабавалі галасы. Яшчэ далей «драў дранку» дзяркач. Але ўсе гэтыя звыклыя гукі зямлі i ночы не парушалі вялікай цішы сусвету.

Пятро пачаў думаць аб невымернасці сусветнай прасторы, аб тым, што не толькі ён i ўсе людзі, усё чалавецтва, але нават уся планета наша — пылінка ў бездані космасу.

Ён навучыўся ў цяжкія хвіліны думаць пра абстрактный рэчы, гэта хораша супакойвала, настройвала на гэткі — часам высокафіласофскі, часам прыземлена-гумарыстычны — лад. Але тут не атрымалася: у цэнтры сусвету, які ён хацеў уявіць, працягвалі нязрушна стаяць людзі — тыя, з якімі сустрэўся за дзень, i наперадзе гэтых людзей — чалавек, што трапіў на вочы апошні,— Рыгор Прышчэпа. Не, не Рыгор — дзяўчынка, яе крык: «Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!» — засланяў i запаўняў сусвет, усю галактыку.

Пятро расплюшчыў вочы. На небе можна было ўжо разгледзець цьмяны шлейф Млечнага Шляху — зорны мост. Ён прыгадаў свой мост. Падумаў: «Што мяне трымае тут? Што прывабіла? Гісторыя? Але каб вывучыць яе, зусім не трэба хадзіць з Бабковым збіраць падаткі, падпісваць на пазыку. Цяпер будуецца столькі мастоў. Я даўно мог быць на адной з гэтых будоўляў. Няхай ён не мой, але ўсё адно мост. Не зорны, не ўяўны. Сапраўдны, па якім пойдуць людзі на другі бераг. А што я тут збудую?»

Бабкоў сеў побач, заціснуўшы мокрай хустачкай нос.

Можа, ад таго, што нос заціснуты, дыхаў цяжка — выдыхаў паветра астматычна, са свістам.

Не павярнуўшы галавы i зноў заплюшчыўшы вочы, Пятро спытаў:

— Што ты думаеш рабіць?

— З ім? З контрай гэтай? Заўтра ж пазваню Булатаву, ён з ім пагаворыць…

Пятро памаўчаў… Зноў «убачыў» i яго, інваліда, i дачку, вучаніцу пятага класа, «угледзеўся» ў ix больш пільна.

«Колькі ў яго яшчэ дзяцей? Запытаць заўтра ў Галі. I — на што хварэе маці?»

Жонкі Прышчэпавай ён не ведаў, i на яго глядзелі нейкія абстрактный жаночыя вочы, сумныя, спакутаваныя. Ад позірку гэтых вачэй зрабілася страшна. Ён рыўком падняўся, голасна сказаў:

— Не ўратавалі Запечку. Пасадзім Прышчэпу. Асірацім яшчэ адну сям'ю. Мала ix, сірат?!

Дзіўна — Бабкоў не адказаў. I цяжка дыхаць перастаў. Як бы замёр. Доўга маўчаў.

— Іван Дзямідавіч!

Стары хрыпла вылаяўся:

— Пайшоў ты!.. Думаеш, у мяне сэрца няма? Яно — як вугаль, але жывое яшчэ! Не камень! Во… б'ецца i баліць… Баліць за ўсё! I за сірат! — I нечакана, без усялякага лагічнага пераходу, прапанаваў: — Хадзем нап'ёмся.

— Дзе?

— У Капыла. У гэтага гада вёдры самагонкі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 195
  • 196
  • 197
  • 198
  • 199
  • 200
  • 201
  • 202
  • 203
  • 204
  • 205
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: