Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

«Сава» насцярожана ўстрапянулася, узняла галаву. Вусны паліцаіхі скрывіліся ў дзіўнай ухмылцы:

— А вы яго знайдзіце i падпішыце.

Бабкова ажно перасмыкнула ўсяго ад такой нахабнасці, ён тузануўся адразу ўсім целам, махнуў рукамі, закрычаў:

— Зловім! I падпішам! Прыгавор! Толькі нагамі дрыгне ў пятлі! Тут жа, на вуліцы, i павесім, сабаку! Перад усім народам!..

На печы заплакаў малы:

— Мамка, я баюся!

Пятра скалануў гэты плач, шкада стала дзяцей. Падумаў, што ім, прадстаўнікам улады, нельга так гаварыць пры дзецях.

Амаль загадаў Бабкову:

— Іван Дзямідавіч! Прытрымайце нервы!

I той схамянуўся. Сказаў хлапчуку:

— Не бойся, дзетка, ніхто цябе не кране! Мы — не такія!.. Гэта твой бацька дзяцей страляў!

— Не страляў ён дзяцей! Не страляў! — раптам прастуджаным, ахрыплым голасам гукнула старая. Быў яе крык такі неспадзяваны, што Шапятовіч аж уздрыгнуў.

— Страляў! — зноў сарваўся стары партызан. — Увесь атрад ix быў у тую ноч. Дзяцей Рыгора Сівалоба ён… ваш… застрэліў. Усе на судзе пацвердзілі!

— Не! Не! Не! — упарта i страшна адмаўляла маці забойцы.

Магчыма, яна доўга пераконвала сябе ў гэтым. Можа, кроў дзяцей не давала ёй сну i спакою.

Старая гэтая, у якой, відаць, памуцілася ў галаве, i наогул уся сцэна зрабілі на Шапятовіча вельмі цяжкае ўражанне. Ад размовы пра забойства дзяцей на хвіліну нават зрабілася як бы млосна — закружылася ў галаве.

— Іван Дзямідавіч, пайшлі.

— Ды не, яны падпішуцца! — пераканана заявіў Бабкоў i сеў на ўслон, пачаў расшпільваць сваю палявую сумку. — У ix, гадаў, золата закапана. Ён усе яўрэйскія дамы аграбіў, кал i няшчасных на смерць пагналі. I дом гэты з мястэчка перацягнуў. Канфіскаваць даўно трэба! Колькі разоў казаў пракурору. Людзі ў зямлянках жывуць… Не менш тысячы i — усе наяўнымі! Душа з ix вон! Ясна? — звярнуўся ён да маладзіцы.

Яна зноў скрывілася — перакасіўся твар ад усмешкі ці ад нервовага спазму, але Пятру чамусьці здалося, што ўсмешка гэтая не пакутлівая, a здзеклівая.

— У мяне капейкі за душой няма.

— Тыдзень назад краму ў Прылуках абрабавалі. Дык я баюся, што палавіна дабра таго ў цябе закапана.

— Пашукайце!

— Пашукаем! I знойдзем! Гэта ix работа… твайго!.. Ён далека не пайшоў, тут, шыбенік, валацуга, блукае. Даблукаецца! Вяровачка даўно плача па ім!

— Мамка!

— Цыц! Дык злавіце яго!

— Зловім!

— He страляў ён дзяцей! Не! Не!

— Суд разбярэцда.

— Ну, дык я чакаю! Чуеш? — Бабкоў пагрозліва стукнуў кулаком па стале.

— Іван Дзямідавіч!

Звычайна далікатны i ветлівы з ім, Пятром, Бабкоў зноў груба адмахнуўся:

— Не мяшайся, сакратар! Тваё дзіця жывое.

Старая раптам спаўзла з ляжанкі, пашкрэбала да дзвярэй, кульгаючы, цягнучы за босай, з вузлаватымі пасінелымі пальцамі правай нагой левую, абкручаную бруднымі анучамі. Яны са здзіўленнем i неразуменнем паглядзелі ёй у спіну. Што з ёю? Жывот схапіла, ці што? Ці пратэстуе так? У качарэжніку захапіла качаргу. Навошта?

Нявестка паціснула плячамі, растлумачыла:

— Не ў сваём вуме яна. А мне ж трэба даглядаць, карміць. А з чаго? Я, можа, сама сто разоў пракляла яго, хоць ён i бацька дзяцей маіх.

— Калі хадзіла пры немцах паняй, тады не кляла…

— Калі я хадзіла паняй? Ён ездзіў, самагонку глушыў, з дзеўкамі гуляў, а я на зямлі душылася, як ачумелая. Багацце капіла. Разбагацела! — Яна ўсміхнулася ўжо зусім інакш, не крывячыся так, з горкай насмешкай з свайго лёсу.

— На крыві людзей багацела!

— Я не ведала. У сваім сяле ён нікога не чапаў.

— Не ведала! Цяпер вы ўсе не ведаеце.

Бабкоў як бы трохі супакоіўся i, мабыць, зразумеўшы, што наяўнымі тут не возьмеш, напісаў у лісце тысячу рублёў, сказаў:

— Распішыся.

Яна паківала галавой:

— Не буду я распісвацца.

— Чаму гэта ты не будзеш распісвацца? — зноў узлаваўся старшыня.

— Не буду. Чым я выплачу? Каб мне потым i гэта прыляпілі: падпісалася, a плаціць не хоча.

— Круцішся, як змяя…

I тут увайшла старая…

У нявесткі адразу вырвалася спалоханае, узлаванае:

— Мама! — Але яна тут жа схамянулася, спытала са здзіўленнем: — Дзе гэта вы?..

Старая несла ў руцэ пачак трыццатак. Яна паклала ix на стол, коратка сказала:

— Во.

Грошы былі новенькія, ненакамечаныя, але ажно цвілыя ад доўгага ляжання ў сырым месцы. Усё гэта было так нечакана, што нават Бабкоў разгубіўся i доўга ўтрапёна глядзеў на чырвоныя паперкі з партрэтам Ілыча ў авале. Мабыць, як i Пятро, ён не ведаў, што рабіць: палічыць ix, узяць, не лічыўшы, ці наогул не браць? Няцяжка здагадацца, адкуль яны, гэтыя грошы. Але якія думкі пранесліся, магчыма, сапраўды праз хворы мозг маці здрадніка, забойцы? Аднавяскоўцы ведалі: яна несла віну за злачынствы сына, бо ўсё жыццё была сквапная, неразумна ашчадная, прывучала дзяцей красці ў суседзяў яблыкі, гуркі, бульбу. I вось — вынік: сын ад дробных краж дайшоў да забойства дзяцей. Што ёй хацелася цяпер, аддаючы грошы? Можа, здалося, што гэтак яна ўлагодзіць Івана Дзямідавіча, яго гнеў i нянавісць? Можа, падумала, што ахвяраванне на агульную карысць паможа ёй замольваць грахі ўласныя?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 193
  • 194
  • 195
  • 196
  • 197
  • 198
  • 199
  • 200
  • 201
  • 202
  • 203
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: