Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:
* * *

Пятро піў i… не п'янеў, ва ўсякім разе, не весялеў, як звычайна, а, наадварот, рабіўся ўсё больш пануры, злосны. Ён, як i многія другія, недалюбліваў сакратара сельсавета. Ідучы сюды, выказаў Бабкову гэтую сваю антыпатыю да чалавека, да якога яны так нечакана рашылі завітаць знянацку ў госці.

Іван Дзямідавіч адказаў:

— Думаеш, я люблю яго?

— На чорта ж мы трымаем такога ў сельсавеце?

— Я да цябе яшчэ хацеў турнуць, але ў раёне сказалі — не чапаць. Работу ён ведае. I людзей. Даваенны кадр.

Пакуль не садзіліся за стол, Пятро проста іранічна пасміхаўся з ліслівай i яўна фальшывай Халімонавай радасці з прычыны «такіх дарагіх гасцей», з яго мітуслівых завіханняў па хаце, сыканняў на жонку, на дачку: хутчэй на стол! A выпілі па першай, па другой, не па чарцы — па шклянцы, i не самагонкі, a разбаўленага спірту, i вось найшла на яго гэтая панурасць.

Раздражняла ўсё: назойлівыя запрашэнні гаспадара «пакаштаваць сальца, мядку», страў, якіх ён, Пятро, даўно не бачыў,— сала, кілбаса, яйкі, тварог, пахучы чысты хлеб у гэтую галодную вясну, кал i большасць людзей не маюць бульбіны; фікусы з двух бакоў стала, што выраслі да столі, як лес, — сядзелі, як у джунглях; гара вышываных падушак на нікеляваным ложку; новыя шпалеры, якімі, відаць, зусім нядаўна абклеілі сцены гэтай чыстай палавіны хаты; фатаграфіі на сценах, мноства фатаграфій. Раздражнялі нават партрэты генералісімуса. Ix было ажно два: вялікі плакат на ўвесь прасценак паміж вокнамі i зашклёны, у дубовай рамцы, у куце — на тым месцы, дзе звычайна ў сялянскай хаце вісяць абразы.

Пятро з'еў скібку хлеба, кавалак вельмі смачнай кілбасы i… адчуў, што больш не можа есці — не лезе ў горла. I тады раздражнёнасць пачала перарастаць у нешта страшнае, чаго ён нават сам спалохаўся, — у нейкае дзікае буянства. Захацелася раптам перакуліць стол, паламаць фікусы, нават больш таго — сарваць гэты партрэт, што вісіць замест абразоў. Усялякае на яго находзіла, але такога яшчэ не было.

Халімон Капыл як бы адчуваў яго настрой i ўлашчваў: няспынна запрашаў есці, піць.

— Пятро Андрэевіч, што гэта вы грэбуеце нашым сялянскім пачастункам?

— А я што — пан?

— Ну, вы анцялягентны чалавек.

— А дачка ваша?

— I то праўда. Вырасла наша сялянская анцялягенцыя дзякуючы роднай нашай уладзе. Маруся! Паўхаджвай за сваім таварышам па рабоце.

Маруся — Марыя Халімонаўна, настаўніца ix школы, хімію i батаніку вядзе. Пераспелая дзеўка, гады на два старэйшая за Пятра. Працавітая i строгая, вучні яе баяцца, на ўроках яе — найлепшая дысцыпліна. Строгая i ва ўсіх іншых адносінах: самыя заядлыя пляткаркі не маглі сказаць, як пра другіх, што яна «круціла» з партызанамі ў акупацыю ці з нашым! афіцэрамі, калі фронт блізка стаяў. I цяпер нікога ў яе няма. Дэмабілізаваныя сяржанты «страляюць» за настаўніцамі, нават не за маладымі — за ўдовамі. Да яе ж чамусьці не заляцаецца ніхто. Непрыгожая? Не, не сказаць. Праўда, вельмі ж падобная на свайго бацьку; можа, таму для тых, хто ведае кульгавага, нехлямяжага, заўжды непаголенага Капыла, знікае, траціцца жаноцкасць яго дачкі. Бывае такое.

Ix нечаканае i позняе з'яўленне Марыя Халімонаўна сустрэла іранічнай ухмылкай. Пятро зразумеў — падумала пра яго: «Ці не кожны дзень ты, наш ідэйны сакратар, вось гэтак завяршаеш сваю грамадскую работу?» Яму было ўсё адно: «Чорт з табой, думай, што хочаш».

На загад бацькі хутчэй сабраць на стол «для дарагіх гасцей» адказала нехаця, рабіла ўсё знарок павольна — паказвала свой гонар i строгасць. Але за стол села — за гаспадыню, бо старая не села, знікла, схавалася, быццам i няма яе ў хаце.

— Праўда, Пятро Андрэевіч, што гэта вы… нейкі сёння… не ў гуморы. Давайце вып'ем за нашу настаўніцкую прафесію. Хто не ведае — думае, што яна лёгкая.

Марыя Халімонаўна, паважна ўсміхаючыся, узяла цёмную доўгую пляшку, каб наліць яму i сабе. Але бацька перапыніў яе:

— Чакай, Маруся, да гэтай чарга дойдзе. А цяпер вось гэту. Як сляза! Чысценькі… раціфікат…

— Капыл хоча, каб мы хутчэй — «з капылоў», — пажартаваў Пятро сур'ёзна, без усмешкі; пра гэта ён падумаў раней.

Капыл i Бабкоў зарагаталі.

Іван Дзямідавіч, выпіўшы, адразу аджыў, павесялеў, забыўся на ўсе непрыемнасці дня.

Пятро зайздросціў яму.

— Пі, Пеця! Не шкадуй. У Халімона гэтай атруты хопіць! Забыўся, пра што дамаўляліся?

— Пра што?

— «Накапыліцца». Ха-ха…

— Ну што ж… Давай «накапылімся».

Гаспадар засакатаў, запырскаў ліслівым смехам, а дачцэ яго гэта яўна не спадабалася — яна скрывіла тонкія вусны, зняважліва хмыкнула.

— За хімію, Марыя Халімонаўна. Без хіміі было б сумна жыць.

Яна глядзела на яго насцярожана, з падазронасцю — ці няма тут якога падэсця? Відаць, не адразу зразумела, што ён мае на ўвазе.

Пятро, чакаючы з узнятай шклянкай, растлумачыў:

— Чым было б павесяліць душу, каб не хімія?

— От праўдачка ваша, — сакатаў стары Капыл.

Марыя Халімонаўна ўсміхнулася, прыветліва чокнулася. Пятро залпам выпіў паўшклянкі спірту, неразбаўленага. Абпёк горла. Як сляпы, пачаў мацаць па стале конаўку з вадой. Марыя Халімонаўна сунула конаўку яму ў руку. Ен прагна выпіў ваду.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 196
  • 197
  • 198
  • 199
  • 200
  • 201
  • 202
  • 203
  • 204
  • 205
  • 206
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: