Шрифт:
– Першы раз прызналася. Звычайна наадварот пілуеш. Усе вушы аб'ела… эмансіпіраваная жанчына. Феміністка.
– Ведаеш, — уздыхнула жонка, — я, як амаль усе жанчыны, з ахвотаю б назад разэмансіпіравалася.
– Не трэба было ланцугамі да лавы ў парламенце прыкоўвацца. І кіслату ў паштовыя скрынкі ліць. Дазмагаліся, кабеткі.
– Нашы дазмагаліся, — уздыхнуў сябар. — Сядзяць па кавярнях, а мужыкі ім на вячэру гатуюць эсцюржон а ля рюс.
– Ой, а што гэта такое? — спытала жонка. — А ты мне згатуеш?
– І ў ложак падам, — сказаў я. — Гэта асятрына па-руску. Толькі, пакуль я жывы, у нашай, у маёй краіне такога не будзе. Ніякая канстытуцыя яшчэ не забяспечвала мужчыне роўных правоў з жанчынай. І наша, мая таксама.
Стала мне маркотна:
"Дурацкая анкета. Мела рацыю жонка. Няма такога чалавека, які ацэньваў бы свой заробак як вельмі добры. І хаця я ем мала, але стрэсаў у мяне на цэлы Кітай хапае. Але паколькі людзі некаторыя кажуць і табе так хочацца — ладна, адкінем два гады. Нам не шкада".
"Ці вымагае ваша праца безупыннага руху? — пранырліва і подла пытае анкета. — Ці, наадварот, вы праседжваеце за сталом з раніцы да вечара? У першым выпадку тры з плюсам, у другім — шэсць з мінусам".
– Ну што мне тут сказаць? — жаласна разгубіўся я. — Спачатку сяджу за сталом з раніцы да вечара. А пасля, як скончыш, пачынаецца ўжо і нястомны рух з раніцы да вечара. На дні, месяцы, гады. А пасля зноў сядзенне за сталом з раніцы да вечара. З патрэбнымі і зычлівымі людзьмі. А пасля зноў сядзенне за сталом з раніцы да вечара. А пасля зноў рух безупынны.
– Які гэта рух? — спытала жонка.
– А рэдакцыі. Тут толькі і адпачываеш. У Польшчы. Сёння аглядзеў Віланаў, пасля да Лазенак, пасля пешшу да Старога Мяста, пасля па трох музеях, пасля пешшу на Руткаўскега, былую Хмельную. І так прыемна адпачываюць ногі. Не тое што ў Дом друку, пасля да машыністкі (восьмы паверх з сапсутым ліфтам), пасля пешшу на кінастудыю (гадзіны пік), пасля ў адну рэдакцыю, пасля ў оперны, пасля ў другую рэдакцыю, пасля… Ногі вы мае, ногі…
– Але сядзець больш даводзіцца? — спытаў сябар. — За сталом. І спачатку, і пасля.
– Твая праўда. Рэж тры гады. Ну, усё адно, мабыць, жыць будзем з усімі надбаўкамі год восемдзесят дзевяць — дзевяноста. Недзе гэтак да 2019 года. Эфектна, халера на яго! А мо паднапружымся на тры месяцы, і — уяўляеш, жонка? — 2020 год. Ф-ф-фу-у!
– Э-э не-е, — з нейкай незразумелай хцівасцю кажа жонка. — Тут вось далей раздзел: "Гады, якія самі сабе адлічваем".
– Ну нашто, нашто іх адлічваць? — Дужа мне спадабалася ідэя жыць у трэцім тысячагоддзі. Хаця б фізічна. Бо абяцаная на зямлі вечная слава канчаецца, часцей за ўсё, з апошнім, хто пайшоў дадому з цвінтара.
– Не-е, трэба па закону.
– Няхай. Я люблю закон… Без узаемнасці.
– За кожны кілаграм вагі звыш меры — адлічвай адзін год, — прачытала жонка.
– Ужо адлічыў, - сумна сказаў я. — Год. Год, за які я, можа, "Магілу льва" напісаў бы.
– Глупства, — сказала жонка. — Па-першае, не напісаў бы, я цябе ведаю. Па-другое, я год змагалася, каб пахудзець на пяць кіло, і за гэты час ні пра якія кнігі не думала, а толькі пра патэльню смажанай бульбы са скваркамі. І ў выніку…
– І ў выніку адлічы ад свайго жыцця два гады: адзін інтэлектуальны, другі — тыя пяць кіло, што не скінула, — сказаў я.
– Ці паліш? — замяла размову жонка. — Адлічвай, калі ніжэй дваццаці папярос у дзень — два гады, калі 20–40 — ад трох да сямі, больш, чым сорак — восем-дванаццаць год.
– Гэта як калі. Часам 20. А калі выклічуць куды ці ты пачынаеш біць у пастронкі, то й пяцьдзесят. Сячы галовы дванаццаці маім гадкам.
– "Ці п'еш? — пытае са значэннем, бы на дыване ў начальніка, анкета. — Калі трохі і ад часу да часу — далічы (!) тры гады. Калі горкі п'янчуга — адлічы восем".
– Што такое горкі п'яніца? — спытаў я.
– Ну той, хто адпівае, — сказаў друг. Хто адсёрбвае, прысёрбвае, распівае, папівае, прыхлёбтвае, цягне, смокча, дудоліць, пацягвае, хвошча, глытае, дзьме, глокча, залівае, зашыбае, прыкладаецца, прымае, закладвае, прыкладаецца да бутэлькі, залівае за каўнер, трымаецца шклянкі, п'е без просыпу, мяртвецкі, горкую, п'яны як бэля, як бочка, п'е як конь. Той, хто алкаголік, алкаш, хто набіраецца, як жаба гразі, хто прапойца, не дурань выпіць, хто запівоха, пітух, півар, бражнік, паклоннік Бахуса і зялёнага змія. Хто нецвярозы, хмяльны, у стане ап'янення, касы, падгулялы, хто языком не варочае, у каго заплятык языкаецца.