Шрифт:
Чытаю першы раздзел.
Гады, якія наследуем. Ці ёсць твая даўгавечнасць якасцю сямейнай?
– Ці дажылі дзяды да васьмідзесяці?
– Ну, дзед дажыў. І невядома, колькі б пражыў, каб не вайна, на якой столькі іх ляжыць, патэнцыяльных стогадовых.
Адразу ў мяне настрой сапсуўся. Пабывалі б вы, доктар Дыяна, на вайне. Але плюсую сабе два гады. Малайчына дзед. А вось бабка падвяла. Памерла рана ад хваробы, якая цяпер не страшней катару. Мінусуем два, і застаюся я пры сваіх інтарэсах.
– Ці мае твая матка 80 год?
– Так. Нават 84. Дай Бог ёй здароўя. Маю ў плюсе паўтара гады.
– Бацька?
– Нуль я тут маю. Пражыў 72 гады. Не піў, не курыў, перажыў удала шэсць войнаў і дзве рэвалюцыі. Пражыць павінен быў бы, па табліцы, сама меней 79. І чаго ён так?
– Ці хварэў хто са сваякоў перад шасцюдзесяццю на сэрца? Не. На дыябет? Так, адзін, — мінус тры ачкі. На жалезы ўнутранай сакрэцыі? Не. На пухліны? Не. На астму? Не.
Ну вось. Не хварэлі, ані дэбету, ані крэдыту. Чатыры нулі. Добра, што хаця не аднялі ў мяне гэтыя нулі дванаццаці гадоў. Ну і, вядома, сваякам добра.
Разумніца анкета.
Наступны яе раздзел. Гады, якія прапрацавалі.
– Якая асвета? Калі пачатковая — дадаем адзін год. Сярэдняя — два. Вышэйшая — тры.
– Дзіўна, — сказаў сябар, — я думаў, наадварот.
– Тут сказана, што павышаецца тады ўзровень жыцця, — сказала жонка. — І веды пра рацыянальнае харчаванне і вобраз гэтага жыцця.
– А калі асвета царкоўна-парафіяльная, а ўзровень жыцця на дзесяць універсітэтаў? — спытаў я.
– Выключаецца, — сказала жонка.
– А калі шафёр зарабляе больш за кандыдата? — спытаў сябар.
– Не можа гэтага быць, — сказала жонка.
– Адзін — малатабоец і сала есць, — змрочна сказаў я. — Другі — аперацыі робіць, усё пра рацыянальнасць ведае, у анатоміі з фізіялогіяй дока, ведае, якое жыццё самае нармальнае, часам інстытутам геранталогіі кіруе, а глядзіш — за яго труною, сярод іншых, ідуць пяцьдзесят чорнарабочых з ніжэйшай асветай. А пасля, за ўспамін душанькі, сала ядуць і чаркай запіваюць.
– І, па-мойму, — сказаў сябра, — ад добрага заробку і вышэйшай асветы (калі ўжо такое спалучаецца) толькі лішняя вага ды стрэсы. Во, і ў табліцы далей так сказана. То каму на свеце пасля такога верыць?
Спрачацца пачалі. Набаўлялі. Прыбаўлялі. Аж пакуль крыху не заблыталіся, як той чалавек, у якога пляменнік (а быў ён старэйшы за далёкага дзядзьку) ажаніўся з траюраднай сястрой дзядзькі, а яе дачка пайшла замуж за дзядзькавага сына, а брат сына… Словам, урэшце выявілася, што дзядзька сам сабе бабуля. І да таго часу ён разбіраўся ў гэтым сваім сваяцтве, аж пакуль яго ледзь не звезлі ў Навінкі.
– Досыць, — перарваў я. — Тры вышэйшыя асветы ў мяне. Дзевяць год ганіце.
– Пра тры нічога не сказана, — зайздрасна сказала жонка.
– Няхай, няхай адна. Давайце мае тры гады.
"Прафесія? — пытае анкета далей. — Калі твая прафесія звязана з тым ВНУ, якую ты скончыў, - дабаў 2 гады. Адвакат, настаўнік — дадай тры. Архітэктар, музыкант, фармацэўт, лекар — 1 год".
Пра маю прафесію нічога. А хто я, сапраўды. І адвакат, і настаўнік, і архітэктар, і з музеямі звязаны, і з музыкай. Шматстаночнік. Як казаў адзін дзед: "Во ў мяне быў зяць дык зяць! Ён табе і сталяр, ён табе і цесля, ён табе і бондар, ён табе і брыгадзір, ён табе і злодзей, ён табе і старшыня мясцкома".
Прыбаўляў, адбаўляў. Адбаўляў — прыбаўляў. Урэшце з уздыхам паставіў сабе два гады. З плюсам.
"Колькі зарабляеш?! — як фінінспектар, грозна пытае анкета. — Калі ацэньваеш свой заробак як вельмі добры — адліч два гады".
– А-а чаму адлічаць, калі добры заробак?
– Таму, што ў такіх часцей стрэсы, і ядуць яны зашмат і нерацыянальна, — павучальна, як быццам раней ведаў, сказаў я.
– А я ж і гаварыў, - сказаў сябар. — А раней казалі тут жа пра вышэйшую асвету, заробак і веданне, як харчавацца добра, а як дрэнна. Дзе логіка?
– Асвета — гэта яшчэ не заробак, — паўтарыў я. — І веданне яшчэ не ўсё. Ведае чалавек, што вячэру трэба аддаць ворагу, а сам павячэрае такой яешняй, што і сучка не пераскочыць, ды яшчэ і набярэцца, як жаба гразі.
– Фу, — сказала жонка. — Як ты, урэшце, выражаешся?
– На чыстай беларускай, — раздражнена сказаў я. — Вось ты? Ведаеш, што каву нанач піць дрэнна? Ведаеш. А ўжо трэцюю п'еш. А з вышэйшай асветай і з добрым заробкам.
– Не добры ён у мяне. Нават горшы, чым у цябе.