Вход/Регистрация
Артыкулы
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Ты што, мне слоўнік сінонімаў чытаеш?

– Не. А ўвогуле, я чытаў, што алкаголю, сухога віна, можна выпіць палову літра на год. Акадэмік адзін пісаў. Філосаф-медык. Здаецца, Кайгародскі. Ці ў "Літаратурцы", ці ў "Навуцы і жыцці".

– І я чытаў, - уздыхнуў я. — А што рабіць? Тут адных свят на год — сем, не лічачы рэлігійных, якія не святкуеш, але… Ды дзён нараджэння ў адной сям'і тры. Ды ў сяброў лепшых дзесяткі тры. Ды сваякоў паўсюль. Ды публікацыя ці кніга, ды… не, тут у паўлітру сухога не ўлезеш. Цяжкае жыццё, і спачынку няма. І таму я языком не варочаю, у куражы, лыка не вяжу, п'яны, як зюзя, падшафэ і ўвогуле гатоў.

Махнуў рукою:

– Не ўлезеш у акадэмікаву норму. Пішы, горкі. Пі маю кроў. Адбірай восем год. Адзінае суцяшэнне, што ў абстынентаў, у поўных цвярознікаў, адзін год адбіраецца. Таму што калі горкае п'янства прычына хвароб, то невялікая колькасць гарэлкі дапамагае перажыць стрэсы, дазваляе расслабіцца, а абстынент у выпадку стрэсу хаваецца за свае парашкі, а яны шкаднейшыя, чым чарка гарэлкі. Добра, што я хаця не абстынент.

– І я тое ж думаю, — з палёгкаю сказаў сябар. — Ну а далей.

– Далей, — драпежна кажа жонка, — гады, што залежаць ад цябе. Ці дбаеш аб форме? Рэжым, спорт, плаванне, пешы турызм, бег па інф… цьфу, па здароўе — далічы тры гады.

– З часу да часу. Нерэгулярна. Галоўным чынам у выглядзе пікнікоў.

– Не лічыцца. Ці клапоціцеся аб здароўі? Ці кантралюеце ціск і сэрца?

– Прымусова, — сказаў я. — У нас лекары такія — душу вымуць. Хоць бы Н. Д. Трапіш у кіпцюры — не вырвешся. Пра лечкамісію і не кажы. Гразіліся пяць метраў вантробы выразаць. А чаго мне тады вылічаць па чатырох папярэдніх пунктах?

– Плюс два.

– Ці любіш спаць?

– Люблю. Хаця і не заўсёды.

– Мінус чатыры.

"Ці ездзіш аўтамабілем? Ці ліхач, ці бравіруеш? Калі так — адлічы 2".

– Чужымі — езджу. Адлічаю — у сябе. Ім асалода без двух гадоў, а мне — страх без двух.

– Ці жанаты?

– Так.

– Далічвай тры гады.

– Да-ліч-вай? — абурыўся я. — Я б гэтыя тры — адлічваў. Ад-ліч-ваў. Толькі працаваць сядзеш (а жонка на работу ідзе): "Пойдзеш сёння свежым паветрам падыхаць?" — "Гадзіны праз чатыры хвілін на дзесяць". — "То ты за гэтыя хвіліны паглядзі, што ў рыбным, малака купі, хлеба, якія бра ў электрычным і лямпачак купі, папярос сабе, два кіло цукру, масла, а пасля пады хай, а пасля яшчэ папрацуй". Ідзеш, як ішак. Жанчына за год цягае 20 тон прыпасаў, мужчына — мінімум пяцьсот. Толькі сеў працаваць: "Прынясі мне кніжку". "А колькі зараз часу?" "А што табе па тэлефоне Аля казала?". "А нехта званіў". І як знак вышэйшага клопату ў момант натхнення: "Ці не з'еў бы ты чаго?" Колькі яны ў нас, у кожнага, жыцця ад'ядаюць? Мінімум дзесяць год… Ну ладна, прыпісвай паўтара гады. Слабае, але суцяшэнне.

"Ці спакойны характар? — спытала анкета. — Ураўнаважаны? Цярплівы? Калі так, то дапішыце па тры гады на кожную якасць. Калі агрэсіўны, запальчывы, поўны непакою — адлічыце па пяць год".

– Адлічвай пятнаццаць, — сказаў я. — Адкуль з такім жыццём быць ураўнаважаным? Спакойным? Цярплівым? Не!!! Я запальчывы, я неспакойны, я агрэсіўны. На ўсіх, а асабліва на гэты часопіс, і на вас, што ўцягнулі мяне ў гэтую гульню. Я… вельмі-вельмі страшны! Я… кусацца буду!

– У вялікім месцы жывеш ці на вёсцы? Плюс-мінус адзін год.

– Мінусь, — узроў я.

– Ці шчаслівыя вы? Калі адкажаце "так" без вагання — прыбаўце тры гады.

– А хто можа адказаць з пэўнасцю і без вагання, што ён шчаслівы?! Халера на ўсё. Лепшыя розумы, лепшыя філосафы свету, і тыя. А калі адказвалі так, то хлусілі.

"А калі ў вас клопаты, нязмерныя псіхічныя нагрузкі, пачуццё віны, — кінула анкета апошнюю саломінку, што зламіла вярблюду спіну, — то адкіньце тры гады".

– А ў каго няма клопатаў? У каго не перагружана псіхіка? А хто не мае пачуцця віны перад усімі людзьмі? Падлюгі хіба? — Я ўжо быў у ашалелай раз'юшанасці, амаль непрытомны.

А тыя пачалі ўжо сваю італьянскую бухгалтэрыю. Лічылі, вылічалі, адбаўлялі і прыбаўлялі, а матэматыкі з іх былі, як з мяне.

– Бі іх, — роў я. — Бі дактароў навук! Бі друкароў! Бі пісьменнікаў! Анархія — маці парадку! Рэж, Янка, Бога няма!

– Ты не можаш нас рэзаць, — станоўча сказала жонка.

– Чаму не магу?!

– Ды ты ж дзевятнаццаць год назад памёр, — ахнула жонка.

– Як?

– Ну так. У 1958 годзе. Тут усё сказана. Па табліцы.

– Я ж тады толькі першую кнігу выпусціў! А астатнія дзевятнаццаць?!

– Падумаць толькі, - здзівілася жонка. — Ніколі б не паверыла ў такое. Мёртвы! Аж дзевятнаццаць!

Я затужыў. Праверыў. Сапраўды, так. І, як кожны мужчына, прызнаў рацыю жонкі і жаночага часопіса. Заўсёды яны ўсё ведаюць, заўсёды маюць рацыю. Вось хоць бы жонку ўзяць. Сядзім у тэатры. І раптам яна на ўсю залу сказала:

– Пабач, пабач, унь у першым радзе Дунін-Марцінкевіч сядзіць.

– Цс-с-с, — засычэў я. — Што за… Ён жа даўно памёр.

– Глядзі-і ты… А зусім як жывы…

Я толькі рукой махнуў. Махнуў і на гэты раз. Заставайся пры сваім. Суцэльны дэбет пасіву.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: