Шрифт:
— Або Рамейка кудысьці заходзіў, або ў гэты час быў ужо нежывы. Першае, бадай, выключаецца, праверылі, здаецца, усё.
— А раптам хто не хоча сказаць, Васіль Андрэевіч?
— Прычына?
— Значыць, другое? — Корзун задумаўся.
— Дарэчы, Аляксандр Антонавіч, інспектары ўжо шукаюць машыну.
— Так-то яно так…
— Не верыш?
— Ты, Васіль Андрэевіч, лепш скажы, дзе быў Рамейка з адзінаццаці да абеду?
— Цябе паслухаць, дык журналіст у сваёй смерці сам вінаваты, — паціснуў плячамі Шабуня.
Корзун пасміхнуўся — Шабуня, сам таго не ведаючы, паўтарыў Святлану Якушаву.
— А ўсё-такі? — Корзуну не хацелася раней часу раскрываць сваю задуму.
— На мясакамбінаце, — і дадаў уедліва: — Можа, інфармацыю браў.
— Можа, ці браў? — ад Корзуна было не так лёгка адчапіцца.
— Не цікавіўся, — Шабуня праверыў, ці замкнёны сейф. — Я да пракурора. Пойдзем?
— Буду пазней.
— Няўжо на мясакамбінат? — Шабуня паглядзеў на яго, як на блазна.
Начальніка раённага аддзялення крымінальнага вышуку можна было зразумець: яго супрацоўнікі пабывалі на камбінаце, даведаліся, што Рамейка гутарыў з галоўным інжынерам, што цікавіўся, хто і колькі жывёлы здае. Для карэспандэнта гэта было натуральным, і Шабуневы падначаленыя здаволіліся пачутым. Але Корзун адчуваў сябе так, нібы сядзіць на беразе незнаёмай і бурлівай рэчкі, чакаючы, што вынесе яму свавольная імклівая плынь. І таму мусіў пераправяраць нават тое, што здавалася неаспрэчным.
Корзун не меў падстаў папракнуць у чым-небудзь мясцовых аператыўнікаў і Пратасеню — яны, на яго погляд, не дапусцілі пакуль ніводнай памылкі. Так што паўтараць іх працу патрэбы не было. Але газетчык зацікавіў яго як чалавек малазнаёмай і ў той жа час у нечым блізкай яму, супрацоўніку міліцыі, прафесіі. Захацелася разабрацца ў сутнасці карэспандэнцкай справы, паставіць сябе на Рамейкава месца, зразумець яго ўнутраны свет, кола абавязкаў. Думалася, тады лягчэй, можа, будзе ўстанаўліваць прычыну яго гібелі.
На мясакамбінат Корзуну пайсці не давялося. Пазваніў Пратасеня:
— Давай, Аляксандр Антонавіч, да мяне! Машына ўжо выехала.
Корзун падумаў, што, напэўна, знайшлі шафёра, які збіў журналіста. Зрэшты, так яно і павінна быць. Бо, калі на Рамейкавым паліто выявілі аўтамабільную фарбу, пошукі адразу замкнуліся на абмежаванай колькасці машын.
Мужчына, які сядзеў ля пракуроравага стала, — гадоў трыццаці — трыццаці пяці, разгублены, з чырвоным ад нервовага напружання тварам, толькі пацвердзіў яго здагадку. Корзун кіўнуў Пратасеню і сеў побач з Шабунем. У кабінеце было ціха, і гэта чамусьці не спадабалася Корзуну. Ен запытальна зірнуў на пракурора.
Пратасеня пераклаў стосік чыстай паперы з правага боку стала на левы і толькі тады звярнуўся да мужчыны:
— Раскажыце, Кучаронак, яшчэ раз, як было, хай прадстаўнік абласнога ўпраўлення паслухае.
Мужчына каўтануў сліну і аселым голасам сказаў:
— Ён быў жывы…
— Да гэтага мы яшчэ падыдзем, — спыніў яго пракурор, — вы з самага пачатку.
— А што тут гаварыць, — мужчына безнадзейна махнуў рукой. — Пад снегам быў лёд, машыну занесла ўлева, ну і збіў чалавека. Пакуль спыніўся, падбег, ён ужо стаяў. Кажу, паедзем у бальніцу. А ён матляе галавой: «Не магу, шэф, мне яшчэ з адным тут пабачыцца трэба. А ты матай, матай адсюль, а то яшчэ адказваць будзеш, што наехаў». Мне б яго не паслухаць, я цяпер разумею. А тады ўзрадаваўся, сарваўся з месца і — у гараж. Толькі ўчора ўвечары даведаўся, што памёр нейкі журналіст.
— Чаму адразу не прыйшлі да нас? — не вытрымаў Корзун. — Як даведаліся.
— Дык жа таго цягнік збіў…
Корзун насцеражыўся: ці не гэты самы шафёр падкінуў забітага на пераезд? Ён хацеў быў задаць яшчэ пытанне, але Пратасеня ўзняў руку.
— Цягнік — цягніком, — сказаў ён. — Але на паліто забітага фарба, падобна, ад вашага грузавіка, Кучаронак.
Шафёр недаверліва паглядзеў на пракурора.
— Так, так, Кучаронак, — Пратасеня пасуровеў.— Апошняе слова скажа экспертыза, але ж і вы не адмаўляеце, што наехалі на невядомага чалавека. Вось бачыце. Пасядзіце пакуль у суседнім пакоі.
— Як ён да вас трапіў? — спытаў Корзун.
— Загадчык гаража прыслаў. Праўда, Кучаронак і сам перад ім не таіўся, калі ўмяціну на левым крыле заўважылі. Задаў ён нам загадку!
— Лічыце, не маніць?
— Паспрабуй цяпер правер, — Шабуня скрыпнуў крэслам.
— Медыцына сцвярджае, што Рамейка памёр не адразу, — сказаў Пратасеня, — так што ўсё можа быць…
— Трэба праверыць у медыкаў, ці мог у такім стане Рамейка дабрацца сам да пераезда, — Корзун у думках узважваў пачутае. Прызнанне Кучаронка ставіла ў яго версіі ўсё на месца. Справа аказалася даволі хрэстаматыйнай: галалёд, завіруха і раптоўны прахожы на дрэнна асветленай вуліцы. Вось толькі ці не хлусіць, што паехаў, пакінуўшы Рамейку на вуліцы?
— Ну, гэта дэталі, Аляксандр Антонавіч, — паціснуў плячамі Шабуня. — Хай імі следчы займаецца ды суд. А наш з табой клопат, бадай, скончыўся.
— Падобна, — падтрымаў яго Пратасеня. Корзун прамаўчаў. Не на ўсе пытанні, калі ўжо на тое, былі атрыманы адказы. Але ці мела гэта значэнне, ён не ведаў.
— Ты сёння дадому?
— Напэўна…
— Маю што перадаць твайму начальству.
— Юркаўцу?
— Яму. Як ты там, асвоіўся?
— Не магу паскардзіцца. З маёрам Юркаўцом цікава працаваць, не заціскае.