Шрифт:
Тарас балюча сціснуў яго локаць:
— Славік, сціхні!
— А чаму ён увесь час глядзіць на мяне з завоблачных вышынь? Я што — ніжэйшая істота?
— Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу?
— Калі чалавек залішне высока ставіць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другія хочуць прынізіць яго. Гэта — манія, — сказаў Генрых, прыветліва махаючы камусьці рукой.
Варэнік быў заўсёды падкрэслена ветлівы, і нечаканы філасофскі вывад яго збянтэжыў Славіка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзіў Тарас:
— Не будзь ты такім пеўнем. Не прыдзірайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. І, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамі.
— Хлопцы! Кампраміснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнікаў п'ём піва, — прапанаваў Вася Лапацін.
— А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пільнуе, — засмяяўся Косця.
Размова пайшла ў другім кірунку, і Славік хутка забыў сваю крыўду.
А вось сёння пасля новай сутычкі з Ходасам успомніў усё да драбніц, пачынаючы з першай сваркі за сталом на дачы.
«Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кіну да д'ябла! Ну іх!.. Не, так лёгка я не кіну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду — дык з музыкай», — пагражаў ён усёй брыгадзе.
Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра:
— Слава, ты няправільна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, — і паказаў, як трэба.
Маленькая ласка — і знікла злосць на ўсіх, засталася на аднаго хіба Ходаса.
Панядзелак, кажуць, «цяжкі дзень». Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асабліва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых і Косця прыйшлі на завод з газетамі і віталіся словамі:
— Чытаў?
— Ага.
— А ты, Косця?
— Усяго не паспеў.
— А я, браткі, да цешчы ездзіў. Галава баліць, — шчыра прызнаўся Лапацін, вінавата зморшчыўшыся.
— Няхай жывуць цешча і шчырасць! — весела выгукнуў Славік. — Нават я пра галаву не прызнаўся б. — І гарэзліва аглянуўся: — Ша! Каб ніхто не пачуў.
— Не блазнуй, калі гавораць пра такія рэчы, — асек яго Іван.
Ужо тады Славіку хацелася счапіцца з ім. Але размова сапраўды ішла занадта сур'ёзная. Славіка яна таксама цікавіла, праўда, больш з іншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацікаўлены і так блізка бяруць да сэрца ўсё, што запісана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, ці па звычцы выказваюць «газетныя пачуцці»? Гэтае пытанне ўзнікла ў яго яшчэ ўчора ў адносінах да бацькі і Яраша. «Класік» (так Славік называў бацьку ў яго адсутнасць) прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня — знарок па газеты. А Яраш адмовіўся нават пайсці на раку — так нецярпліва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачыніліся ў пакоях і чыталі да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачаліся каля кастра.
Славік спачатку паставіўся да павышанай цікавасці бацькі і Яраша даволі скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запісана наконт прыватнай уласнасці — дач, машын. Ці не гэта пагнала старога па газеты?
Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна і не дужа прыязна:
— Прачытай! Можа, паразумнееш.
Ён разгарнуў «Правду» і ўпотай свіснуў: гэтулькі чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. І адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае і прымітыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылі. Партыйны дакумент захапіў юнака незвычайнай шырынёй філасофска-палітычных і эканамічных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзін нечаканы вынік азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славік зразумеў, як мала ў яго, «тэарэтыка новай маралі», ведаў. Да ўсяго ён ставіцца скептычна, нігілістычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабіў? Па-свяціў на тэлестудыі? Завінціў сотню гаек? Гэтыя думкі спалохалі і засмуцілі. «Э-э, пачынаю здаваць пазіцыі. Уступаю пад напорам прапаганды», — падумаў ён і акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Маці, якая не спускала з яго вачэй, сказаў:
— Не для майго маленькага розуму такія высокія матэрыі.
Самакрытычнасць сына, які раней быў даволі высокай думкі пра свой розум, спадабалася Валянціне Андрэеўне. Яна лагодна сказала:
— Але, усяго адразу не ахопіш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумліва.
…Калі хлопцы спыталі, ці чытаў Праграму Славік, ён прыгадаў словы маці і тут жа перакруціў іх, як кажуць, дагары нагамі — усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другіх.
— А навошта? Прымусяць вывучаць — тады прачытаю.
— А без прымусу ты не можаш? — зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з ім. Але Тарас умеў спрытна адвесці размову ад Славікавых часам залішне гарэзлівых, часам празмерна сур'ёзна-песімістычных і амаль заўсёды недарэчных заўваг і адказаў.
Хлопцы гаварылі аб Праграме так, што ў Славіка зноў з'явілася захапленне яе велічнасцю, і ён слухаў моўчкі і сур'ёзна. Ды раптам выявіў, што Іван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славік зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робіць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнік.
«Ах, вось ты які мараліст, ханжа! — узрадаваўся Славік „падзенню“ свайго ворага. — Чакай жа, я зараз цябе злаўлю», — і ўжо пачаў успамінаць тыя раздзелы, якія прачытаў учора, каб на іх выкрыць Ходаса. Але перашкодзіў гудок.
Праз якую паўгадзіну яны сутыкнуліся ля станіны. Страсці накаляліся. Славік гарэў помстай.
У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што і Ходас. Але ад іх не адступаў Тарас. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Ды і ад Івана ўсе Славікавы словы — што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Гарчыца, відаць, была пякучая, хлопец крывіўся, чмыхаў, з вачэй сыпаліся слёзы, але еў са смакам. Славіка давяла да шаленства такая Іванава абыякавасць да яго прычэпкі: