Шрифт:
Славіку хацелася, каб рабочы пачаў ганіць брыгаду і нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў іншае:
— Ганчароў — чалавек правільны, але дзівак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй — заганяй манету. Дык не — хочацца яму вучыць такіх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў ідуць. А ён — у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылі. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косці — другі, а прагрэсіўку дзеляць пароўну. Дзівак!
— У Тараса бацька багаты, — вырашыў падыграць Славік.
— Яраш? Ён жа не родны.
— Але ўсё адно грошай дае — колькі хочаш.
— Маніш, — усміхнуўся рабочы. — Навошта ж яму тады жыліцца так на зборцы?
— Свядомасць.
— Але, ёсць такія людзі, — уздыхнуў чамусьці стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусім так. Сказаў: — Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукі мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такім і тысячу можна плаціць.
— А колькі вы выганяеце?
— Ды як калі. Паўтары-дзве.
Славік свіснуў.
— Што ж гэта па вас не відно? — І, уцягнуўшы шчокі, сціснуў іх пальцамі, разявіў рот, маўляў, чаму ж такі худы?
Рабочы ў адказ мазануў Славіка па твары намасленай веташшу.
— Вытры нос.
Стары, відаць, пакрыўдзіўся. І Славік абразіўся таксама. Каб хто ў іншым месцы гэтак зняважліва пэцнуў па твары — не паглядзеў бы ні на ўзрост, ні на пасаду, ні на што. А тут прыйшлося змаўчаць.
Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулі па твары — гэтага хоць ніхто не бачыў. А вось другое яго ўніжэнне бачылі многія. Ён стаяў і з цікавасцю разглядаў вялізныя станкі. Раптам — званок угары. Ён задраў галаву і жахнуўся: на яго паўзла агромністая станіна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран і як спрытна і лёгка можа пранасіць па цесным праходзе шматтонныя дэталі беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што ніхто не здолее спыніць інерцыю гэтай махіны і яна вось-вось раздавіць яго. І ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой і ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлі. Калі ж убачыў, што станіна нерухома павісла, а з вышыні, з будкі, выглядае дзюбаты тварык і весела смяецца, Славіку захацелася праваліцца скрозь зямлю.
У той момант ён узненавідзеў кранаўшчыцу. І вось цяпер бравіруе смеласцю да парушэння правілаў тэхнікі бяспекі. За гэта яго не раз ужо лаялі: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякія маральныя павучанні Славіка раздражнялі. Лаянка майстра Галыгі яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся і пагразіў, што выганіць з завода — без лішніх слоў і настаўленняў. Славік, сам балбатлівы, паважаў людзей немнагаслоўных і рашучых: сказаў — зрабіў. Пагроза майстра крыху падзейнічала, дні два ён не выкідваў ніякіх «конікаў».
Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе яму падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. На студыі Славік бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалімнічалі перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.
На заводзе людзі ўвесь час заняты працай. Не збіраюцца, каб расказаць новыя анекдоты ці пагуляць у шашкі, як на студыі. Не пляткараць. Калі часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта і шчыра.
А галоўнае — падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыі, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Ці вунь другая «штучка» — вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Відаць, павінна з'яўляцца нейкае асаблівае пачуццё, калі ўласнымі рукамі збярэш такі станок, электрыкі ўставяць яму «душу», прыйдуць інжынеры і пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалі ўжо адзін такі станок, і Славік прысутнічаў на выпрабаванні. Ён прыдзірліва назіраў за брыгадай і ўпершыню тады сур'ёзна падумаў, што недарэмна пішуць у кнігах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрці могуць ганарыцца! Не станок — цэлая паточная лінія. Аўтаматычная загрузка і разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкі і — 300 трактарных утулак за гадзіну… Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пісалі дзе-небудзь у пашпарце, хто збіраў станок. Глядзі, неўзабаве магло б з'явіцца: Уладзіслаў Шыковіч.
Славік падумаў пра гэта зусім сур'ёзна, без звычайнай іроніі над уласным жаданнем. Гэтак жа сур'ёзна прапанаваў у канцы змены:
— За такі станок не пашкодзіла б… — і пацёр падбародак.
Брыгада, як адна сям'я, ішла па заводскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Славіка быццам не пачулі. Гэта кранула яго самалюбства.
«На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагі? Чакайце ж!»
Але праз хвіліну адгукнуўся Лапацін:
— А можа, праўда, хлопцы?
— Ты забыўся на ўмову? — спытаў Тарас.
— Як лёгка ты ідзеш на спакусу, — зласліва кінуў Лапаціну Ходас.
— Не спакушай мяне, галубка! — жартаўліва праспяваў Косця.
— Мяне чакае Зоя, — па-прафесарску паправіў акуляры Генрых.
— Глядзі, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру.
— Хто «ён»? У якую веру? Хто — «ён»? Я? Дык я — тут, жывы, здаровы. Імя — Уладзіслаў Шыковіч. — Хлопца заела, што Ходас сказаў «ён», нібы яго, Славіка, няма тут ці ён не роўны ім. Але раскрычаўся ён знарок, каб другія рабочыя каля прахадной пачулі, што не такі ўжо лад і дружба ў гэтай камуністычнай брыгадзе.