Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— А кукуруза?

— Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста.

— Лепшая, чым летась?

— Лепшая!

— А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот?

Беразоўскі засмяяўся:

— Гэта твой друг Раманаў у кабінеце на паперы вырошчваў па гэтулькі.

— Ты ў яго быў трэцім. Маеш вопыт.

— Цяпер за такі вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, — сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат.

— А не здаецца табе, Барыс Пятровіч, што нежаданне пусціць журналіста ў слабы калгас — гэта сцэна з той жа оперы «Паказуха»?

Беразоўскі пакрыўдзіўся:

— Я хацеў памагчы табе напісаць такі нарыс, за які цябе, пісаку, пахвалілі б, а ты вунь як вытлумачыў… Ну дык каціся ты ў сваё Загалле.

— А як туды дакаціцца?

— Добра. Не будзем крыўдзіцца адзін на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзіны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ і пасля завязу цябе сам.

Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковіч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, і натрапіў у канторы на загальскага старшыню.

Грак, калі Шыковіч звярнуўся да яго, акінуў падазроным позіркам, спытаў коратка:

— Хто?

— Лектар.

Шыковіч не хлусіў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыі лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабіў даклады пра літаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць іх думкі.

— Лектар — рэч патрэбная, — паблажліва дазволіў пад'ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялічкая, ніякі не рэвізор, ён тут жа страціў усялякую цікавасць да гэтай «рэчы патрэбнай».

Шыковіча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён — «рэч патрэбная», не стрымаўся — усміхнуўся, пакруціў галавой. Дзяўчаты глядзелі на яго як на дзівака.

Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскімі грэблямі. І вось яно — Загалле, вялікае сяло ў падкове дубовых гаёў.

Не вызначаюцца яшчэ асаблівай навізной нашы вёскі. Пра гэта многа гаварылі і пісалі. Пісаў і Шыковіч. Але амаль усюды, дзе ён ні ездзіў, то бачыў побач са старымі хатамі новыя збудаванні: ці то тыповая школа, бальніца, клуб, ці новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць і нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай і шыферам, і бадай што ва ўсіх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнікі, свінарнікі, над якімі ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавікі. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нічога новага не было ў Загаллі. Сяло ў вайну не гарэла. І ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нізкімі і маленькімі акенцамі, з замшэлымі стрэхамі. Быццам і не раслі тут людзі, не жаніліся, не аддзяляліся ад бацькоў, не заводзілі свой куток, не дбалі, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскі.

Калгасныя патрэбы, відаць, задавальнялі тыя хлявы і свірны, якія злеплены былі пасля калектывізацыі з абагуленых гумнаў.

На доўгай травяністай вуліцы гуляла многа малых, пасвіліся шматлікія чароды гусей. Відаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковіча ўразілі андаракі на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфічны куток. Кірыла чамусьці падумаў пра адзенне старшыні і яго пацёртую кірзавую сумку. Андаракі хоць прыгожыя — квяцістыя. Трэба купіць адзін — для экзотыкі.

Машына спынілася насупраць дома, які стаяў у глыбіні старога і, пэўна, здзічэлага саду: пладоў на яблынях і грушах не было. У суседніх сялянскіх садках чырванабокія яблыкі былі відны здалёк.

Старшыня выскачыў з кабіны і, нічога не сказаўшы Шыковічу, не запрасіўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай.

Калі машына адышла, Шыковіч застаўся адзін на вуліцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якія таксама выскачылі з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшыні ці калгасная канцылярыя? Ён толькі беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскі дом. На другім баку вуліцы ці, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўваліся вуліцы) узвышалася былая царква. Шыковічу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будыніне — клуб ці склад?

Ды раптам з'явіўся Грак. Без сумкі. З прыветлівай усмешкай на ўвесь шырокі загарэлы твар:

— Таварыш Шыковіч?

Кірыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалі, пазваніў Беразоўскі. Усміхнуўся ў адказ.

— Кірыла Васільевіч! — Усё было высветлена. — Як жа можна так? Ай-я-яй… — Старшыня дакорліва ківаў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. — Я разумею, ваш брат, інжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалі, хто на іх глядзіць. Але мне вы павінны былі сказаць. Калі трэба, я — ні гу-гу.

— Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабіць. Можна сёння сабраць людзей?

— На ваша імя прыляцяць, як матылі на агонь.

«Ого, — падумаў Шыковіч, — ды ён галантны мужчына. Можа і кампліменты выдаваць».

Ветліва адчыніўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога:

— Трышка! Абвясціць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пісьменнік Шыковіч! У дзевяць гадзін усе як адзін у клуб, слухаць лекцыю!

Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалістай (лепшы парыжскі цырульнік не зрабіў бы такой прычоскі, як зрабіла прырода), раней чым кінуцца выконваць загад старшыні, шчыра і моцна паціснуў Шыковічу руку і паведаміў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: