Шрифт:
— На месцы вашага калегі я не далучаў бы такі дакумент да справы. Ён апраўдвае Савіча, — сказаў Шыковіч капітану.
Сербаноўскі адказаў холадна, амаль непрыязна, не адарваўшыся нават ад папер:
— Тут падшыты ўсе дакументы, якія знойдзены.
— Мяркуючы па заяве, захоплены архіў управы… Так?
— Не ведаю.
— Няўжо там больш нічога не знайшлося, што характарызавала б дзейнасць Савіча?
— Не ведаю. Прачытайце выразкі.
Выразак з газет было некалькі. З розных — нацыяналістычных, нямецкіх, партызанскіх. Фота: у прэзідыуме сходу беларускай інтэлігенцыі — Савіч, над галавой яго пастаўлены крыжык. Здымак цьмяны, невыразны, твары расплыліся, але ўсё-такі пазнаць можна, што чалавек, адзначаны крыжыкам, той самы, што і на фота, якім адкрываецца справа. Вельмі прыкметны лоб.
Узнагароджанне шчырых служкаў «новага парадку» ордэнамі рэйха. У спісе ўзнагароджаных Савіча няма. Але на фота, на якім адбіта цырымонія ўручэння фашысцкім генералам узнагарод, на заднім плане, праўда, — зноў той жа лоб выглядвае з-за галоў другіх. Нарэшце доўгі слязлівы некралог, які Шыковіч чытаў яшчэ тады, калі пісаў кнігу Гукана. Спачуванні ў нацыяналістычнай і нямецкай газетах. Паведамленне аб пахаванні «актыўнага дзеяча беларускага вызваленчага руху», праслаўленага доктара медыцынскіх навук Сцяпана Савіча, «які загінуў ад рук бандытаў». Кароткая інфармацыя ў газеце партызанскай брыгады «За Радзіму»: «Падпольшчыкі горада выканалі прысуд народа над здраднікам Радзімы доктарам Савічам. Такая кара чакае кожнага фашысцкага сабаку!»
Шыковіч загарнуў папку, моцна пляснуў па ёй далоняй. Настрой у яго быў такі, што хацелася з кім-небудзь пасварыцца. З Сербаноўскім, ці што? Яго ўзлавала, што капітан ніяк не зрэагаваў на тое, як ён скончыў сваю працу. Нават не ўзняў галавы.
— І гэтыя дакументы вы баяліся паказаць мне? Ва ўсіх інстанцыях узгаднілі? Фармалісты!
— Нічога цікавага для вас няма? — як бы шкадуючы, спытаў Сербаноўскі, адкінуўшыся на спінку крэсла і праціраючы пад акулярамі стомленыя вочы.
— Апроч прашэння Савіча, усё гэта я чытаў дванаццаць год назад. Без усялякай гульні ў хованкі.
Капітан, між іншым, падумаў:
«А следчы з цябе не надта. Каб ты быў больш уважлівы, то ўбачыў бы, што папка расшывалася і адзін дакумент з яе вынялі».
— Не сакрэт, што вы намерваецеся рабіць далей?
— У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архіўны пыл, як раіў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якія ведалі Савіча, працавалі з ім. — Шыковіч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. І раптам павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста?
Сербаноўскі падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кішэні ключы, адчыніў тоўстую дзверку.
— Я пакажу вам маленькі дакуменцік, які мне ўдалося адшукаць. — І дастаў з верхняй палічкі блакнотны пажоўклы лісток, доўгі і вузкі, працягнуў Шыковічу. Той у адзін позірк прачытаў:
«Хведзя!
Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак — и я табе раскушу эты арех. Имею „ключик“. Табе — слава и спасибо гестапо, а мне — грошы. Давай согласие. Не тяни.
Твой Кравец».Напісана алоўкам, па-расейску, з памылкамі.
Шыковіч прачытаў другі раз, трэці, здзіўлены і ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капітана. Зачыніўшы сейф, Сербаноўскі круціў на пальцы ключы і тлумачыў:
— Гэта з «архіва» следчага паліцыі Хведара Швагерава. Яго судзілі ў сорак пятым, далі пятнаццаць год. Я вось разбіраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Хто пісаў? Калі? З якой прычыны? Відаць, палічылі, што намёк на Савіча — непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелі ў вочы адзін аднаму, глядзелі з той шчырасцю і разуменнем, якое яднае людзей, робіць сябрамі. Сербаноўскі адчуў, зразумеў, як раптам змяніў сваю думку аб ім пісьменнік, і парадаваўся, хоць лічыў, што яму не да твару выяўляць якія б там ні было пачуцці. А Шыковіч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусціць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкія асаблівыя словы.
— Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу.
— Мне не трэба пахвалы, Кірыла Васільевіч. Толькі, калі ласка, не думайце, што я і мае калегі заўсёды падбіралі толькі тыя дакументы, якія абвінавачваюць. «На месцы вашага калегі…» Эх, Кірыла Васільевіч! Паверце, што для мяне самая радасная работа — даказаць, пацвердзіць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковіч працягнуў яму руку. Яны застылі ў моцным сяброўскім поціску рук.
— Памажыце нам. А я памагу вам.
— Дзякую, Анатоль Барысавіч.