Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Пачакай мяне, — і знік за дзвярыма.

Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволілі паглядзець справу Савіча.

Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб'ектыўны і разумны.

У калідоры гаркома Кірыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывіталіся.

— Ну, як — вычухаў? — спытаў сакратар як быццам жартаўліва, але без усмешкі.

— Што?

— Галавамойку. Не апеліруй. Другім дасталося больш.

— А я і не меў намеру апеліраваць, — адказаў Шыковіч і падумаў: «Ну, вось, я так і ведаў».

Дайшлі да дзвярэй прыёмнай. Спыніліся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковіч, які пры сустрэчы неяк даверліва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: «Гэтыя ўмоўнасці, згары яны, мімаволі робяць нас бюракратамі. Інстанцыя, дыстанцыя… А пасля глядзіш: усё па форме правільна, а па сутнасці… Нялёгка нам вяртацца да ленінскага стылю», — і шчыра запрасіў, адчыніўшы дзверы:

— Заходзь — пагутарым.

На нейкі момант Шыковіч застыў у нерашучасці — ісці ці не ісці? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?

Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:

— Не бойся. Маралі чытаць не буду.

Ужо ў кабінеце, скінуўшы пінжак і расслабляючы гальштук, спытаў:

— Каго там з тваіх блізкіх аперыравалі? Мне Ларыса Пятроўна сказала.

І Шыковіч пачаў расказваць усё з яшчэ большымі падрабязнасцямі, чым раніцой расказваў Сербаноўскаму, — пра Савічаў, бацьку і дачку, пра падпольшчыкаў, імёны якіх раней нідзе не ўпаміналіся, пра свае здагадкі, меркаванні, пра суб'ектыўнасць кнігі Гукана. «Вось яно што, — падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. — Зразумела. „Старому“ нялёгка адмовіцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзін усё сказаў. І хочацца любымі сродкамі збіць з тропу гэтага няўрымслівага чалавека, свайго сааўтара, які можа ўсё перавярнуць дагары нагамі. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавіч».

— Я тут чалавек новы, Кірыла Васільевіч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.

— І кожны раз у спіс падпольшчыкаў заносілі дзесяткі новых імён. Хіба гэта не доказ таго, які размах мела барацьба нашых людзей? Хіба для выяснення і ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? — Шыковічу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, і ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.

— Але, для гэтага варта папрацаваць, — задумліва згадзіўся сакратар гаркома, шукаючы ў спісе пад шклом нумар тэлефона.

— Першапачаткова нават імя Яраша нідзе не ўпаміналася. А ён выконваў спецзаданні гаркома.

Тарасаў павярнуўся да століка з тэлефоннымі апаратамі і набраў кароткі нумар.

— Ало. Вагін? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпіёнаў злавіў? Што? Вывеліся, кажаш? Глядзі, як бы мы не прытупілі пільнасць. То-та. Андрэй Астахавіч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пісьменніку? Чалавек цікавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? — Тарасаў змоўк і слухаў даволі доўгае тлумачэнне, кідаючы час ад часу кароткае: «Ыгы».

Кірыла заўважыў, што ў нейкі момант ён шчыльней прыціснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кірыла падняўся з крэсла і адышоў да акна. Неба зрабілася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменні ў гэтых сухіх і высокіх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела — ажно цяжка рабілася дыхаць.

«Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальніцу. Станем на беразе і будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькі гадзін першабытнага жыцця. Васіль умее арганізаваць яго. Каб ні пра што не думаць…»

— Добра. Давай у чатыры.

Шыковіч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагін сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзіннік: было без чвэрці тры. Тарасаў паклаў слухаўку.

— Дні праз два яны пакажуць табе, Кірыла Васільевіч, патрэбныя дакументы. У такіх органах нельга без некаторых фармальнасцей.

«Два дні, якія, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!» — нецярплівы даследчык расчаравана ўздыхнуў.

Сакратар нібы прачытаў яго думкі.

— Не бойся, гэта не будзе праз два тыдні. У чатыры Вагін будзе ў мяне, і я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.

На трэці дзень пасля аперацыі Яраш нарэшце пакінуў бальніцу і прыехаў на дачу. З'явіўся гадзін у пяць дня на таксі, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнісцы (дома ведалі, што пасля ўдалай аперацыі ён заўсёды нешта купляе), з шампанскім, цукеркамі, падарункамі. Быў уважлівы, далікатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю і суседзяў цэлы год.

Галіна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калі ён затрымліваўся ў бальніцы на суткі, на двое пасля такіх вось аперацый, у яе не ўзнікала ніякіх дурных думак. Нішто не псавала настрою, і яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыі яна звычайна не любіла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблівы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: