Вход/Регистрация
Юстыцыя
вернуться

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

Я ўсё-такі згадзіўся. Хоць яшчэ назаўтра мерыўся адмовіцца. Я адчуваў, што на карту пастаўлена мая адвакацкая рэпутацыя, хай нават ніякай рэпутацыі ў мяне пакуль што і не было. Але прапанова Колера не мела сэнсу, нейкі фокус, ніжэй годнасці маёй прафесіі, чыстая магчымасць зарабіць шмат грошай на дурніцу, супроць чаго паўставаў мой гонар. У тыя часы я яшчэ хацеў заставацца незаплямленым, марыў пра сапраўдныя працэсы, пра магчымасць прыносіць людзям карысць. Я напісаў кантанальнаму радцу ліст, дзе паўторна паведаміў яму свае рашэнне. На гэтым справа для мяне была закончаная. З лістом тым у кішэні я выйшаў са свайго пакоя на Фраерштрасэ, як выходзіў штораніцы, а дзевятай ноль-ноль, каб для пачатку як звычайна наведаць «Сэлект», пазней забегчы ў сваю кантору (мансарда на Шпігельгасэ), а яшчэ пазней — прайсціся па набярэжнай. У дзвярах я раскланяўся са сваёй кватэрнай гаспадыняй, прымружыў вочы ад сляпучага святла, гледзячы на жоўтую паштовую скрынку каля дзвярэй крамы, праз дарогу ад мяне, некалькі крокаў, смеху вартая адлегласць, але, як што жыццё часам нагадвае сюжэт дрэннага рамана, я гэтай раніцай, цяжкай, гнятлівай, бо дзьмуў фён, г. зн. тыповай для нашага горада, звычайнай раніцай паміж дзевятай і дзесятай, як ужо было сказана, сустрэў, і ўдадатак падрад, аднаго за адным: а) старога Кнульпэ, б) архітэктара Фрыдлі, в) прыватнага дэтэктыва Лінгарда.

а) Стары Кнульпэ: ён прыхапіў мяне каля паштовай скрынкі. Я якраз мерыўся ўкінуць свой ліст з адмоваю, як ён запабег мяне з цэлым пачкам пісьмаў, якія паўкідаў акуратна адно па адным. Як заўсёды са старым была ягоная жонка. Прафесар Карл Кнульпэ, амаль двухметровы, худы, здавалася, толькі са скуры і касцей, рыхтык той прапаведнік Сімон Бэргер ці Мікалай з Флюэ, але безбароды, здзічэлы, брудны, летам і ўзімку ў палярыне, да яе шапка-баскаўка. Яго жонка таксама высокая, як і ён сам, гэтакая ж худзюшчая, гэтакая ж здзічэлая і брудная, і таксама год у год насіла палярыну і шапку-баскаўку, аж многія прымалі яе не за ягоную жонку, а за брата-блізнюка. Абое былі асобы ў сваёй прафесіі, абое — сацыёлагі. Але як неразлучныя былі яны ў жыцці, так навукова былі смяротныя ворагі, люта ваявалі адно з адным у друку — ён вялікі ліберал («Капіталізм як духоўны авантурызм», Франке, 1938), яна — зацятая марксістка, вядомая пад імем Майсей Штэхэлін («Марксісцкі гуманізм гэтага свету», Эўропа-фэрлаг, 1939), абое аднолькава пацярпелі за свае палітычныя сімпатыі: Карл Кнульпэ не атрымаў візу ў ЗША, Майсей Штэхэлін — у СССР, ён рэзка быў выказаўся супроць «інстынктыўных марксісцкіх тэндэнцыяў» у Злучаных Штатах, яна яшчэ больш неміласэрна праехалася была па «дробнабуржуазнай здрадзе» Савецкага Саюза. Быў, была. На жаль мінулы час дзеясловаў проста неабходны: два тыдні таму назад грузавік кампаніі па зносу дамоў Штурцаера раз'ехаў іх абаіх, ён быў пахаваны, яна крэміравана, згодна завяшчанню пацярпелых, што да крыўднага ўскладніла хаўтуры.

— Пахвалёны бог, — пазначыў я сваю прысутнасць, усё яшчэ трымаючы ліст Колеру.

Прафесар Кнульпэ не павітаўся ўзаемна, толькі недаверліва зіркнуў на мяне ўніз праз запыленыя без аправы акуляры, прамаўчала і яго жонка (у такіх сама акулярах).

— Не магу сказаць напэўна, ці памятаеце вы мяне, гер прафесар, — сказаў я крыху падбадзёраны.

— Але ж так, так, — адказаў Кнульпэ, — памятаю. Вучыліся юрыспрудэнцыі і практыкаваліся ў мяне ў сацыялогіі. Выглядаеце крыху на вечнага студэнта. Экзамены здалі?

— Даўно, гер прафесар.

— Цяпер адвакатам?

— Трошкі, гер прафесар.

— Пахвальна, пахвальна. Нябось, сацыяліст, га? — спытала Кнульпіха.

— Трошкі, фраў прафесар.

— Нешта ў вас на душы, — канстатаваў Карл Кнульпэ.

— Так, гер прафесар, трошкі.

— Дык пройдземцеся разам, — сказала яна.

Я пайшоў з імі. Ішлі да «Паваў», так і не ўкінуты ліст у руцэ, па імгненнай забыўлівасці, але па дарозе былі яшчэ скрынкі.

— Ну? — спытаўся ён.

— Я быў у д-ра h.c. Ісака Колера, гер прафесар. У турме.

— Так, так. У нашага развясёлага забойцы. Ай-яй-яй, і Вам загадаў з'явіцца?

— Ну так.

Распытвалі абое, то адно, то другое.

— Ён усё яшчэ шчаслівы?

— Яшчэ як!

— Усё яшчэ цвіце і пахне?

— Дзіва што!

Мы прайшлі міма чарговай паштовай скрынкі. Уласна, я ўжо быў хацеў спыніцца, укінуць свой ліст, але Кнульпы ішлі далей, нічога не падазраючы, паспешна і шырокім крокам. Я мусіў подбегам паспявацца, каб сысціся з імі.

— Колер казаў мне, што Вы атрымалі вельмі своеасаблівае даручэнне, гер прафесар, — сказаў я.

— Своеасаблівае? Чаму своеасаблівае?

— Гер прафесар! Руку на сэрца: што Колер даручае даследаваць сваё ж забойства на прадмет яго наступстваў, - гэта дзікая ідэя. Чалавек забівае сярод божага белага дня, без дай-прычыны, вось так ні з таго ні з сяго, а пасля яшчэ ўчыняе з усяго гэтага сацыялагічнае даследаванне, дзеля, як заяўляе, вымярэння рэчаіснасці.

— Але Вы ўжо вымераны, малады чалавек. На поўную сажню.

— За гэтым павінна нешта стаяць! Нейкая д'ябальшчына! — усклікнуў я.

Кнульпы спыніліся. Я задыхаўся. Ён прачысціў свае безапраўныя шкельцы, ступіў да мяне, так што я павінен быў глядзець на яго ўгору, а ён на мяне ўніз. Зноў начапіў акуляры, вырачыўся. Яго жонка таксама абурана ўтапырылася на мяне, падсунулася да мужа, а тым самым і да мяне.

— Навука, навука стаіць за гэтым, малады чалавек, толькі навука. Упершыню ў буржуазным грамадстве вынікі і наступствы забойства могуць быць даследаваны з метадычнай грунтоўнасцю і вычарпальна апісаны! Дзякуючы нашаму царскаму забойству. Каласальны шанец. Выплывуць усе ўзаемасувязі! Сваяцкія, прафесійныя, палітычныя, фінансавыя, культурныя. Ніякага дзіва. Усё ўзаемазалежна ў гэтым свеце, у нашым міленькім горадзе таксама, адзін абапіраецца на другога, адзін пратэжыруе другому, і калі адзін падае, другія кумільгам цераз яго, і колькі ж бо колькі так ужо кульнулася. Уявіце сабе наступствы для нашай шаноўнай альма матэр. І гэта толькі пачатак.

— Прабачце, машына.

Я пацягнуў абаіх да сябе, Кнульпы ў запале гарачкі сышлі з тратуара на вуліцу, і перад імі раптам затармазіла таксі. У салоне машыны — гвалт, нейкая старая дама ў капелюшы са штучнымі кветкамі кіпела за шыбай, гарласты таксіст — вельмі грубы. А Кнульпам хоця ж бы штося.

— Абсалютна ўсё адно, — сказаў ён, — статыстычна — нуль: ці нас раздушаць, ці не. У залік толькі сам пачатак, толькі навука.

Але фраў прафесар была зусім іншае думкі:

— А мне было б шкада, — лічыла яна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: