Вход/Регистрация
Юстыцыя
вернуться

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Даруйце, фройляйн Колер, — пачаў я, — мне хацелася б пагутарыць з вамі некалькі хвілін. Сам-насам.

Штусі-Лойпін прапанаваў ёй цыгарэту, сабе ў рот сунуў другую, падаў агню.

— Ты не супраць, Элен? — спытаўся ён.

Я быў гатовы забіць на месцы гэтага адваката-зорку.

— Супраць, — адказала яна, не падымаючы на мяне вачэй, хоць і адклала цыгарэту. — Зрэшты, хай гаворыць.

— Добра, — сказаў я, падсунуў крэсла і заказаў сабе чорнай кавы.

— Ну, дык чаго ж вам трэба ад нас, мой шаноўны геній юрыспрудэнцыі? — дабрадушліва спытаўся Штусі-Лойпін.

— Фройляйн Колер, — пачаў я з ледзь прыхаваным хваляваннем, — я павінен задаць вам адно пытанне.

— Слухаю. — Яна закурыла.

— Задавайце, — сказаў Штусі-Лойпін.

— Калі ваш бацька праводзіў ангельскага міністра да самалёта, вы яшчэ служылі сцюардэсай?

— Вядома.

– І вы таксама ляцелі тым самалётам, якім міністр вяртаўся ў Англію?

Яна патушыла цыгарэту.

— Магчыма.

— Дзякую вам, фройляйн Колер, — сказаў я, падняўся, адкланяўся і пайшоў, пакінуўшы недапітую каву.

Цяпер я ведаў, куды магла прапасці зброя. Усё вельмі проста. Крым смеху, проста. Колер сунуў рэвальвер міністру ў кішэню паліто, калі сядзеў поруч з ім у «ролс-ройсе», а яго дачка Элен дастала рэвальвер з кішэні пад час лёту. Сцюардэсе гэта было прасцей простага. Але цяпер, ведаючы гэта, я раптам адчуў стомленасць і пустату і доўга, бясконца доўга валокся па набярэжнай, а ідыёцкае возера з яго лебедзямі і паруснікамі ўвесь час заставалася справа ад мяне. Калі мае разважанні правільныя, а яны павінны быць правільныя, Элен ведала пра злачынства. І таму ўжо вінаватая, як і яе бацька. Але ў такім разе яна пракінула мяне, у такім разе яна ведае, што я маю рацыю, і ў такім разе яе бацька перамог. Ён мацнейшы за мяне. А барацьба з Элен не мела ніякага сэнсу, бо Элен ужо прыняла рашэнне, бо вынік барацьбы быў ужо наперад вызначаны. Я не мог прымусіць яе выдаць роднага бацьку. У імя чаго мне апеляваць да яе? У імя ідэалаў? Якіх такіх ідэалаў? У імя праўды? Дык жа яна яе ўтоіла. У імя кахання? Яна мяне прадала. У імя справядлівасці? Вось тут ужо яна магла спытацца: справядлівасці, а дзеля каго? Дзеля дзеяча культуры мясцовага значэння? Попел не стукае ў сэрца. Дзеля бесхарактарнага, працмыгі-бабніка? Ён таксама крэміраваны. Дзеля мяне, нарэшце? А хто я такі і ці варта. Справядлівасць не ёсць справа прыватная. І яшчэ магла б спытацца: справядлівасць, а навошта? Дзеля нашага грамадства? Адным скандалам, адной тэмай на пагудкі больш, а паслязаўтра новы парадак дня з новымі тэмамі. Вынік разумовага практыкавання: карыснасць справядлівасці не пераважвае ў вачах Элен яе таткі. Юрысту вынік — паляруш прасвятлення. Можа, увесці ў гульню самога Бога? Гэта, несумненна, вельмі зычлівы, але мала вядомы гер з сумніўнымі крыніцамі існавання. І яшчэ: яму і без мяне клопату хапае (дыяметр Сусвету, паводле дэ'Сітэра — састарэлыя дадзеныя, па самых сціслых падліках, — у сантыметрах: адзінка і дваццаць восем нулёў). Але трэба было выстаяць, выкараскацца, прыдушыць філасофію, змагацца далей з грамадствам, з Колерам, з Штусі-Лойпінам і пачаць барацьбу супроць Элен. Схільнасць да развагаў — рыса нігілістычная, яна спанявервае прызнаныя каштоўнасці, вось чаму я зноў заўзята ўчапіўся за рэальнае жыццё, падбадзёрыўся і, цяпер ужо маючы возера, лебедзяў і паруснікі з левга боку, вярнуўся ў Стары горад, міма пенсіянераў і міма парачак, шчасліва апраменены як бы касмічным ззяннем вечаровага сонца, потым цэлы вечар бесперастанку піў «клеўнэр» (якога проста трываць не магу), і, калі каля гадзіны ночы з адной, хоць і няважнай рэпутацыі дамай, але затое з выдатнай канстытуцыяй цела, наблізіўся да яе апартаментаў, у пад'ездзе мяне чакаў Штубер з паліцыі маральнасці, ён запісаў усе адрасы і ласкава пакланіўся, паклон быў задуманы ім як з'едлівая іронія, як жароўня з вугаллем, высыпаная на галаву наскрозь прапітага адваката. Пракол? Магчыма. (Затое дама аказалася вышэйшай пробы клас, яна нават сказала, што, як што яно гэта для яе вялікі гонар, дык заплаціць я магу іншым разам, у чым я дужа засумняваўся, шчыра прызнаўшыся, што іншым разам я наўрад ці буду плацёжаздольнейшы, пасля назваў ёй сваю прафесію, а яна запрасіла мяне ў свае давераныя.)

Краіна і людзі. Без некаторых звестак нам не абысціся. На забойства патрэбна як непасрэднае, так і аддаленае атачэнне, сярэдняя гадавая тэмпература, сярэдні адсотак землятрусаў і людскі клімат. Тут усё звязана адно з адным. Прадпрыемства, якое выступае пад назваю «наша дзяржава», а часам — «наша бацькаўшчына», было па грубых падліках заснавана больш як за дваццаць пакаленняў таму назад. Месца: спачатку ўсё адбывалася галоўным чынам сярод вапняку, граніту і маласы, пазней да гэтага далучыліся трацічныя адклады. Клімат: так сабе. Эпоха: спачатку не дужа, сярэдняя, сцвярджала сябе саматужная ўлада Габсбургаў, лішак кулачнага права, бо калі браць гвалтам, дык бралі гвалтам, узломвалі рыцараў, кляштары і замкі, як незгаральныя шафы, грандыёзныя рабункі, здабыча, палонных не бралі, перад бітвай — малебен, пасля бойкі — павальная п'янка, вайна сябе цалкам акупала, потым, на жаль, прыдумалі порах, вялікадзяржаўная палітыка напаролася на ўсё большы і большы супраціў, аматараў размахваць алебардай альбо кісцянём ціха мірылі, адэптаў блізкага бою прыхлопнулі на адлегласці, і не прайшло і васьмі пакаленняў, як ужо настала векапомнае адступленне, далей яшчэ сем пакаленняў адноснай дзікасці, цягам якіх часткова забівалі адно адных, прыгняталі сялян (свабоду тут ніколі не ўспрымалі надта літаральна) і біліся за рэлігію, часткова ж на шырокую нагу культывавалі ландскнехцтва, прадавалі сваю кроў таму, хто больш плаціў, баранілі князёў ад гараджанаў, усю Эўропу — ад свабоды. Пасля нарэшце грукнулі грымоты Французскай рэвалюцыі, у Парыжы перастралялі ненавісную гвардыю, якая стойка абараняла прайграную пазіцыю на службе ў прагнілай сістэмы, што кіравала з міласці Божай, а тым часам адзін гвардзейскі афіцэрык арыстакратычнага роду, між іншым седзячы ў мансардзе і тым самым у бяспецы, выдумляў сваю «Восеньскую песню». «Змоўкнуў бор шумлівы, пажаўцелі нівы, восень пачалася». Крыху пазней Напалеон са сваёй гайнёю і падданымі краінамі канчаткова ачысціўся ад літасцівых паноў. Паразы пайшлі нашай краіне на карысць. Праклюнуліся першыя парасткі дэмакратыі і новыя ідэі: Песталоцы, бедны, абадраны і палымяны, валачыўся па краіне ад аднаго няшчасця да другога. Намячаўся круты паварот да бізнэсу і рамяства, задрапіраваны ў адпаведныя ідэалы. Пачала расці прамысловасць, пракладваліся чыгункі. Праўда, зямля была бедная на карысныя выкапні, вугаль і руду даводзілася завозіць і перапрацоўваць, але паўсюль дбайнасць і рупнасць, усё большае багацце — без марнатраўства, хоць на жаль, і без бляску. Ашчадлівасць сцвярджалася як вышэйшая цнота, адчыняліся банкі, спачатку нясмела, пазыкі лічыліся нечым брыдкім, і калі раней важны пункт вывазу складалі ландскнэхты, дык цяпер — банкруты: хто банкрутаваў у нас, мог пашукаць шчасця па той бок акіяна. Усё павінна было акупацца, і ўсё акупалася, нават неабсяжныя груды камення, нават галька, языкі глетчараў і спадзістыя схілы, бо з таго часу, як была адкрыта прырода і любы басяк мог адчуць прыліў узвышаных пачуццяў у горным аддаленні ад свету, сталася магчымым і стварэнне індустрыі турызму: ідэалы краіны заўсёды мелі практычную аснову. У астатнім жылі так, што для кожнага меркаванага ворага было больш выгодна не совацца, — амаральная па сутнасці, але здаровая жыццёвая ўстаноўка, якая сведчыла калі не пра веліч, дык, прынамсі, пра палітычную рассудлівасць. Дык вось і прыстасоўваліся, удала прайшоўшы праз дзве сусветныя вайны, манеўравалі паміж драпежнікамі, але кожнага разу выходзілі цэлыя і здаровыя. На сцэну выйшла наша пакаленне.

Наш час (1957 год пасля нар. Хрыста). Большасць насельніцтва жыве амаль бесклапотна, бяспечна і забяспечана, царква, вучэбныя ўстановы і клінікі заўсёды гатовыя да паслугаў па даступнай цане, крэмацыя ж у выпадку патрэбы робіцца бясплатна. Жыццё ідзе па ўезджанай каляіне, але мінулае расхіствае будову і трасе падмурак. Хто мае многа, таму страшна многа страціць. Той нежывы падае з каня, калі небяспека засталася ззаду, як упаў коннік на лёдзе Бадэнскага возера; не хапае духу, каб прызнаць неабходнасць сваёй абачлівасці, чалавек не гатовы далей мірыцца з тым, што ніколі не быў героем, а быў проста надзелены здаровай кемнасцю, ён ціснецца ў рады герояў, ажыўляе паданне пра бацькоў-ваяроў, геаграфічныя міфы пагражаюць кароткім замыканнем, памяць жыве дагістарычнымі бітвамі, і вось ужо сёй-той сам сябе ўзводзіць у барацьбітоў Супраціўлення, а далей за справу бяруцца генштабісты, яны заклёнамі выклікаюць з нябыту свет Нібелунгаў, мрояць пра ядзерную зброю, пра гераічную знішчальную барацьбу ў выпадку агрэсіі, бо пагібель арміі павінна непазбежна весці да пагібелі нацыі, тым часам як народы, даўным-даўно прыгнечаныя і паняволеныя, умеюць унікаць гэтакай долі то адвагай, а тое і хітрасцю. Але меркаваная пагібель можа прыйсці ў іншым, больш вытанчаным выглядзе. Зямлю, якую нацыя збіралася абараняць да апошняй кроплі крыві, скупляюць іншаземцы, чужыя рукі садзейнічаюць росквіту гаспадаркі, а свае ў лепшым разе вядуць толькі агульнае кіраўніцтва, хоць наўрад ці кіруюць, грамадзяне дзяржавы ўтвараюць верхні пласт, а пад ім, стлуміўшыся ў жытлішчах, здадзеных за шалёныя грошы, гібеюць бедныя і працавітыя італьянцы, грэкі, гішпанцы, партугальцы і туркі, часта пагарджаныя, часта непісьменныя, ілоты, на думку многіх гаспадароў — істоты ніжэйшага гатунку, якія, папоўніўшы сабою шэрагі свядомага пралетарыяту і маючы перавагу як вынікам прывычкі да памяркоўнасці, могуць урэшце заявіць пра свае правы, раптам усвядоміўшы, што фірма, якая называе сябе нашай дзяржавай і ўжо напалавіну перакупленая замежным капіталам, залежыць ад іх цалкам. А насамрэч, як мы пра тое цьмяна здагадваемся, праціраючы вочы ад немага здзіўлення, наша маленькая дзяржаўка сышла з гістарычнай арэны як толькі дасталася да вялікага бізнэсу.

Рэакцыя грамадскасці. Вось на якім фоне рэзка акрэслена забойства, учыненае д-рам h.c. Колерам. Вынік можна было прадбачыць загадзя і наперад: як што мы дэпалітызавалі палітыку — вось дзе мы нацэлены на будучыню, вось дзе мы сучасныя, вось дзе выяўляецца наш першапраходчыцкі дух і свету наканавана альбо загінуць, альбо цалкам «ашвейцарыцца», — дык вось жа, як што яно ад палітыкі няма чаго больш чакаць ні дзівосаў, ні новага жыцця, хіба што — ды і тое толькі зрэдчасу — дарог з яшчэ лепшым пакрыццём, як што сама краіна з біялагічнага гледзішча паводзіцца досыць прыстойна і не залішне рупіцца што да дзетазачацця (тое, што нас няшмат, ёсць наша вялікая перавага, а тое, што дзякуючы замежным рабочым наша раса павалютку-памаленьку паляпшаецца, — наша найвялікшая перавага), любое парушэнне штодзённай марнасці выклікае прыліў удзячнасці, любая разнастайнасць пажаданая, балазе, штогадовае ўрачыстае шэсце гільдый з яго закасцянелым цырыманіялам ніяк не здольнае замяніць сабою адсутнасці карнавала. Таму дзеянні доктара h.c. Ісака Колера ўнеслі пэўную навізну, людзі атрымалі магчымасць неафіцыйна пасмяяцца з таго, чым афіцыйна абураліся, і ўжо ўвечары таго самага дня, як сканаў Вінтэр, з вуснаў у вусны перадаваліся словы, прыпісваныя ці тое аднаму высокаму службоўцу, ці тое наогул гарадскому галаве, што, бачыце, Колер яшчэ раз заслужыў званне доктара honoris causa, бо то ж ён перашкодзіў прафесару Вінтэру сказаць першага жніўня чарговую прамову. Ды і нягеглыя дзеянні паліцыі мала спрыялі росту грамадскага абурэння, аж такая вялікая была агульная злараднасць: адносіны жыхароў з паліцыяй у нас даволі нацягненыя, і наогул наш горад ужо даўно не адпавядае сваёй рэпутацыі. Зрабіўшыся неспадзявана для самога сябе мегаполісам, ён тым не меней сіліцца захаваць патрыярхальныя рысы — душэўнасць, дабрадзейнасць, мяшчанскую рупнасць, якія ён заўсёды прыпісваў сабе ды прыпісвае і дагэтуль, стараецца захаваць сваё арыгінальнае аблічча пры нечаканай безаблічнасці, звязаны трыдыцыяй, якая даўным-даўно ёю быць перастала. Час аказаўся мацнейшым за наш горад з усёй яго дбайнасцю; час робіць з горадам, што яму заўгодзіцца. Вось чаму мы не такія, якімі колісь былі, але і не такія, якімі павінны былі б быць, у нас няладзіца з цяперашняй сучаснасцю, мы не ахвочыя да таго, да чаго нас змушаюць акалічнасці, з нашай нязгодзіцы мы не даводзім да канца тое, што трэба, а робім толькі да палавіны, і тое толькі з гвалтам над сваёй воляй. Яркім праяўленнем гэтага ўбоства служыць неверагоднае разрастанне прэрагатываў паліцыі, бо кожны, хто не суладзіцца з сучаснасцю, павінен уводзіць абмежаванні. Наша абшчыннасць па сваёй сутнасці абярнулася паліцэйскай дзяржавай, якая тыча свой нос куды ўтачыцца хоча, у маральнасць і ў транспарт (прычым і тое і другое — поўны хаос). Паліцэйскі больш ніякі не сімвал абароны, хутчэй сімвал пераследу. Канчаю, канчаю, ужо годзе. П'яны да ўбогасці. Удадатак тая самая раней памянёная дама з мэбляваных апартаментаў удзерлася ў маю кантору (гэта па-ранейшаму мансарда на Шпігельгасэ), ёй спатрэбілася юрыдычная дапамога. Я параю ёй завесці сабаку. Тады яна зможа на законнай падставе выгульваць яго, а разам з ім і сябе самую два разы за ноч. (Рэкамендацыя Таварыства абароны жывёл, з зубоўным скрыгатам прынятая да ведаму пракурорам Емэрлінам.)

Цяпер пракурор Емэрлін. Ён ненавідзеў кантанальнага радцу. Ноншаланцыя таго рвала пракурору нервы. Ён не мог дараваць, што Колер яму, Емэрліну, публічна ў Канцэртнай зале паціснуў руку. Ён аж так ненавідзеў Колера, што раздвойваўся ад сваёй нянавісці. Напруга паміж ягонай нянавісцю і пачуццём справядлівасці даходзіла да нясцерпу. То ён узважваў, як заявіць сабе самаадвод за сваю прадузятасць, то разлічваў, што гэта зробіць яму кантанальны радца. Заблытаўшыся ў гэтых супярэчнасцях, ён падзяліўся сваімі трывогамі з кантанальным суддзёй Егерленэрам. Егерленэр прамацаў глебу ў следчага, а той сваёй калейкай у начальніка паліцыі, а начальнік, цяжка ўздыхнуўшы, загадаў прывесці кантанальнага радцу з акруговай турмы да сябе ў кабінет, дзеля большай нязмушанасці абстаноўкі. Доктар h.c. быў у выдатным настроі. Віскі «Белы конь» — найвыдатнейшы. Начальнік зноў павёў гаворку пра Штусі-Лойпіна, бо, сказаў, прызначаны абаронца добрага слова не варты. Колер адказаў, што гэта не мае значэння. Тады начальнік паведаміў пра Емэрлінавыя згрызоты. У адказ кантанальны радца запэўніў, што проста ўявіць сабе не можа больш бесстаронняга абвінаваўцы. Гэтыя словы, перададзеныя Емэрліну, выклікалі ў таго шалёны крык, што вось цяпер ён пакажа гэтаму кантанальнаму радцу і запраторыць яго пажыццёва, пасля чаго суддзя ўжо быў намерыўся сваёй уладай адхіліць Емэрліна, але перадумаў, баючыся, каб пракурора ад злосці не разбіў паляруш, са здароўем у таго і праўда ж не зусім ладзілася.

Сам працэс. Кантанальны суд у складзе судовай калегіі з пяці суддзяў адбыўся, паводле нашых рахубаў, хутка, можна сказаць з хуткасцю гуку, — усяго праз год пасля забойства, зноў жа ў сакавіку. Злачынства адбылося ўва ўсіх на вачах, не было патрэбы высвятляць, хто забойца. Вось толькі ўстанавіць матывы злачынства суд так і не здолеў. Выходзіла, быццам іх зусім і не было. З кантанальнага радцы нічога выдабыць таксама не ўдалося. Суд апынуўся перад невырашальнай мудзёрай загадкай. Падрабязны допыт абскарджанага не даў суддзям аніякай зачэпкі. Адносіны паміж забітым і забойцам былі настолькі карэктныя, як толькі іх сабе можна ўявіць. Дзелавых сувязяў паміж імі не было, рэўнасць выключалася цалкам, нават здагадак у гэтым напрамку ніхто не выказваў. Перад абліччам гэтага больш чым загадкавага факту ўзнікалі два тлумачэнні: альбо доктар h.c. Ісак Колер — хворы душэўна, альбо ж ён амаральная пачвара, забойца з любові да забойства. Першы пункт прадстаўляў афіцыйны абаронца Люці, другі — пракурор Емэрлін. Супроць першага сведчыў сам выгляд Колера, Колер рабіў уражанне цалкам нармальнага, супроць другога — славутае мінулае Колера, бо то ж быць палітычным дзеячам і прадпрымальнікам ужо само па сабе — найвышэйшая маральнасць. Удадатак грамадская апінія бог ведае з якіх часоў праслаўляла сацыяльныя (не блытаць з сацыялістычнымі) тэндэнцыі ў настроях Колера. Але гэта быў працэс, які найбольш закранаў славалюбныя струны Емэрліна. Нянавісць, ганьбаванне, здзеклівыя кпіны ў ягоны адрас акрылялі старога юрыстага, да яго фантастычнага ўзлёту іншыя высокія суддзі проста не дапялі, бясколерны Люці нічога не мог. Емэрлінаў тэзіс пра Колера-нелюдзя ўсім на здзіўленне прайшоў. Пяцёра высокіх суддзяў палічылі мусовым у навуку іншым асудзіць Колера, нават Егерленэр саступіў ім. Зноў было зроблена ўсё магчымае, каб выратаваць хоця ж бы фасад маралі. Народ, як гаварылася ў абгрунтаванні прысуду, мае права не толькі патрабаваць, каб фінансава і грамадскі добра забяспечаныя колы вялі маральна беспахібны лад жыцця, але і мае права на свае вочы сачыць за ім. Кантанальнага радцу засудзілі на дваццаць гадоў папраўчай турмы. Не пажыццёва, але практычна пажыццёва.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: