Шрифт:
— А цяпер?
— А цяпер я змірыўся з ім, — буркнуў дырэктар.
– І таксама яго шануеце?
Дырэктар задумліва паглядзеў на мяне.
— Ведаеце, гер Шпэт, калі я сяджу ў Колера ў камеры і слухаю, як ён разважае, ад яго, чорт вазьмі, ідзе нейкая сіла, я б сказаў, надзея, можна самому паверыць у чалавецтва і ва ўсё добрае і прыгожае, ён і нашага пастара захапляе сваімі казанямі, гэта, скажу я вам, проста нейкая ліпкая зараза. Але, дзякаваць Богу, я цвярозы рэаліст і не веру, што бываюць абсалютна шчаслівыя людзі. І тым больш, калі яны сядзяць у турмах, як мы ні рупімся палегчыць жыццё нашым пацыентам. Мы ж не звяры, зрэштачкі. А злачынцы — яны і ёсць злачынцы. Вось чаму я яшчэ раз кажу вам: гэты чалавек можа быць вельмі небяспечным, павінен быць вельмі небяспечным. Вы робіце толькі першыя крокі на сваім прыпірышчы, таму будзьце двойчы асцярожлівы, каб не трапіць у ягоную пастку, а самае лепшае было б вам зусім з ім не звязвацца. Зразумела, я толькі раю, не больш; урэшце, вы самі адвакат, вам і рашаць. Калі б толькі чалавека не тузалі да такой ступені ў розныя бакі. Гэты Колер альбо святы, альбо сатана, я лічыў сваім абавязкам засцерагчы вас, што і раблю.
— Вельмі вам дзякую, гер дырэктар, — сказаў я.
— Добра, я распараджуся, каб вам прывялі Колера, — уздыхнуў дырэктар.
Даручэнне. Гутарка з абсалютна шчаслівым чалавекам праходзіла ў суседнім пакоі. Тая самая абстаноўка, той самы выгляд з акна. Я ўстаў, калі ахоўнік увёў доктара h.c. Ісака Колера. Стары быў у карычневай арыштанцкай робе, яго ахоўнік — у чорнай форме, вельмі падобны на паштальёна.
— Сядайце, Шпэт, — сказаў доктар h.c. Ісак Колер. Ён трымаўся як гаспадар, нязмушана і паблажліва. Я, уражаны, падзякаваў і сеў. Пасля прапанаваў арыштанту цыгарэту, але той адмовіўся.
— Я кінуў курыць, — патлумачыў ён, — не ўпускаю магчымасці спалучыць прыемнае з карысным.
— Гэта турму вы лічыце прыемнай, гер Колер? — спытаўся я.
Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
— А вы не?
— Я ў ёй не сяджу.
Ён аж ззяў.
— Па-мойму, тут цудоўна. Гэта спакой! Гэта цішыня! Я, мушу вам прызнацца, жыў дужа рассеяна, раней. Праз свой трэст.
— Магу сабе ўявіць, — згадзіўся я.
— Тэлефона тут няма, — працягваў Колер. — Здароўе ў мяне прыкметна паправілася. Вось, падзівіцеся. — І ён зрабіў некалькі прысядаў. — Месяц назад я б так не здолеў, - горда патлумачыў ён, — дарэчы, у нас тут ёсць спартыўны клуб.
— Ведаю.
За акном, па-ранейшаму поўны надзеяў, прагульваўся ўкормлены дрозд, але, магчыма, гэта ўжо быў іншы. Абсалютна шчаслівы чалавек задаволена разглядваў мяне.
— Мы з вамі сустракаліся.
— Ведаю.
— У рэстаране «Du Th'e^atre», які займае пэўнае месца ў маім жыцці. Вы, як я памятаю, назіралі, як я гуляю на більярдзе.
— Я нічога не глуздую ў більярдзе.
— Дагэтуль?
— Дагэтуль, гер Колер.
Арыштант засмяяўся і, павярнуўшыся да ахоўніка, сказаў:
— Мёзер, ці не ўчыніце ласкі падаць нашаму юнаму другу агню?
— Вядома, гер кантанальны радца, само сабою, гер кантанальны радца.
Ахоўнік таксама ззяў усім тварам.
Пасля ён зноў сеў, а я закурыў. Зычлівасць абодвух моцна мяне выматвала. Я з прыемнасцю адчыніў бы вялікае незакратаванае акно, але ў турме гэта, мабыць, не прынята.
— Ведаеце, Шпэт, — загаварыў Колер, — я нічым не адметны вязень, не больш, а Мёзер — адзін з маіх ахоўнікаў. Выдатны чалавек. Ён уводзіць мяне ў таямніцы пчалярства. Я ўжо амаль адчуваю сябе пчаляром, ахоўнік Брунэр — з ім вам таксама не лішне было б пазнаёміцца — вучыць мяне эсперанта. Мы стасункуемся выключна на гэтай мове. Можаце самі пераканацца: бадзёрасць духу, хатняя абстаноўка, сардэчнасць паўсюль, глыбокі мір і спакой. Я цяпер абсалютна шчаслівы чалавек. А раней? Госпадзе! Я чытаю Платона ў арыгінале, я пляту кашы, дарэчы, Шпэт, вам не патрэбен кош?
— На жаль, не.
— Кашы гера кантанальнага радцы — верх дасканаласці, - горда пацвердзіў ахоўнік са свайго кута. — Я асабіста навучыў яго плесці кашы, і ён ужо пакінуў далёка ззаду ўсіх нашых майстроў. Далібог, я не перабольшваю.
Я зноў выказаў шкадаванне.
— Вой не, мне не патрэбен кош.
— Шкада, а то я з прыемнасцю падарыў бы вам. На памяць.
— Нічога не парадзіш.
— Шкада. Да слёз.
Я пачаў траціць вытрымку.
— Ці не магу я даведацца, навошта мяне сюды запрасілі? — спытаўся я.
— Але ж вядома, можаце, — адказаў ён. — Несумненна, можаце. У мяне неяк з галавы выскачыла, што вы прыехалі з волі, што вам спех, што вы занятыя. Добра, пяройдзем да справы: тады, у «Du Th'e^atre», вы, памятаеце, расказвалі, што збіраецеся стаць самастойным.
— Я і самастойны.
— Так, мне дакладвалі. Ну, і як гандаль у лаўцы?
— Гер Колер, — сказаў я, — тут пра гэта, бадай што, гаварыць недарэчы.
— Значыцца, кепска, — кіўнуў ён, — так я і думаў. А кантора ваша ў мансардзе на Шпігельгасэ, праўда? Таксама кепска. Яшчэ горш нават.
Гэта ўжо перабірала край. Я ўстаў.
— Альбо вы скажаце мне, што вам ад мяне трэба, гер Колер, альбо я пайду, — груба сказаў я.
Абсалютна шчаслівы чалавек таксама ўстаў, раптам перад маімі вачыма зрабіўся магутным, непераможным і ўціснуў мяне назад у крэсла абедзвюма рукамі, апусціўшы іх, як гіры, на мае плечы.
— Сядзьце, — сказаў ён пагрозліва, амаль злосна.
Мне нічога не заставалася, як паслухацца.
— Добра, — сказаў я і прыціх.
Ахоўнік таксама. Колер зноў сеў.