Вход/Регистрация
Юстыцыя
вернуться

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Вам патрэбны грошы, — канстатаваў ён.

— Гэтага мы абмяркоўваць не будзем, — адказаў я.

— Я мог бы даць вам даручэнне.

— Слухаю.

— Я хачу, каб вы нанава расследавалі маю справу.

Я разгубіўся.

– Інакш кажучы, гер Колер, вы хочаце дабіцца перагляду?

Ён кіўнуў.

— Калі б я хацеў перагляду, гэта азначала б, што вынесены мне вырак несправядлівы. Але ён больш чым справядлівы. Жыццё маё завершана і падшыта да справы. Я ведаю, тутэйшы дырэктар лічыць мяне крывадушнікам, і вы, Шпэт, здаецца, таксама. Магу зразумець. Але я не святы і не д'ябал, я ўсяго толькі чалавек, які прыйшоў да высновы, што, каб жыць, дастаткова турэмнай камеры, а каб памерці — ложка, пазней — труны, бо прызначэнне чалавека — мысліць, а не дзейнічаць. Дзейнічаць можа кожны асёл.

— Добра, — сказаў я, — вельмі пахвальныя высновы. Але цяпер дзейнічаць за вас павінен буду я. Яшчэ раз даследаваць вашу справу. А ці дазволена аслу папытацца, што вы намыслілі?

— Нічога я не намысліў, - коратка адказаў доктар h.c. Ісак Колер. — Я проста разважаю. Пра свет. Пра людзей. Магчыма, пра Бога. Але на развагі мне патрэбен матэрыял, інакш мае думкі пачынаюць круціцца ў пустаце. Ад вас мне не трэба нічога, апрача невялікай дапамогі ў маіх занятках, якія вы спакойна можаце разглядаць як хобі міліянера. Дарэчы, вы не адзіны, у каго я прашу нязначных паслугаў. Вы ведаеце старога Кнульпэ?

— Прафесара?

— Яго-яго.

— Я ў яго вучыўся.

— Ну, вось бачыце. Цяпер ён на пенсіі, і каб ён канчаткова не спарахнеў, я і яму даў даручэнне. Цяпер ён заняты даследаваннем. Вынікі аднаго забойства. Ён высвятляе наступствы, якія паследавалі і яшчэ паследуюць у выніку гвалтоўнага спынення жыцця аднаго калегі. Надзвычай цікава. Ён у захапленні. А задача ў тым, каб, даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку. А ваша задача, шаноўны, будзе іншага роду, і ў пэўнай ступені яна процілеглая таму, што робіць Кнульпэ.

— Якім жа чынам?

— Вы павінны нанава разгледзець мой выпадак, зыходзячы з дапушчэння, што забойца быў не я.

— Не разумею.

— Вам трэба скласці фіктыўнае дапушчэнне, толькі і ўсяго.

— Але ж раз вы забойца, дык усе мае дапушчэнні не маюць сэнсу, — запярэчыў я.

— Не, толькі так яны і набываюць сэнс, — адказаў Колер, — дарэчы, вас ніхто і не прымушае даследаваць рэчавасць, гэтым займаецца наш мілы Кнульпэ, вам трэба разгледзець адну з магчымасцяў, якія тояцца ў рэчаіснасці. Бачыце, дарагі Шпэт, рэчаіснасць нам і без таго вядомая, за яе я і сяджу тут і пляту кашы, а вось пра магчымае нам вядома якраз жа і мала. І гэта натуральна. Магчымае амаль бязмежнае, тым часам як рэчаіснае строга абмежавана, бо толькі адной з магчымасцяў дадзена ўвасобіцца ў існасць. Рэчаіснае — гэта проста асобны выпадак магчымага. А таму яго няцяжка ўявіць і ў іншым выглядзе. З чаго вынікае, што нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснае, каб пранікнуць у сферу магчымага.

Я засмяяўся.

— Не зусім звычайны лад разважанняў, гер Колер.

— Так, у тутэйшых мясцінах прынята разважаць, — адказаў Колер. — Ведаеце, гер Шпэт, начамі, гледзячы на зоркі праз аконныя краты, я часта задаю сабе пытанне: як бы выглядала рэчаіснасць, калі б забойца быў не я, а хто-небудзь іншы? Хто б ён тады быў, гэты іншы? Вось на якое пытанне я хацеў бы атрымаць ад вас адказ. Я кладу вам трыццаць тысяч ганарару, з іх пятнаццаць — авансам.

Я прамоўчаў.

— Ну, дык што? — спытаў ён.

— Падобна на пакт з д'яблам, — адказаў я.

— Я ж не патрабую ад вас душы.

— Хто ведае.

— Вы нічым не рызыкуеце.

— Магчыма. Але я не бачу сэнсу ў вашай задумцы.

Ён паківаў галавой, засмяяўся.

— Годзе вам і таго, што бачу я. Астатняе хай вас не турбуе. Ад вас патрабуецца толькі прыняць прапанову, якая анічым не ўшчамляе закону і якая мне патрэбна на даследаванне магчымага. Усе выдаткі я, зразумела, бяру на сябе. Звяжыцеся з якім-небудзь сумленным дэтэктывам, сама лепш з Лінгардам, заплаціце яму, колькі ён папросіць, грошай хопіць на ўсё, і наогул дзейнічайце, як вам заўгодзіцца.

Я яшчэ раз абдумаў гэтую дзіўную прапанову. Яна мне не спадабалася, я спадыспаду ўнюхаў нейкую пастку, хоць і не мог уцяміць, у чым яна.

— А чаму вы звярнуліся менавіта да мяне? — спытаўся я.

— Таму што вы нічога не петрыце ў більярдзе, — спакойна адказаў ён.

І тут я прыняў прапанову.

— Гер Колер, — сказаў я, — ваша даручэнне ўяўляецца мне надта загадкавым.

— Адказ можаце паведаміць маёй дачцэ, — сказаў Колер і ўстаў.

— А мне не трэба часу на роздум, я адмаўляюся, — адказаў я і таксама ўстаў.

Колер спакойна зірнуў на мяне, распраменены, шчаслівы, ружовы.

— Вы возьмецеся за гэта даручэнне, мой юны дружа, — сказаў ён, — я ведаю вас лепш, чым вы самі сябе ведаеце: шанец — ён і ёсць шанец, а вам ён патрэбен. Вось, шчыра кажучы, і ўсё, што я хацеў сказаць. А цяпер, Мёзер, вернемся да нашых кашоў.

І абодва сышлі, пад ручку, каб я так жыў, а я быў рады, што змагу нарэшце пакінуць прытулак абсалютнага шчасця і па магчымасці хутчэй. Я зліняў у самым першым значэнні гэтага слова. Поўны цвёрдай рашучасці не ўблытвацца ў гэтую справу і ніколі больш не бачыцца з Колерам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: