Шрифт:
— Дык кажаце, пакрысе куплялі? — спытаў Шарай.
— Ну! — Нічога не падазраючы, Валюжэніч трапіў у пастку.
Корзун разгарнуў атрыманую ва ўпраўленні дзяржаўных ашчадных кас даведку і пачаў звяраць з напісанымі ў ёй лічбамі нумары аблігацый жаніха Сярковай:
— Вось гэтыя вы ўзялі ў касе на Прывакзальнай, гэтыя — на Піянерскай, гэтыя…
Валюжэніч нейкі час сядзеў, вылупіўшы вочы: ён ніяк не мог уцяміць, што адбываецца. З яго твару паступова спаўзала нахабная ўсмешка, саступаючы месца страху. Праз якую хвіліну перад следчым сядзеў ужо зусім іншы чалавек. Нейкі час ён яшчэ спрабаваў упарціцца, потым закруціўся, забалбатаў, хочучы паддобрыцца, зменшыць сваю віну.
— Я ўпэўнены, грамадзянін следчы, што вы ва ўсім разберацеся. Калі падумаць, у каго я грошы ўзяў? У гандляра. А яны што — сумленныя? Не, яны самі жулікі, я ведаю, — гаварыў ён.
— Давайце бліжэй да справы! — нагадаў яму Корзун. — Лепш раскажыце, як вам удалося сцягнуць грошы.
— Чаму сцягнуць, — Валюжэніч, здавалася, нават пакрыўдзіўся, — мне Марыя давярала. Колькі разоў у магазіне аднаго пакідала. І я ні разу, ані-ні…
— Правільна, разлічвалі на большае. А калі іншая перспектыва з'явілася, і дзвюх тысяч хапіла.
— Хай будзе па-вашаму, — паспяшаўся згадзіцца Валюжэніч. — Я ведаў, што выручку яна не паспела здаць. Але адзін у магазіне я не заставаўся ў той дзень. Каб потым на мяне не падумала. Дачакаўся, калі ля суседніх паліц сабралася чарга, а Марыя выйшла прымаць хлеб з машыны, і тады перагнуўся цераз прылавак. Нібы паліто гляджу, а сам адчыніў шуфлядку і ўзяў пачак. Марыя яго якраз перавязала. Ніхто нават увагі не звярнуў, прывыклі, што я свой. Я думаў, Сяркова не збяднее. У яе хапае грошай, раю прыгледзецца…
— Яна ж кахала вас, — Корзун не ўтрымаўся ад папроку.
— Яшчэ як! — на імгненне да Валюжэніча вярнулася ранейшая самазадаволенасць, папрок да яго не дайшоў.
Корзуну стала агідна і разам з тым крыўдна за тую, напэўна, не такую благую жанчыну — Сяркову, якая была вінавата толькі ў тым, што пакахала гэтага нягодніка. Ён устаў і сказаў:
— Пойдзем!
— Куды? — з надзеяй у голасе спытаў Валюжэніч.
— Самі ведаеце — куды, — адказаў Корзун.
Гадзіннік з бранзалеткай
Новае назначэнне Корзун прыняў без асаблівай радасці. Вядома, служба ў абласным упраўленні ўнутраных спраў, ды яшчэ ў самім крымінальным вышуку, цешыла самалюбства. Колькі ў райаддзелах вобласці служыць лейтэнантаў і нават старшых лейтэнантаў, а, як здарылася вакансія, выбралі яго. І разам з тым было сумна расставацца з таварышамі — з участковым Савачкіным, начальнікам аўтаінспекцыі Лапковым, падпалкоўнікам Шараем. У сваім райаддзеле ён, здаецца, быў на месцы і, што самае важнае, заўсёды адчуваў сяброўскую падтрымку. А тут, напэўна, пройдзе нямала тыдняў, калі не месяцаў, пакуль ён прывыкне, асвоіцца, пакуль яго пачнуць лічыць па-сапраўднаму сваім. Калі толькі раней не праваліцца на якой-небудзь простай справе.
Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку паставіліся да Корзуна добразычліва і ў той жа час неяк стрымана, сухавата. Пазнаёміліся, перакінуліся словам-другім і заняліся кожны сваім. Толькі непасрэдны начальнік маёр Юркавец падрабязна распытаў, як гэта Корзуну ўдалося так хутка знайсці ўкрадзеныя з калгаснай касы сем тысяч рублёў.
Корзуну было прыемна, што і ў абласным цэнтры чулі пра гэта. І ўсё ж, калі казаць шчыра, яму хацелася нейкай іншай размовы, ва ўсякім разе, не пра мінулае. Тым болей што і начальнік аддзела яму спадабаўся: высокі, спартыўнага выгляду, элегантна апрануты, прыгожы, гадоў трыццаці пяці мужчына. Ён глядзеў уважліва і прыветна, слухаў не перабіваючы. З ім, Корзун адчуў гэта, ён мог бы падзяліцца самым запаветным. Як некалі з падпалкоўнікам Шараем.
Аднак Юркавец быў не з гаваркіх. Нездарма ў аддзеле жартавалі, што ён сем разоў падумае, а тады ўжо скажа. Паслухаўшы Корзуна, маёр задаволена хмыкнуў і працягнуў танюсенькую папку.
— Вось табе першае заданне, — маёр зірнуў на Корзуна, наморшчыў лоб і, папярэджваючы пытанне, дадаў: — Вёў старшы інспектар Дзюба. Пазнаёмся і выкажы сваю думку.
Корзун узняў вочы.
Юркавец нахмурыўся. Відаць, прывык, што падначаленыя разумеюць яго з паўслова. Але на гэты раз палічыў патрэбным сказаць яшчэ адну фразу:
— Дзюбе давялося выехаць.
Тэрміновая камандзіроўка супрацоўніка абласнога ўпраўлення азначала, што ў нейкім раёне спатрэбілася кваліфікаваная дапамога, і Корзун адказаў:
— Будзе выканана.
Начальнік аддзела, вядома, не выпадкова прыгадаў тэрміновую камандзіроўку Дзюбы. Гэта як бы падкрэслівала, што пытанне не столькі ў праверцы здольнасцей навічка, колькі ў неабходнасці нешта такое ўдакладніць. Тым не менш Корзун засмуціўся. Ён пераконваў сябе, што Юркавец, калі ў яго сапраўды ўзніклі нейкія сумненні, мог аддаць папку і якому іншаму супрацоўніку, які падвярнуўся б пад руку, што ў гэтым факце няма нічога незвычайнага і тым болей крыўднага. Аднак довады розуму не дзейнічалі. І Корзун ледзьве прымусіў сябе засяродзіцца на гэтых пратаколах, тлумачэннях, заключэнні эксперта, даведках і да таго падобных дакументах, без якіх крымінальная справа — не крымінальная. Дзюба расследаванне закончыў: злачынца затрыманы, не адпіраецца, ёсць паказанні сведак і ўсё гэта пацверджана паўторным выездам на месца здарэння. Так што Корзуну і рабіць тут, уласна кажучы, няма чаго.