Шрифт:
— А мы гэта зараз праверым, — зірнуў на яго лейтэнант і звярнуўся да маладзіцы, якую выклікалі апошняй: — А што вы нам скажаце?
— Што гэта вы за нас узяліся, таварыш лейтэнант? — за жартаўлівым пытаннем жанчыны адчувалася хваляванне.
Корзун быў з ёю крыху знаёмы, ведаў, што яна працуе ў трыкатажнай секцыі нядаўна, яе перавялі сюды з кніжнага магазіна, дзе яна зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. І ўсё-такі, нічога не тлумачачы, спытаўся пра купюру. Яна не ведала. Тады ён пацікавіўся:
— Вы ўчора не пакідалі работу?
— А што здарылася? — яшчэ больш занепакоілася яна.
— Значыць, пакідалі?
— Так, але мне Іван Сцяпанавіч дазволіў,— касірка павярнулася да дырэктара, чакаючы падтрымкі.— Сына трэба было забраць з садзіка. Заўсёды муж забіраў, а ўчора на раёне затрымаўся…
— Хто вас замяняў? — нецярпліва перапыніў яе Корзун.
— Валя… Хруцкая. У нас усё роўна хто замяняе, у нас брыгадная адказнасць.
— Ды я не ў прэтэнзіі,— засмяяўся Корзун, — дзякуй вам і даруйце, што патрывожыў.— У яго быў добры настрой, яму здавалася, што ён, нарэшце, выйшаў на след.
— Што яны там натварылі? — спытаў дырэктар.
— Нічога такога, што мела б дачыненне зараз да вашага універмага, — супакоіў яго Корзун. Ён не хацеў дачасна прыцягваць увагу да той купюры.
Неўзабаве Корзун стаяў перад Шараем.
— Таварыш падпалкоўнік, я ведаю, хто ўкраў грошы. Дазвольце выклікаць Хруцкую.
Падпалкоўнік паглядзеў на лейтэнанта з цікавасцю, спытаў:
— Што яна павінна табе расказаць?
— Купюру яна мяняла, а даў яе Валюжэніч.
— Чым дакажаш?
— Надпісам… Імёнамі дзяцей Лісавых.
— Каця, Зіна, Мішка? Ай, лейтэнант, лейтэнант… На той купюры, што ў банку, напісана: «539 рублёў». Экспертыза ўстанавіла.
— Але ж яе, напэўна, мяняў Валюжэніч.
— А калі і так? Ці гэта крымінал? І, наогул, мы з гэтымі надпісамі ледзь самі не заблыталіся. Не было іх, лейтэнант, не было.
— Як гэта? Мне Сяркова сама казала. І на пошце я пытаўся, яна званіла.
— Правільна, званіла. Раней, з іншай прычыны…
— Таварыш падпалкоўнік, — неспадзяваны ход Сярковай так уразіў Корзуна, што ён нават не заўважыў, як перабіў старэйшага. — Выходзіць, яна сама?
— Бачыш, твая версія мела сэнс і патрабавала праверкі. Я спачатку яе таксама прыняў. А пасля мяне насцярожыла адна акалічнасць. Чаму, думаю, Сяркова не захацела пабачыцца са сваім каханым? Раней жа, каб сустрэцца, за любую нагоду хапалася. А тут пасылаюць, а яна адмаўляецца. Між тым, з жаніхом яны рассталіся добра, і пра Хруцкую нічога яшчэ не ведае. Застаецца адно — чамусьці ўзлавалася. І я падумаў, ці не пачала яна, прыкінуўшы ўсё ў галаве, падазраваць яго? Гэта здалося неверагодным: абараняць жаніха перад табою і ў той жа час называць прыкметы, якія могуць дапамагчы злавіць яго, калі ён злодзей. І тады я падумаў: а калі гэта з яе боку хітры ход, каб адвесці небяспеку ад жаніха? Ты быў заняты сваёй версіяй, і я вырашыў успомніць старое. Сам паехаў у Клін. Не да Сярковай, ад яе нічога пакуль што не даб'ешся, хоць, вядома, сустрэцца з ёй прыйдзецца. Даведаўшыся, што яна схлусіла пра пошту, я пабываў у Лісавых. Так стала вядома, што на грошах ніякіх паметак не было. Вывад напрошваўся адзіны: варта пацікавіцца тым, каго хочуць выгарадзіць. Далейшая распрацоўка версіі дала новыя матэрыялы. Аказалася, што і Валюжэніч у тыя дні пабываў у абласным цэнтры. Браў адпачынак за свой кошт, нібыта па сямейных абставінах. Ніякімі сямейнымі справамі ён там не займаўся. Па нашай просьбе з яго ў горадзе вачэй не спускалі. Паблукаў па вуліцах, набыў у некалькіх ашчадных касах семдзесят дваццацірублёвых аблігацый трохпрацэнтнай пазыкі, паабедаў у рэстаране і ўночы вярнуўся дадому.
— Выкруціўся, — засмуціўся Корзун, — цяпер нічым не дакажаш.
— Ён таксама гэтак думае. Але ж і мы не лыкам шытыя. Амаль паўсотні яго аблігацый яшчэ не былі ў абароце, нумары ўстанавіць няцяжка. Запрасі яго сюды, пагаворым. Дарэчы, пакідала на яго магазін Сяркова, пакідала. Лісава сказала. Прыйшла яна на другі дзень пасля пакупкі тэлевізара паставіць на гарантыйны талон пячатку, а прадаўшчыцы няма. Толькі ля вагаў стаялі дзве пакупніцы, чакалі Сяркову. Затое ў другім баку на прылаўку сядзеў яе жаніх. Увогуле, ён часта пільнаваў там, так што гэта нікога не здзіўляла. Але факт варты, каб яго ўзяць на заметку.
Валюжэніч трымаўся незалежна, адказваючы на пытанні, звяртаўся спачатку да Шарая і толькі потым пераводзіў позірк на Корзуна. Першы раз па яго твары прабег цень, калі падпалкоўнік задаў пытанне, якое быццам бы не мела ніякага дачынення да тэмы размовы.
— Ваша дачка жыве ў жончынай маці? — Шарай спытаў гэта як між іншым.
— Так… — Валюжэніч адказаў і паціснуў плячамі.
— Колькі вы пасылаеце па выканаўчаму лісту?
— Рублёў сорак… Але я не разумею…
— Не багата ў вас застаецца, — Шарай нібы не чуў яго незадаволенасці.
Валюжэніч падумаў і насцярожана кіўнуў.
— Аднак неяк круціцеся і нават аблігацыі трохпрацэнтнай пазыкі набываеце. Суседзі ў інтэрнаце бачылі, як вы лічылі.
— То за колькі часу… Ці не больш года па дзесятцы-дваццатцы выкрайваю. З прэміі, ведаеце, з трынаццатай зарплаты. Ці многа аднаму трэба.
— Можна паглядзець аблігацыі? — папрасіў Корзун з нявінным выглядам. І калі Валюжэніч, недаўменна чмыхнуўшы, выцягнуў з кішэні партманет, падышоў да дзвярэй і паклікаў з калідора ў кабінет дзвюх дзяўчат. Потым растлумачыў: — Будуць панятымі.