Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— Бабулька вас бачыла? — Корзун усё яшчэ не ведаў, якое прыняць рашэнне.

— Цераз плот я пераскочыў, калі яна ўжо мінула… Корзун перачытаў пратакол, напісаны паводле слоў Саковіча, даў яму падпісаць і нечакана для сябе сказаў:

— Пасядзіце ў калідоры.

— Ты што, звар'яцеў? — абурыўся Дзюба, ледзьве за Саковічам зачыніліся дзверы. — Збяжыць!

— У чалавека сям'я, — Корзун ухіліўся ад прамога адказу і раптам адчуў, што патрэбнае рашэнне нарэшце прыйшло.

— Нажывеш непрыемнасцей, зараз жа вярні! — Дзюба не на жарт занепакоіўся, і гэта крыху прымірыла з ім Корзуна.

— Няўжо ты не бачыш, што Саковіч невінаваты?

— Гурыновіч невінаваты, Саковіч невінаваты, — Дзюба не мог спакойна гаварыць. — Па-твойму, Шаронаву па галаве нябесны камень пляснуў?

— Гэта і мяне бянтэжыць, — прызнаўся Корзун. — Павінен быць, ёсць нехта трэці!

— Гонішся ты за жураўлём, Алесь, — успомніў Дзюба сваю любімую прымаўку. — Глядзі, каб сініца тым часам з рук не выпырхнула. Зразумей, бранзалетка магла расшпіліцца раней, у аўтобусе, на вуліцы. Ведаеш, які там замок! А нават сама Шаронава не пацвердзіць, што гэта не так.

Корзун слухаў Дзюбу і думаў, што, напэўна, такая ўжо асаблівасць недаказанай версіі — слабыя месцы ў ёй вылазяць быццам спецыяльна напаказ. Вось як у гэтай яго — з другім злачынцам. Таму і няма нічога неспадзяванага ў тым, што Дзюба адразу выставіў даволі слушныя контрдовады. Зрэшты, і гэта някепска. Чым болей сумненняў будзе зараз, тым меней іх застанецца пазней, тым надзейнейшы атрымаецца вынік. А правяраць узніклыя здагадкі трэба абавязкова, гэта элементарна. Толькі як правяраць? Корзун зірнуў на Дзюбу. Той, здавалася, ужо забыўся на ягоныя клопаты і сядзеў, уткнуўшыся ва ўласныя паперы, з такім выглядам, нібы выпадак з Шаронавай да яго ніякага дачынення не меў, нібы гэта і не ён пакінуў у справе белыя плямы. Корзуну стала прыкра. Сам ён не змог бы перакласці на чужыя плечы сваю ношу. Дзюба ўзняў вочы, пасміхнуўся:

— Што ты мяне вывучаеш, лейтэнант? Далібог, не я грабіў!

У словах Дзюбы гучала легкадумнасць, нават абыякавасць. Менавіта тое, чаго Корзун у справах не выносіў. Лічыў, што для жартаў павінна быць і сваё месца, і свой час. Ён нахмурыўся. Гэты губасты, круглатвары таўстун раптам пачаў раздражняць яго.

— Чайнік ты, Алесь, — зноў пасміхнуўся Дзюба. — Табе б яшчэ свістульку ўставіць, каб сігналы падавала, калі закіпаць пачынаеш. Ну што я табе — вораг?

Ён сказаў гэта нязлосна, і Корзун збянтэжыўся. Кім-кім, а прасцяком яго калега не быў. Хаваючы няёмкасць, пачаў даказваць:

— Праверыць усё роўна мусіш.

— Як? — паблажліва пацікавіўся Дзюба.

А ў Корзуна прапала ахвота раіцца. Апошняе слова ў іх кароткай дыскусіі засталося за старшым інспектарам. Ды Корзуна ён не пераканаў. Алесь разважаў, што гадзіннік, нават залаты, не такая ўжо вялікая каштоўнасць, каб злачынца загадзя рыхтаваў напад на Шаронаву. Думка ў яго, напэўна, з'явілася раптоўна, і Шаронавай ён хутчэй за ўсё або незнаёмы, або малазнаёмы. Гадзіннік ён убачыў выпадкова неяк. Дзе, як? І на гэтыя пытанні, калі толькі ён, Корзун, не памыляецца, Зіна павінна была адказаць.

Машыны Корзун прасіць не стаў — каб не трапляцца на вочы начальству, не будзеш жа тлумачыць, што здагадка табе толькі мроіцца. Але і аўтобуса чакаць не хацелася — нецярпенне патрабавала руху, дзеяння. У натоўпе Корзун непрыкметна для сябе супакоіўся.

Не верыць участковаму было нельга. Вопытны, сталы супрацоўнік, з тых, хто, не абдумаўшы, характарыстык не дае. Ды і ўласная інтуіцыя падказвала Корзуну, што Саковіч падвярнуўся яму неяк дзіўна, нелагічна. А ў выніку не зводзіліся канцы з канцамі. Значыць, дапушчана памылка. Калі, у чым? Вось у гэтым і трэба было разабрацца.

На скрыжаванні, дзе Корзуну трэба было перасекчы праспект Металістаў, светафор успыхнуў чырвоным вокам. Корзун затрымаўся. Транспарту не было ні злева, ні справа, а сігнал свяціў сабе, адлічваючы вызначаныя яму секунды, нікому ў гэты момант не патрэбныя. Праспект быў пусты, як… Як і той завулак, па якім следам за Шаронавай ішла бабулька.

Запаліўся зялёны. Корзун машынальна ступіў на асфальт, раздумваючы, чаму гэта раптам успомнілася бабулька. Яна нікога не сустракала? І Саковіч сцвярджае, што нікога не сустрэў. Адзін мог бы і выдумаць або не заўважыць. Калі ж адно і тое кажуць двое, то гэта ўжо факт. І паказанні іх, такім чынам, дапаўняючы адно аднаго, сведчаць, што Саковіч сапраўды на месцы здарэння не быў. Аднак Ліштван сцвярджае, што быў. Нешта тут не вяжацца. З аднаго боку — няма змовы паміж Саковічам і старой, бо яны нават незнаёмыя. З другога — прыкметы, названыя Ліштванам, прымушаюць верыць і яму. Корзун паморшчыўся: чым не тыя славутыя тры сасны, сярод якіх нехта ў свой час заблудзіўся…

На заводзе быў абедзенны перапынак. Зіну Шаронаву Корзун знайшоў у сталоўцы. Яна здзівілася лейтэнанту, таропка адсунула талерку з катлетай і ўстала.

— Ды не спяшайцеся, — сумеўся Корзун. — Я пачакаю ў вестыбюлі.

Дзяўчына выбегла неўзабаве. Корзуну падумалася, што яна не даела катлеты. Адчуваючы сябе вінаватым, сказаў:

— Гэта не гарыць, проста хацеў сваю здагадку праверыць, дробязь…

— А ў вашай справе, так вы, здаецца, нядаўна мне казалі, дробязяў не бывае? — І на яе шчоках зайгралі ледзь улоўныя ямачкі.— Пытайце, дзе маё не прападала!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: