Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Сяркова пачырванела і ажно ашчэрылася:

— Фёдара не чапайце, дома на яго болей пакідаю, і ўсё цэлае. Мы хутка разам будзем, навошта яму шкоду мне рабіць.

— Бадай, рэзонна, — пагадзіўся Корзун. — Значыць, застаецца Грамакоўская…

— Больш няма каму, — злосна сказала, як адрэзала, Сяркова.

Корзун задумаўся. Паводзіны прадаўшчыцы ўсё бо-лей пераконвалі яго, што прапажа грошай і для яе нечаканасць. Але з беспадстаўнымі абвінавачаннямі Грамакоўскай таксама не мог пагадзіцца.

— Дык дзе, вы кажаце, ляжалі грошы? — Корзун з Сярковай сядзелі ў падсобным памяшканні магазіна, за сталом, на якім былі накіданы накладныя, рахункі і яшчэ нейкія паперы, і Корзун устаў, маючы намер прайсці ў гандлёвую частку.

Сяркова неахвотна паднялася, правяла яго да прылаўка, за якім на доўгіх вешалках віселі паліто. Магазін быў стары, і ў адной зале гандлявалі і прамысловымі і харчовымі таварамі.

— Тут у мяне шуфлядка.

Зараз яна была пустая, напалову высунутая з-пад прылаўка, у замку тырчаў ключ.

— Ключ вы з сабой забіралі?

— Навошта? Я ж на хвіліначку. Узяла слоік і назад.

— Грамакоўская дзе стаяла?

— Вунь там, — паказала Сяркова на процілеглы прылавак і падазрона зірнула на лейтэнанта.

Корзун выйшаў у падсобку, узяў пратакол і вярнуўся назад.

— Давайце запішам, як гэта было, — прапанаваў ён Сярковай.

Неахвотна яна паўтарыла, дзе ляжалі грошы, дзе стаяла Грамакоўская, куды і на які час яна сама выходзіла.

Корзун усё гэта занатаваў у пратакол і папрасіў распісацца. Сяркова крыху падумала, потым перачытала напісанае яшчэ раз і, нарэшце, паставіла свой подпіс. Яна нібы прадчувала, што зараз яе чакае непрыемнасць. І сапраўды, лейтэнант неяк вельмі мякка папрасіў:

— Прынясіце мне, калі ласка, слоік джэму.

Сяркова пайшла. А ён пачакаў, пакуль за ёю зачыніліся дзверы, і хутка накіраваўся ў процілеглы бок, дзе пад прылаўкам была тая самая шуфлядка, у якой, паводле слоў прадаўшчыцы, ляжалі грошы. Ён паспеў выцягнуць шуфлядку, потым засунуць назад і ўзяўся за ключ. У гэты час у дзвярах з'явілася Сяркова.

— Што вы там шнарыце? — не ўтрымалася яна.

— Правяраю.

— Няма дурняў, назад ніхто не пакладзе.

— Я не гэта. Дарэмна вы Грамакоўскую абгаварылі. Бачыце, я ведаў, дзе ляжалі грошы і як адчыняецца шуфлядка, а ўсё роўна не паспеў, пакуль вы хадзілі.

Сяркова ўспыхнула:

— А можа, я тады затрымалася!

— Не, Сяркова, не затрымаліся, у мяне тут запісана, і ваш подпіс ёсць.

— Дык што, па-вашаму, — я ўзяла, я? — Не прывыклая, відаць, каб ёй гаварылі насуперак у магазіне, яна ледзь стрымлівалася.

Корзуну здалося, што прадаўшчыца зараз учэпіцца ў яго сваімі доўгімі, пафарбаванымі ў бурачковы колер пазногцямі, і на ўсякі выпадак крыху адсунуўся ўбок.

— Я ўзяла? Я? — задыхаючыся ад злосці, наступала Сяркова.

— Хутчэй за ўсё, не, вам сапраўды гэта не патрэбна, — заспакоіў ён разгневаную прадаўшчыцу, — а нервавацца не трэба, інакш мы з вамі злодзея не знойдзем.

Яна крыху астыла, аднак глядзела на Корзуна з недаверам і ранейшай непрыязнасцю, быццам чакала новай пасткі.

Пачатак следства зусім не радаваў Корзуна. Куды дзеліся грошы, па-ранейшаму было невядома. Яму ўдалося толькі ў прынцыпе даказаць невінаватасць Грамакоўскай. Праўда, амаль гэтак жа ён быў перакананы, што і Сяркова не брала грошай, і не інсцэніруе прапажу. Бо, калі злодзея не знойдуць, ёй усё роўна прыйдзецца пагашаць нястачу — доказаў крадзяжу няма ніякіх, А яна ў гандлі працуе шмат гадоў, без растрат, адзінокая, забяспечаная, нядаўна яшчэ і хату, якую атрымала ў спадчыну ад маці, прадала. Тут нешта іншае. Але што? Вось гэтага Корзун якраз і не ведаў.

Вынікі рэвізіі не былі для Корзуна нечаканымі. Як ён і думаў, не хапіла толькі той сумы, якая, паводле слоў Сярковай, прапала з магазіна. Пра гэта ў міліцыю паведаміў старшыня сельпо, дадаўшы, што Сяркова згодна пакрыць нястачу. Такім чынам, улічваючы яе мінулую бездакорную працу, справу можна прыпыніць. Тое ж параіў Корзуну і начальнік аддзела падпалкоўнік Шарай, калі ён далажыў яму, што пры расследаванні зайшоў у тупік.

— Але ж грошы прапалі,— з сумненнем запярэчыў Корзун.

— Ты вельмі верыш Сярковай? — спытаў падпалкоўнік.

— У тым вось і загваздка, што не. Нервавалася, кідалася, а цяпер сама прапанавала ўнесці грошы.

— Бачыш, і ў цябе няма да яе даверу. Магчыма, што ўся гэта гісторыя — інсцэніроўка. Страты дзяржаве няма, так што давай згаджайся з кааператарамі. Для цябе ў нас ёсць больш перспектыўны занятак. Скардзяцца на трыкатажную секцыю універмага. Нібы самыя дэфіцытныя рэчы налева збываюць, з нацэнкай, вядома.

Корзун устаў, абцягнуў кіцель.

— Таварыш падпалкоўнік, за універмаг вазьмуся, сёння ж. Але дазвольце патрымаць яшчэ гэту справу, хоць некалькі дзён.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: