Шрифт:
— А калі не паступлю?
— Пойдзеш скрыні збіваць на тытунёўку, — жорстка казала яна.
Як і належыць фабрычнаму чалавеку, мама з павагай ставілася да любой працы. Але пагроза адправіць мяне біць скрыні ў тарны цэх тытунёўкі была для яе прызнаннем уласнага жыццёвага краху. Яе адзіны сын павінен быў сапраўды, без блату, без хабару паступіць ва ўніверсітэт. Дзеля гэтага яна жыла. І калі ў 1997 годзе, паміраючы пасля інсульту, сінімі тонкімі вуснамі яна будзе шаптаць нешта незразумелае для мяне, Марына, мая жонка, зразумее яе і гэтак жа цвёрда, як калісьці мама, паабяцае:
— Саша абароніць дысертацыю, Валянціна Іосіфаўна, я абяцаю...
І, гледзячы на паспакайнелую пасля гэтых слоў старую сівую жанчыну з белымі худымі рукамі, якая ўсяго тыдзень назад была такой жа моцнай, ганарлівай, упэўненай у сабе, як і ў маім дзяцінстве, я зразумеў, што Марына ўсё правільна калі і не прачытала па ейных вуснах, то - адгадала.
Мама не хацела пераязджаць у Мінск. Ён быў для яе чужым і халодным горадам. Усё жыццё пражыла яна ў Г ародні і, урасла ўсімі магчымымі для чалавека каранямі ў гарадзенскі трохкутнік - вуліца Міра, “тытунёўка”, вуліца імя касманаўта Паповіча, дзе жыў і зусім нядаўна памёр, абязножаны, але, як і мама, ён не страціў жорсткасці характару, мой хросны бацька і муж яе любай малодшай сястры Галі, Мікалай Сцяпанавіч Свістун, мама проста не разумела, як можна з'ехаць у іншы горад. “Іншы” - гэта як канец жыцця. Па-за Гародняй можна памерці, але жыць - нельга, яна была ў гэтым упэўненая.
— А калі ўсё скончыцца?
– паўтарала яна мне, як замову.
– Куды ты вернешся? Трэба ж, каб было, куды вярнуцца! А тут у цябе будзе кватэра. Тут - усё сваё.
Гародня была для яе “сваёй”. Дзень мамінай старасці праходзіў на тэлефоне. Раніца пачыналася са званка “тытунёўцам”: Веры Савельеўне Кардабнёвай, Лідзіі Іванаўне Бутрымовіч, Марыі Аляксандраўне Сафронавай. Яны абмяркоўвалі вытворчы працэс з такім запалам, быццам бы ўсё яшчэ працавалі на фабрыцы. Рэўнасць да тых, хто прыйшоў на іх месца, была адкрытай і апраўданай. Цяжка змірыцца з тым, што ты раптам перастаў быць патрэбным - я гэта ведаю па сабе.
Потым ішлі тэлефанаванні радні. Сястры - у Друскінінкай, пляменніцам, маім стрыечным сёстрам, — па горадзе.
Потым яна займалася маімі справамі. Мама была ідэальным сакратаром. Арганайзераў не было, і яна была маім арганайзерам.
— Патэлефанавала Аўтуховіч, ператэлефануй ёй. Т ы не забыўся, што ў цябе сустрэча з Ягоравым? А чаго хацела Левіна?
Мае сябры рабіліся яе сынамі. Валодзя Ляўшук замяніў ёй мяне пасля майго ад'езду ў Мінск. Ён і патэлефанаваў мне ў пачатку снежня 1995 годзе:
— Валянціну Іосіфаўну паклалі ў лякарню. Прыязджай.
Я прыехаў.
Мама сядзела ў палаце той самой другой гарадской бальніцы, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала санітаркай бабця Каця. Невідушчымі вачыма яна глядзела міма мяне і маўчала.
— Гэта я. Мама, гэта я.
Яна маўчала. У ёй гаварыла крыўда. Мама не магла змірыцца з тым, што я з'ехаў у Мінск і пакінуў яе. Яна ўсё разумела - і тое, што з'язджаць было трэба - ад яе, ад яе цвёрдага і ўладнага кіраўніцтва, каб, у выніку, ажаніцца і пачаць самастойнае жыццё... Але вось змірыцца з гэтым яна не магла.
— Я зварыў табе курыны суп.
Я дастаў яшчэ гарачы слоік з супам.
— Паеж, мама!
— Тут даюць суп, — амаль не расціскаючы вуснаў, сказала яна.
Так, суп варылі і ў бальніцы. Але сына гэта не магло замяніць.
— Мама. Ты хочаш са мной? У Мінск?
— Не.
Яна не хацела ў Мінск. Але выйсця ўжо не было. За паўгады мама пастарэла, страціла сваю ўпэўненасць і стойкасць. Жыць у розных гарадах мы проста не маглі.
Я прыйшоў у пустую без мамы “палутарку” і патэлефанаваў Марыне. Новы год трэба было сустракаць у Гародні, з мамай.
Марына прыехала. Я сустрэў яе на аўтавакзале 31 снежня 1995 года, і на халодным аўтобусе з замёрзлымі шыбамі мы даехалі да вуліцы Гагарына.
Г эта было самае цяжкое свята ў маім жыцці. І змрочнае паліттэхналагічнае навагоддзе 2008 года, якое прайшло ў Нар'ян-Мары, і “амерыканка” (СІЗА КДБ РБ 2010/2011 гг.) не магло параўнацца з імі. Мама была маўклівай, самотнай; яе фірмовыя катлеты падгарэлі, а салаты, спехам прыгатаваныя Марынай, здаваліся нясмачнымі. Праз два дні, калі мы з'язджалі, мама змірылася з непазбежнасцю пераезду ў Мінск.
Пытанне было вырашана за месяц. На працягу студзеня мой старэйшы сябар і таварыш па працы ў школе. Аляксандр Віктаравіч Шчарбакоў знайшоў пакупніка на нашу старэнькую “палутарку”. Прадалі мы яе за вар'яцкі па тых часах кошт - за 6,5 тысяч даляраў. Марына знайшла і аформіла куплю аднапакаёвай кватэры на вуліцы Рафіева ў Мінску. Я бегаў і шукаў грошы, якіх бракавала. І знайшоў.
Мой былы кіроўца з ЦК Саюза моладзі, Віктар Яскевіч, прыехаў у Гародню па нас. Мама правяла апошнія свае гарадзенскія дні ў маёй стрыечнай сястры Лоркі. Мы з Віктарам туды за ёй і прыехалі. Гэта было 1 лютага 1996 года.