Вход/Регистрация
Мама
вернуться

Неизвестно

Шрифт:

Апошнім нашым сумесным падарожжам была паездка ў Маскву на зімовых вакацыях 1981 года. Мама ўгаварыла фабкам аплаціць нашаму класу, як лепшаму ў падшэфнай школе, квіткі на цягнік. Гэта была цалкам нявінная хітрасць: я збіраўся паступаць у ГИТИС на тэатразнаўства. Я нават прыйшоў у ГИТИС, узяў нейкую брашуру з правіламі і праграмамі. Але ўсё было дарма. Мама захварэла, і я застаўся ў Гародні.

Гэта было зразумела. У нас з ёй больш нікога не было. Толькі мы - адно ў аднога.

Бацькі свайго я не ведаю. Я імкнуўся не размаўляць з мамай на гэтую тэму. Мне было няёмка. Аднойчы ў двары я пабіўся з хлапчукамі, якія скакалі вакол і крычалі:

— А ў цябе таты няма!

— Ёсць, — плакаў я.
– Толькі ён з намі не жыве!

— Няпраўда!
– тут жа хтосьці запярэчыў мне.
– Мой тата з намі не жыве, але ён да мяне прыходзіць!

Я маўчаў. Мне не было чаго сказаць...

Прыкладна за год да свайго пераезду з Гародні ў Мінск я спытаў яе:

— А хто мой тата?

Быў, здаецца, жнівень. Змярканне. Мы сядзелі без святла - толькі мігатлівы экран “Гарызонту” свяціўся на тле балконнага шкла.

— Табе дрэнна са мной?
– спытала яна пасля доўгай, як у Джуліі Ламберт, паўзы.

— Не, але.

— Тады не пытай.

І я больш ні разу не спытаў.

Але тату я сабе ўяўляў. Як правіла, мне хацелася, каб ён быў такім, як хто-небудзь з мамчыных калегаў. Часам - дзядзька Вася Шаўчэнка, часам - дзядзька Ілля Растаргуеў. Гэта былі чужыя бацькі, а я хацеў свай­го, але падобнага. Больш за ўсё я жадаў, каб ён быў падобны да дзядзькі Валодзі Сягодніка.

Дзядзька Валодзя, як я даведаўся значна пазней, быў адзін час сапраўды закаханы ў маму. Ва ўсё тым жа зялёным альбоме захаваўся здымак, дзе яны разам святкуюць Новы год. Яны былі б вельмі прыгожай парай.

— А чаму ты не выйшла за дзядзьку Валодзю?

— Ну, ён маўчун у маладосці быў. З ім было сумна. Калі б быў такі, як цяпер, — вядома, выйшла б.

I сёння я дакладна не ведаю, ці праўду яна казала тады. Але і пазней дзядзька Валодзя, ужо жанаты чалавек і галоўны механік цэха, трымаў над мамай сакрэтнае шэфства. Дагэтуль у мяне дома стаіць збіты ім маленькі зэдлічак - адмыслова для мяне. Калі мае шматлікія стрыечныя браты збіраліся ў нас, была бойка за права сядзець на ім. Мама і бабця раздымалі нас:

— Саша, аддай зэдлічак Вову (Віцю, Юрку, Толіку)! Яшчэ насядзішся.

Дзе ім было зразумець гэту дзіцячую рэўнасць уласніка, які імкнецца

зацвердзіцца ў сваіх правах менавіта цяпер - на вачах у гаманлівых стрыечных братоў, што выхопліваюць такую каштоўную “рухомасць”!..

Галоўным святам майго дзяцінства была першамайская дэманстрацыя. Зранку мама будзіла мяне, і мы ішлі на фабрыку. Там выбудоўвалася калона: наперадзе кіраўніцтва “тытунёўкі” на чале са страшэнна падобным ці да Хрушчова, ці да Чэрчыля Сяргеевым, потым - цэхі. Мамчын цэх, вечны пераможца, ішоў першым. Мама свяцілася, і ўсе вакол свяціліся бясконцай радасцю. Г еліем надзімаліся велізарныя, як мне тады здавалася, каляровыя шары. Іх прывязвалі на тонкія галінкі з маладзенькімі лісточкамі, а калі вясна была ранняй - то кветкамі чаромхі. Г раў акардэон, цётачка Ліда Бутрымовіч і цётачка Вера Кардабнёва ўсміхаліся, дзядзька Валодзя Сягоднік паліў цыгарэту. Павел Пятровіч Сяргееў абарочваўся:

— Валя, у цябе парадак? Тады пайшлі.

І калона рухалася наперад, з шарамі, кветкамі і транспарантамі. Кветкі былі з прыгожай папяроснай паперы, велізарныя, тэатральна цудоўныя. Іх пялёсткі накручвалі на алоўкі, каб надаць ім дадатковую кудлатасць. Я прыносіў часам некалькі такіх у школу.

Калона “тытуннікаў” праходзіла праз Стары мост, паварочвала на вуліцу Парыжскай Камуны, адтуль - праз Сацыялістычную - на Ажэшкі, паўз галоўны ў маім жыцці кінатэатр - “Чырвоная Зорка”. На Савецкай вуліцы ўтвараўся затор: калоны прадпрыемстваў і навучальных устаноў выбудоўваліся ў чаргу адпаведна месцам у сацспаборніцтве. “Тытунёўка” прыносіла вялікія грошы дзяржаве, але яна была “шкодным” прадпрыемствам, таму наперад яе не прапускалі. Мы стаялі ў заторы гадзіну, другую, вясёлыя і шчаслівыя. Мама смяялася і жартавала. Яна была яшчэ маладой - каля пяцідзесяці гадоў. Усё было наперадзе. Ці здавалася, што было наперадзе.

...Я не памятаю, калі пайшоў у адстаўку Сяргееў і на фабрыку прызначылі новага дырэктара - Ігара Іосіфавіча Багдановіча. Ён быў чалавекам з вышэйшай адукацыяй - старым бездыпломным сяргееўскім “кадрам” не дужа давяраў. І калі пры Сяргееве мама - старшы майстар цэха - была яго паўнаўладнай гаспадыняй, то Багдановіч яе адсунуў. Пасада начальніка цэха, якая патрабавала адукацыі, і таму доўга вакант­ная пры Сяргееве, была запоўнена. Г эта было зразумела: маме даўно ўжо споўнілася 50 гадоў, а для жанчын-”тытунніц” гэта пенсійны ўзрост. Мама пабурчэла, але пайшла да Багдановіча і папрасіла яго даць ёй дапрацаваць, пакуль я не скончу школу і ўніверсітэт. Да гонару Ігара Іосіфавіча, ён не стаў помсціць маме, якая пераўтварылася ў лідара кухоннай апазіцыі, хоць ікаць яму, калі яна з сяброўкамі перабірала косці новага дырэктара, даводзілася, верагодна, не раз. Маму пакінулі, але перавялі ў тытунёвы, а потым у тарны цэх. Гэта было паніжэнне. Але выхаду не было: ці гонар, ці заробак. Выбіраць не даводзілася.

За ўсё сваё працоўнае жыццё - а “тытунёўцы” мама аддала больш за 35 гадоў - Валянціна Іосіфаўна Фядута зарабіла тры тысячы савецкіх рублёў. Менавіта гэтулькі яна здолела адкласці на ашчадкніжцы. Гэта лічба валодала нейкай сакральнасцю. Сама мама казала так:

— Тры тысячы. Тысяча табе на вучобу, тысяча на вяселле, тысячу мне на пахаванне.

Ні на вяселле маё, ні на мамчына пахаванне гэтыя грошы марнаваць так і не прыйшлося. Грошы скончыліся пры маміным жыцці і яшчэ да майго вяселля. Гэта значыць, намінальна яны яшчэ былі, але фактычна гэтая драбяза грашыма ўжо не была.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: