Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Да Корзуна падышоў Шабуня, сказаў:

— Скончылі. Пуста.

— Будзем… — Корзун хацеў сказаць, што прыйдзецца вяртацца, і спаймаў Кунцэвічаў позірк — здзеклівы і разам з тым насцярожаны, неспакойны. Падумалася: што трывожыць яго? Што? — Віктар Пятровіч, — паклікаў ён эксперта, яшчэ добра не ўяўляючы, аб чым папросіць яго. — Віктар Пятровіч… Якія дзверы з гэтых, — паказаў ён рукой на астатнія хлявы, — адчынялі нядаўна?

Эксперт павёў вачамі па замках, завалах.

— Бадай, скажу.

А праз некалькі хвілін упэўнена паказаў:

— Гэтыя.

— Чый гэта склад, Кунцэвіч? — спытаў Шабуня.

— Цяпер нічыйны, — нарыхтоўшчык адказаў не адразу. — Там нічога каштоўнага няма.

— Я ў райспажыўсаюз, — Шабуня накіраваўся да машыны. — Пачакайце, — ён улавіў Корзунаву здагадку.

— Чаго вы прычапіліся да гэтых сховішчаў старога хламу? — Кунцэвічу ўжо не стаялася спакойна, ён прыкметна занерваваўся. І хаця вобыск праводзілі іншыя, звярнуўся ўсё-такі да Корзуна.

«Вось ты і забаяўся, — падумаў Корзун, — напэўна ж, не праз махлярства. Зараз я табе тое-сёе падкіну, ды так, што новую скаргу пісаць і не захочацца». Адказаў без асаблівай зацікаўленасці:

— Чатырнаццатага лютага па вуліцы Падгорнай ішлі двое, а недзе тут як праваліліся. Вы часам не бачылі, калі на кані праязджалі? Час быццам супадае.

— Завіруха круціла, — ён не ўдакладняў, што за дзень быў чатырнаццатага лютага, помніў.

— Ну, вам завіруха нішто, вы ж свежым паветрам дыхалі.

Кунцэвіч не захацеў працягваць размову. Корзун не настойваў.

Прыехаў Шабуня, і не адзін, з незнаёмым Корзуну чалавекам.

— Кладаўшчык Бачэйка, гэта яго былы склад, — растлумачыў капітан.

— Ключ толькі ў вас? — спытаў Корзун.

— Адзін. Быў другі, але неяк яго ўзяў вось ён, — кіўнуў Бачэйка на Кунцэвіча. — Трымаў часам што.

— Адчыніце, калі ласка, — папрасіў Шабуня. Бразнула завала, прапішчалі дзверы, прапускаючы

ў прапахлы нежылым, затхлы хлеў сонечнае святло.

— Нехта сядзеў,— здзіўлена працягнуў эксперт, спыніўшыся перад лаўкай, што стаяла злева ад увахода. — Лямпу, — загадаў.— Так, так. Адна рука ў пальчатцы, другая — голая. За лаўку трымаўся. Зверху сляды сцёртыя, знізу… Ёсць! Зараз здыму. — Ён устаў, азірнуўся. — Падобна, гэты след нам скажа болей…

Сіне-белыя палосы пайшлі па Кунцэвічавым твары. Корзун занепакоіўся: раптам хопіць удар. Але нічога не сказаў, хаця пытанняў меў нямала. Выконваў абяцанне, дадзенае пракурору.

Пратасеня доўга глядзеў на пратакол, у якім былі запісаны вынікі вобыску на Падгорнай. Так доўга, што Корзуну нават здалося, быццам ён наогул забыўся і на пратакол, і на яго, інспектара абласнога крымінальнага вышуку, які прынёс яму гэты пратакол, а думае нешта сваё, далёкае ад пракуроравага кабінета. Корзун не напамінаў аб сабе, здагадваўся, як нялёгка зараз Пратасеню. Пратасеня не паддаўся новаму павароту ў расследаванні, які быў раптам узнік. Аднак толькі ці не дзякуючы яго, Корзунавай, настойлівасці? Бо быў, шчыра кажучы, гатовы паддацца. І разумець гэта, прызнаваць было не надта прыемна.

Нарэшце Пратасеня паварушыўся, пацягнуўся па тэлефонную трубку і коратка прамовіў:

— Давайце!

Кунцэвіча прывялі неўзабаве, але, пакуль яго не было, Пратасеня не сказаў ні слова Корзуну: безуважна глядзеў у акно.

Раней Кунцэвіч уваходзіў у пракурораў кабінет больш упэўнена. Яшчэ нават у пятніцу храбрыўся, спрабаваў жартаваць, кпіць з сябе. Потым пісаў скаргу, пагражаў. А зараз быў ён нейкі завялы, нібы хто ўзяў і адключыў ад яго былую энергію.

— Сядайце, — сказаў Пратасеня. — К канцу дня вы атрымаеце адказ на заяву.

— Як будзе, — асцярожна адказаў Кунцэвіч. — я не настойваю, калі ўсё будзе па закону, — і паглядзеў на Корзуна.

— Дамовіліся. А цяпер, з майго дазволу, вядома, інспектар абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Корзун высветліць з вамі некаторыя акалічнасці.

— Спадзяюся, мне не будзе поваду зноў пісаць, — крыва ўсміхнуўся Кунцэвіч, ці то пагражаў, ці то прапаноўваў дагавор.

Корзун прапусціў закід міма вушэй.

— Помніце, на чым мы перарвалі размову мінулы раз? Маеце што-небудзь сказаць? Не ведаеце, што хачу? То паслухайце, мажліва, зразумееце. На лаўцы ў Бачэйкавым складзе сядзеў, ведаеце хто? Рамейка!

— А мне што? — напружыўся Кунцэвіч.

— Вельмі падазраю, што вы яго прывялі.— Корзун чакаў выбуху, як мінулы раз. — Буду рады, шчыра кажу, калі вы абвергнеце падазрэнне.

Кунцэвіч маўчаў, марудзіў, нібы ўзважваў свае доказы і інспектаравы.

— Вы часам свой кажух каму-небудзь не пазычалі, Абабурку, напрыклад? — падкінуў Корзун матэрыялу для роздуму.

Кунцэвіч памуляўся. Відаць, яму вельмі хацелася пацвердзіць гэта і было боязна, каб пытанне не аказалася новай пасткай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: