Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Корзуну ўспомніўся свой гарадок. Тады яны, вучні, фізкультурай маглі займацца толькі ў цеснай школьнай зале, а пра басейн нават не марылі. А цяпер у звычайным раённым цэнтры — спартыўны комплекс! Хутка бяжыць час, але яшчэ хутчэй мяняецца аблічча гарадоў і пасёлкаў. Ён пастаяў, пачытаў афішы, якія паведамлялі аб спаборніцтвах, і павярнуў назад. Быў час ісці да Пратасені. Але яшчэ раней трэба было завярнуць у райаддзел. Сякія-такія думкі з'явіліся, іх неабходна праверыць. Тым болей што дзяжурыў сёння сам начальнік аддзялення крымінальнага вышуку капітан Шабуня.

— Здаволены? — сустрэў ён Корзуна. Лічыў, што цяпер справа, нарэшце, закончыцца.

— Прагрэс рухаюць скептыкі, капітан, — адказаў Корзун, — так што пазбягай заспакоенасці. А каб ты не заснуў у шапку, вось табе заданне: знайдзі зацятага аматара спорту. Хай паводзіць мяне па гарадку. Гадзіны праз дзве.

Шабуня паціснуў плячамі. І таму ўвесь яго выгляд нібы казаў: табе так хочацца — дастаўлю, і не толькі аматара спорту, а спатрэбіцца — і музыканта, і шаўца з краўцом, і наогул, каго хочаш. Корзун пасміхнуўся, падумаўшы, што капітан няйначай цяпер будзе ламаць галаву, стараючыся даўмецца, якая такая патрэба ўзнікла ў інспектара абласнога ўпраўлення. Бо ён сам, Корзун, не супакоіўся б, пакуль не адгадаў бы ў падобным выпадку чужую задуму. Здарэнне ж адбылося ў Лясным, следства працягвалася, і начальніку крымінальнага выпуску не павінна быць абыякава, як і чым яно скончыцца.

XVII

Пра што думаў Шабуня гэтыя дзве гадзіны, пакуль яго не было, Корзун так і не даведаўся. Аднак, калі ён прыйшоў у аддзел, у капітана сядзеў белабрысы цыбаты хлопец у караткаватым дэмісезонным паліто і тупаносых чорных чаравіках на тоўстай белай падэшве.

«Як піць даць музыкант», — мільганула ў Корзунавай галаве. Ды, зрэшты, для яго задумы гэта істотнага значэння не мела — абы добрым гідам быў.

Напэўна, нейкая нездаволенасць усё-такі адбілася на Алесевым твары, бо цяпер пасміхнуўся ўжо гаспадар кабінета і падкрэслена раўнадушна адрэкамендаваў модніка:

— Выступае за зборную вобласці, баскетбаліст.

— А ўжо ж, росту хапае, — Корзун больш прыязна паглядзеў на хлопца.

А той ускочыў з крэсла, выцягнуўся па стойцы «смірна», стаўшы яшчэ нібы даўжэйшым, і назваўся:

— Малодшы лейтэнант Наркевіч…

— З майго аддзялення, — задаволена дадаў Шабуня і ўдакладніў: — Мясцовы, у курсе справы.

— От, гэта добра, капітан, — узрадаваўся Корзун. — Дзякую. — І да хлопца: — Як тваё імя, малодшы лейтэнант? Мікола? Дык вось, Мікола, пашукаем зацятых валейбольных балельшчыкаў.

— Усіх? — разгубіўся Наркевіч.

— Яно не пашкодзіла б, аднак пакуль з нас, спадзяюся, хопіць тых, што жывуць на поўнач ад спартыўнага комплексу.

— Геаграфія… — заклапочана паматаў галавой Шабуня. — Мне б з вамі… На заўтра нельга адкласці?

— Баюся, на мяне ўжо данос у пракурора ляжыць, — адказаў Корзун, — мушу спяшацца, — і павярнуўся да малодшага лейтэнанта.

Наркевіч адступіў на крок убок, прапускаючы Алеся ў дзверы.

На вуліцы спыніліся.

Ярка свяціла сонца. Прамерзлы белы снег пад яго промнямі зіхацеў рознакаляровымі вясёлкамі, пявуча рыпеў пад нагамі. Корзуну зноў падумалася, што ў такі суботні дзень не сведкаў шукаць бы, а на лыжах па наваколлі гойсаць, і ўздыхнуў.

— Вы не турбуйцеся, Алесь Антонавіч, к вечару ўсіх выявім, наш гарадок невялікі.

— Я не пра тое, Мікола, — прызнаўся Корзун. — За нашай працай часам забываеш, што ты не толькі дэтэктыў, а і звычайны чалавек, якому хочацца адпачыць, з сябрамі пра жыццё-быццё паразважаць.

— Ну, забойствы не кожны дзень бываюць, — разважліва прамовіў Наркевіч.

— І то верна, — пагадзіўся Корзун. Не яму было расчароўваць гэтага хлопца, які толькі пачынаў службу ў міліцыі і якому яшчэ ўсё бачылася ў асаблівым святле, нагадваць, што, акрамя забойстваў, ёсць нямала іншых сур'ёзных злачынстваў і яны таксама патрабуюць часу. Некалі і ён, Корзун, быў такі. Тады яму кожнае дзяжурства ў выхадны дзень здавалася святам, ён нават ганарыўся, што нясе вахту, калі іншыя супрацоўнікі адпачываюць. Зараз ён святочнымі дзяжурствамі не ганарыўся, зараз ён прымаў іх як звычайную службовую неабходнасць, хаця ў душы было і зайздросціў тым, хто можа вольна распараджацца сваім часам. Аднак, каб яму давялося выбіраць службу спачатку, ён усё роўна пайшоў бы ў крымінальны вышук. З усімі клопатамі, нягодамі і да таго падобнымі праявамі, якімі характарызуецца гэта служба. Толькі цяпер у яго поглядзе на яе было зусім мала колішняй рамантыкі — яна саступіла месца цвярозаму разуменню сутнасці салдата міліцыі. Алесь зірнуў на суровы твар Наркевіча і сказаў: — Не будзем бядаваць, дружа, можа яшчэ пашчасціць, то мы тады і прагулку ў лес арганізуем.

Яны няспешна пакрочылі ў бок цэнтра гарадка. Калі апынуліся на ціхай бязлюднай вуліцы, Корзун спытаў:

— Табе задача ясная?

— Збольшага…

Сам Корзун не любіў, выконваючы даручэнне, дзейнічаць, як кажуць, з завязанымі вачамі, не ведаючы добра сутнасці задання. І рашыў растлумачыць сваю задуму таварышу:

— Прыкладна ў той час, калі скончыўся валейбольны матч, на Падгорнай або на бліжэйшых да комплексу вуліцах мог быць чалавек у вазку ці без вазка, пеша, адзін, удвух, з кампаніяй… Разыходзячыся, балельшчыкі маглі яго або іх бачыць. Нам важна ўстанавіць, ці бачылі, калі бачылі, то каго, ну і, вядома, больш-менш дакладна час. Зразумела?

— Так…

— Бачу, не зусім, — пасміхнуўся Алесь. — Справа ў тым, што я маю вялікае падазрэнне супраць нарыхтоўшчыка Кунцэвіча. Нават амаль упэўнены, што ён тут быў і што яго знаходжанне тут неяк звязана са смерцю журналіста Рамейкі.

— Але адбітак…

— Нягледзячы на адбітак! — жорстка сказаў Корзун. — У той вечар вельмі падобнага на Кунцэвіча чалавека бачылі на Падгорнай, ехаў на кані. Што яму там было рабіць?

— Пыталіся, мабыць, у яго?

— Паспрабаваў. Цяпер скаргі чакаю. Ды гэта дробязь. Абы мы каго-небудзь знайшлі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: