Вход/Регистрация
Левы рэйс
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

— Чуць маглі. Ад Абабуркі, напрыклад.

— Ён вам і гэта сказаў, так? — Кунцэвіч, на здзіўленне Корзуну, трымаўся ваяўніча.

— Спадзяюся, скажа. Як даведаецца, што і да чаго, — паабяцаў Корзун.

— Тады і будзе размова, — ён яшчэ трымаўся, але, відаць, пачаў здагадвацца, што Корзун спакваля падбіраецца да прамога пытання: ці не ты забіў Рамейку? Гэта не крадзеж, не вадвянская ферма. Кунцэвіч не мог не разумець гэтага. Аднак, напэўна, разумеў і другое: былі б у следства доказы, пытанне задалі б даўно.

— Доўга чакаць не прыйдзецца, — супакоіў Корзун і, як паміж іншым, спытаў: — Чаго вы раніцай на пераезд паехалі?

— Грамадзянін пракурор, вы чулі? — Кунцэвіч павярнуўся да Пратасені.— Колькі разоў можна пра адно і тое? Абараніце ад прыдзірак.

— Адказвайце, — суха сказаў Пратасеня. Кунцэвіч неахвотна прамовіў:

— З Багуком дамовіўся.

— У Багука няма свіней.

— А мне не свінні, мне подпіс быў патрэбны. Свіней у мяне хапала, — Кунцэвіч узбадзёрыўся, адказ здаўся яму даволі ўдалым. Не ведаў ён, што Пратасеня з Корзунам прадбачылі і такі ход і загадзя пацікавіліся, ці была ў яго з Багуком папярэдняя дамоўленасць. Ён хлусіў, і гэта насцярожвала.

— Не хочаце гаварыць — не трэба, — сказаў Корзун. — Як, Аркадзь Міхайлавіч, дадзім яму час, каб падумаў над пытаннем? Дык вось, Кунцэвіч, адкладзём допыт. Але раю ўлічыць, што гэта, мажліва, ваш апошні шанц быць шчырым, — і выклікаў дзяжурнага.

— Ты што, у покер гуляеш? — накінуўся на Корзуна Пратасеня, калі яны засталіся ўдвух.

— Аркадзь Міхайлавіч, я ніколі не бяру на пушку, — узмаліўся Корзун. — Не сварыцеся. Кунцэвіч абкладзены з усіх бакоў, няма куды яму падзецца.

— Ну, пралаз ён мае. Што ты прад'явіш? Парваны кажух? Гэта не доказ.

— Але ён вінаваты! Вы згодны?

— Як Пратасеня — так. Як пракурор — не. Мы з табой пакуль не можам прад'явіць яму доказаў.

— Мне здаецца, Аркадзь Міхайлавіч, што галоўны доказ ёсць, можа, ён у мяне ў руках, можа, у гэтым пакоі,— ён азірнуўся, быццам спадзяваўся ўбачыць доказ побач.

— Як знойдзеш, пакажаш, — усміхнуўся Пратасеня. — А зараз давай яшчэ пройдземся па тым, што маем.

Корзун супакоіўся, задумаўся. Потым як схамянуўся:

— Помніце адбітак на партманеце?

— Гэта было б надта проста, — паківаў галавой Пратасеня.

— Але мы не правяралі.

— Кучаронак у Рамейкавы кішэні не лазіў.

— Ён — не, а нарыхтоўшчык?

— Параўнай, — згадзіўся Пратасеня. Ён не верыў, што той адбітак мае дачыненне да іх справы, але было прыкра, што не зрабіў праверку раней, паддаўся версіі «Кучаронак».

Паклікалі эксперта, Віктара Пятровіча Шчэрбу. Корзун падаў яму адбітак і папрасіў:

— Правер, ці не Кунцэвічаў часам?

— Ну, гэта проста, — угледзеўся ён у адбітак, — гэта, як кажуць шахматысты, справа тэхнікі, прычым нескладанай…

— Балбатун ты, Віктар Пятровіч, як табе толькі вераць у гэтым раёне, — Корзун ведаў, што Шчэрба любіць пагаварыць, але зараз яму было не да жартаў, і ён падагнаў эксперта: — Ты давай у лабараторыю, давай…

Шчэрба ўсміхнуўся і выйшаў.

Ён вярнуўся праз некалькі хвілін, пераможна зірнуў на Корзуна і сказаў:

— Ты памыліўся! Але тваё шчасце, што ты маеш справу са мной. Я пайшоў далей, так сказаць, праявіў ініцыятыву. — Гэты, — паклаў Шчэрба першы здымак на пракурораў стол, — быў на партманеце. — Прыладзіў побач другі.— А гэты належыць Абабурку, нам яго прыслалі заўчора. Да ведама, бо нешта там у яснагорскага заатэхніка і на наш раён выходзіць…

Ен тлумачыў яшчэ, гэтак жа не надта дакладна падбіраючы словы, а Корзун тупа думаў: няўжо ён памыліўся з Абабуркам? Ён заўважыў, як раптам змоўк, здзіўлена паглядаючы на яго, эксперт, як уздыхнуў Пратасеня. Разумеў, што трэба гаварыць, даказваць, аспрэчваць, але ў галаве было пуста.

XVI

За акном увачавідкі сінела зусім нядаўна яшчэ такое светлае неба. Толькі на захадзе была затрымалася вузенькая палоска барвіны, аднак і яна неяк у адначассе згасла. У пакоі стала цёмна, няўтульна. Але Корзун паленаваўся ўставаць і ісці да дзвярэй, дзе быў уключальнік. Ён сядзеў і слухаў, як за сцяной Святлана дыктавала машыністцы ці то нарыс, ці то артыкул. Чытала яна манатонна, не адцяняючы голасам асобныя словы або фразы, быццам гаворка была аб бяздушных лічбах, а не людзях. А можа, так і трэба дыктаваць — суха, без эмоцый, каб машыністка не захапілася зместам і не прапусціла што-небудзь? Ён слухаў і хацеў, каб гэта — і цёмны пакой, і роўны голас за сцяной — працягвалася доўга, бясконца. Сёння яму, як ніколі раней, патрэбна была адзінота. Ён і ад пракурора пайшоў адразу, следам за экспертам. Пратасеня не затрымліваў, не суцяшаў. Кіўнуў на развітанне, і ўсё. А потым, відаць, пазваніў Святлане. Бо чаго інакш яна раптам завітала б у гасцініцу сярод дня? Сцягнула Корзуна з ложка і прывяла ў рэдакцыю, загадаўшы пасядзець, пакуль вызваліцца. Быццам ён у роспачы, у адчаі і наогул згубіў галаву і яго нельга пакідаць без догляду. А яму падумаць трэба, ён з тых, хто доўга ідзе да вываду, але ўжо затое цвёрда стаіць на сваім. Гэта не натурлівасць, гэта — вера ў сябе. Бо калі ты, як флюгер, калі хапаешся за кожны факт і факцік, лёгка адкідваючы папярэдняе, памылка будзе ўвесь час хадзіць з табой побач…

Вярнулася Святлана, уключыла электрычнасць, бадзёра сказала:

— Чаго хаваешся ў цемры?

— Я не хворы, Света, — усміхнуўся Корзун, — я толькі злы.

— Спадзяюся, не на мяне? — яна кінула хуткі, востры позірк на Корзуна і пачала раскладваць аддрукаваныя лісты. — От і добра. Пакуль я вычытаю, пагартай падшыўку. Супакойвае, па сабе ведаю.

Корзун хацеў быў адказаць — уедліва, здзекліва, але засаромеўся: хіба Святлана вінавата, што ў яго нелады ў рабоце? Калі і вінаваты хто, дык толькі ён сам. Не адказаўшы, узяў падшыўку і пачаў чытаць. Здаецца, маленькая газета раёнка і выходзіць на тыдзень усяго тры разы, а калі робяць яе людзі таленавітыя, зацікаўленыя, то і ў кароценькіх матэрыялах можна ўбачыць, як і чым жыве раён. І Корзун непрыкметна захапіўся. Спачатку прачытаў некалькі выступленняў Якушавай. Усё-такі была яна разумная дзяўчына, умела мысліць — не проста пісала аб падзеях, а як бы ўзнімалася над імі, абагульняла асобныя факты, гутарыла з чытачом. Корзун скоса паглядзеў на яе — засяроджаную, далёкую, здавалася, нават ад гэтага кабінета — і задаволена пасміхнуўся: здольны чалавек яго знаёмая Якушава! Гартаючы далей, заўважыў інфармацыю аб матчы на першынство вобласці па валейболу. Пра каманду Ляснога ён чуў даўно. Яна нават у рэспубліканскіх сельскіх гульнях удзельнічала. І інфармацыю прачытаў з цікавасцю. Перамаглі мясцовыя валейбалісты, але сустрэча была напружанай, з пяці партый, і гульня ішла ачко ў ачко. Корзун задумаўся і раптам злавіў сябе на тым, што ўжо даўно глядзіць не на заметку, а на дату, калі выйшла газета. Ён аж пакруціў галавой: насланнё нейкае! І тады зразумеў, што матч адбыўся менавіта ў той вечар, калі загінуў Рамейка, чатырнаццатага лютага. Гэтыя дзве падзеі, вядома, ніяк не былі звязаны, проста ён, не зважаючы на сённяшнюю знаходку, у думках працягвае распрацоўку сваёй апошняй версіі з Кунцэвічам на першым плане…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: