Шрифт:
Горла ў яго гарэла. Ён амаль нi пра што не мог думаць, акрамя вады.
Але яму даводзiлася думаць. Пра тое, як пранiкнуць праз бар'ер, як дабрацца да гэтай iстоты i забiць яе, пакуль гарачыня i смага не забiлi яго самога.
Бар'ер з абодвух бакоў даходзiў да сцяны. А зверху i знiзу?
Некаторы час у Карсана ў галаве стаяў нейкi туман, i ён чiяк не мог даўмецца, як яму гэта высветлiць. Седзячы нерухома на блакiтным пяску (а як ён сеў - гэтага ён не памятаў), ён бязмэтна глядзеў, як блакiтная яшчарка перабягае ад аднаго куста да другога.
Карсан усмiхнуўся ёй. Можа, у яго ў галаве штосьцi было не ў парадку, бо ён раптам успомнiў старыя балачкi марсiянскiх каланiстаў: "...Хутка табе робiцца так адзiнока, што ты пачынаеш загаворваць з яшчаркамi, а потым настае час, калi яны пачынаюць табе адказваць..."
Вядома, яму трэба было думаць пра тое, як забiць Прышэлыiа, але замест гэтага ён усмiхнуўся яшчарцы i сказаў:
– Прывiтанне!
Яшчарка зрабiла некалькi крокаў да яго.
– Прывiтанне!
– адказала яна.
Карсан здранцвеў ад здзiўлення, а потым апамятаўся i зарагатаў. I смяяцца яму было не балюча - не настолькi ўжо ў яго перасохла ў горле.
А чаму i не? Чаму б iстоце, якая вынайшла гэтае кашмарнае месца, не мець пачуцця гумару? Гаваркiя яшчаркi, якiя адказваюць табе на тваёй мове, - хiба гэта не мiла?
Ён усмiхнуўся яшчарцы i сказаў:
– Iдзi сюды.
Але яшчарка павярнулася i ўцякла, перабягаючы ад куста да куста, пакуль не схавалася з вачэй.
Ён зноў адчуў смагу.
I потым трэба штосьцi рабiць. Ён не можа перамагчы, проста седзячы тут i аддаючыся роспачы. Трэба штосьцi рабiць. Але што?
Пранiкнуць праз бар'ер. Але ён не можа прайсцi праз яго, не можа i пералезцi. А калi падлезцi пад яго знiзу? I да таго ж, каб знайсцi ваду, капаюць калодзежы. Адным стрэлам двух зайцаў...
Пераадольваючы боль, Карсан падышоў да бар'ера i пачаў капаць пясок голымi рукамi. Гэта была марудная, цяжкая праца: пясок асыпаўся, i чым глыбей ён капаў, тым шырэй даводзiлася рабiць яму. Ён не ведаў, колькi гадзiн прайшло, але на глыбiнi чатырох футаў ён упёрся ў скалу. Скала была зусiм сухая нiякiх прыкмет вады.
А сiлавое поле даходзiла да скалы. Усё дарэмна. I вады няма. Нiчога.
Ён выпаўз з ямы i лёг на пясок, задыхаючыся. Потым ён падняў галаву, каб паглядзець, што робiць Прышэлец. Павiнен жа ён нешта рабiць.
Так i ёсць. Ён штосьцi майстраваў з галiнак кустоўя, звязваючы iх тонкiмi вусiкамi. Дзiўнае збудаванне вышынёй футы чатыры i амаль квадратнае. Каб разгледзець яго лепш, Карсан узлез на кучу пяску, якую ён выкапаў. Ззаду з машыны тырчалi два доўгiя рычагi, адзiн з iх заканчваўся паглыбленнем накшталт кубка. "Падобнае на нейкую катапульту", - падумаў Карсан.
I праўда - Прышэлец паклаў у кубак важкi камень, адным шчупальцам парухаў угору-ўнiз другi рычаг, потым крыху павярнуў машыну, нiбы цэлячыся, а потым рычаг з каменем iрвануўся ўгору i ўперад.
Камень праляцеў за некалькi метраў над галавой Карсана, так далёка, што ён нават не стаў нагiнацца, але ён прыкiнуў, на якую адлегласць паляцеў камень, i аж свiснуў. Ён не мог бы кiнуць камень такой вагi далей, чым на палову гэтай адлегласцi. I калi нават ён адступiць да задняй сцяны сваiх уладанняў, гэтая машына дастане да яго, калi Прышэлец прысуне яго да самага бар'ера. Над iм праляцеў яшчэ камень - ужо блiжэй. "Гэта можа быць небяспечна", - вырашыў ён. Трэба нешта рабiць.
Рухаючыся ўздоўж бар'ера, каб катапульта не магла ўзяць яго ў вiлку, ён запусцiў у яе дзясяткам камянёў. Але ён убачыў, што з гэтага не будзе нiякага толку. Так далёка ён мог кiдаць толькi невялiкiя камянi. I калi яны траплялi ў машыну, яны адскоквалi ад яе, не зрабiўшы нiякай шкоды. А Прышэлец на такой адлегласцi лёгка ўхiляўся ад тых камянёў, якiя падалi каля яго.
Акрамя таго, у яго моцна стамiлася рука. Ад знямогi ў яго балела ўсё цела. Калi б толькi ён мог крыху адпачыць i не ўхiляцца кожныя трыццаць секунд ад снарадаў катапульты...
Ён, хiстаючыся, адышоў да задняй сцяны. Але i гэта яго не ратавала. Камянi даляталi i туды, толькi радзей, як быццам даводзiлася даўжэй заводзiць механiзм катапульты.
Ён зноў зморана пацягнуўся да бар'ера. Некалькi разоў ён падаў i з цяжкасцю падымаўся на ногi. Ён ведаў, што яго сiлы канчаюцца. I ўсё-такi ён не мог спынiцца, пакуль не выведзе са строю гэту катапульту. Варта яму задрамаць, i болей ён не прачнецца.
Першы проблiск iдэi з'явiўся ў яго пасля чарговага стрэлу катапульты. Яе снарад трапiў у адну з кучак камянёў, якiя ён назбiраў ля бар'ера, i ад удару выскачыла iскра.