Вход/Регистрация
Перловый суп
вернуться

Будинас Евгений Доминикович

Шрифт:

О, колькі было звону і крыку!..

Афіцыянт аказаўся не толькі кончаным клапом, але і пляменнікам дырэктара рэстарана, а дырэктар рэстарана — братам нейкага хоць і літоўскага, але міліцэйскага начальніка. Так што да гэтай пары маглі б мы сядзець у якойнебудзь літоўскай вязніцы, калі б «лабус» Будзінас насамрэч, як западозрыў гэта Ледзенеў, нас кінуў.

Але Яўген Дамінікавіч нас не кінуў. Прыбегшы назаўтра ў рэдакцыю газеты «Komjaunimo tiesa», ён адразу спытаў: дзе мы, ці не аб'явіліся? Яму адказалі, што не, пакуль не аб'явіліся, і ніхто не ведае, што рабіць: не шукаць жа ў міліцыі. 3 уласцівай яму празорлівасцю Будзінас заўважыў на гэта, што, калі нас недзе і шукаць, дык якраз у міліцыі — і ў міліцыі нас знайшоў.

Літва ў той час была не краінай Еўрасаюза, а адной з пятнаццаці савецкіх сацыялістычных рэспублік, таму Яўген Дамінікавіч знайшоў нас у савецкай сацыялістычнай міліцыі слаба жывымі, бо ўсю ноч нас не слаба мяцелілі: мы адмаўляліся адказваць на пытанні (каб нас не вытурылі з работы), адкуль мы ёсць і хто мы ёсць такія, а ніякіх дакументаў пры сабе не мелі. Навошта нам мець пры сабе нейкія дакументы, калі не было мяжы паміж Літвой і Беларуссю...

«Ну, ё..! — вылаяўся Будзінас, убачыўшы, якія мы прыгажуны, і выслухаўшы ідыёцкую гісторыю пра масліны.
– Яны мне тыя масліны на белым сподачку пададуць!»

Ен доўга не мог зразумець сутнасць канфлікту ў рэстаране, у якім масліны нібыта былі і ў той жа час іх не было, а калі зразумеў, дык падняў пабытовы канфлікт на ідэалагічны, дзяржаўны ўзровень, падаўшы сутнасць ягоную зусім не так, як падаваў яе касаваты афіцыянт (які мяцеліў нас разам з ментамі) дый мы самі.

Для пачатку Яўген Дамінікавіч папрасіў начальніка пастарунка, у якім нас трымалі і мяцелілі, дазволіць яму патэлефанаваць з ягонага кабінета галоўнаму рэдактару газеты «Komjaunimo tiesa» — члену Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Літвы. Не дазволіць гэтага начальнік пастарунка не мог, а галоўны рэдактар не мог у такой сітуацыі не заступіцца за дарагіх гасцей, беларускіх сяброў, вядомых журналістаў.

«Вы не бачыце больш за дзве масліны ў салянцы! — адразу ж пасля тэлефонных перамоў папёр Будзінас на начальніка пастарунка. — 3 боку журналістаў хуліганства? Згодны, няхай. А прычына? Што з другога боку? Русафобія (беларусаў тады, як і цяпер, паўсюль і нават у Літве лічылі рускімі)! Нацыяналізм! Ці вы сапраўды будзеце мне даводзіць, што, калі ў рэстаране ёсць масліны, дык іх можна падаць толькі ў салянцы, а асобна — не? Ды гэта відавочны здзек! Нецярпімасць! Дыскрымінацыя! Па нацыянальнай прыналежнасці! Заўтра я напішу пра гэта ва ўсе газеты — і ў вас пальцамі будуць тыкаць! Вас і ўчастковых у міліцыі не пакінуць, а не тое што начальнікаў, калі не разумееце, што да чаго!..» I гэтак далей, і далей — пра савецкі інтэрнацыяналізм, дружбу народаў, нацыянальную палітыку партыі, якой ці сапраўды не разумеюць, ці, што яшчэ горш, не жадаюць разумець асобныя, той жа партыяй на высокія пасады пастаўленыя, адказныя работнікі органаў.. I ўсё гэта ён вымаўляў, тыкаючы пад нос начальніку пастарунка чырванаскурае пасведчанне з залатым цісненнем на вокладцы: ЦК ЛКСМБ. На звароце вокладкі было напісана: редакцыя газеты «Знамя юности», —але зварот вокладкі чырванаскурага пасведчання Яўген Дамінікавіч не надта стараўся паказваць.

Гэта быў спектакль, які трэба было бачыць... Начальнік пастарунка прапанаваў работніку ЦК ЛКСМБ машыну, каб ён ехаў на ёй са сваімі сябрамі-хуліганамі, куды захоча, абы далей — хоць у Мінск. Але Яўген Дамінікавіч не хацеў машыны, ён хацеў масліны! Прычым, у тым жа рэстаране, і каб іх падаваў той жа афіцыянт, які ўчыніў здзек над лепшымі беларускімі журналістамі — супрацоўнікамі сакратарыяту!

На банкет з маслінамі начальнік пастарунка, як ні ламаў яго Будзінас, усё ж не падламаўся. I машыны ўрэшце не даў — у Мінск мы паехалі цягніком. I ў дарозе, у буфеце цягніка з лятучай назвай «Чайка», якая так хораша рыфмавалася са словам чарка, першы наш тост быў за Будзінаса, які ў Мінск з намі не паехаў, зноў застаўшыся ў Вільні па тых жа сямейных, як ён сказаў нам, абставінах.

Дарога №1

У другой палове 1980-х гадоў, калі да ўлады прыйшоў Міхаіл Гарбачоў, усплылі чуткі, пачаліся размовы пра стварэнне новага — ва ўсіх сэнсах новага для Беларусі — часопіса. Яўген Будзінас лічыўся тады (па-мойму, Генадзь Лісічкін з Анатолем Стрэляным такую сінекуру для яго прыдумалі) уласным карэспандэнтам часопіса «Дружба народов» па Беларусі, прападаў у Маскве, і я папрасіў яго дазнацца, ці ёсць у чутках пра новы часопіс хоць нешта рэальнае. Аказалася, ёсць, і Яўген Дамінікавіч нават ведае, хто будзе галоўным рэдактарам.

— Хто? — спытаўя.

— Ты, — адказаў Яўген Дамінікавіч. — Калі ўступіш у партыю. Калі ж не ўступіш, дык галоўным рэдактарам будзе...

Ён назваў прозвішча чалавека, якога я... зрэшты, гэта не істотна.

Пасля перамоў і кансультацый з партыйцам Генадзем Бураўкіным і беспартыйным Рыгорам Барадуліным у партыю я ўступіў.

Часопісы ў той час ствараліся не за дзень, цягнулася ўсе даволі доўга — і я ўжо падумваў, што чырвоным партыйным білетам (які, між іншым, у гады публічных пакаянняў не парваў і не выкінуў) сэрца сваё палю дарма. Але восенню 1986 года мяне выклікалі ў Маскву ў ЦК камсамола, а вясной 1987 — у ЦК КПБ. I першым чалавекам, якога — пасля паставога — убачыў я ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі, быў уласны карэспандэнт усесаюзнага часопіса «Дружба народов» Яўген Будзінас.

— Ты кнігу ўзяў?.. — спытаў ён, спускаючыся насустрач мне па лесвіцы. — Калі не ўзяў, дык наверх не фіг падымацца.

Я не ўцяміў:

— Якую кнігу?..

Ніякай кнігі — і ён гэта бачыў — у мяне не было, і Будзінас пачаў мне даводзіць, што Яфрэмка (гэта значыць, першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў), да якога выкліканы я для размовы пра новы часопіс і для блаславення на рэдактарства, мае гэтакі бзік, што, калі да яго прыходзіць нейкі літаратар, дык ён, Яфрэмка, толькі аднаго чакае і пра адно думае: як, якімі словамі той літатар надпіша яму сваю кнігу? Без кнігі ў кабінет ягоны лепш не заходзь, бо з гаворкі нічога не выйдзе, хіба што лажа, і яму, Будзінасу, дзіўна, чаму Печань (гэта значыць, сакратар ЦК па ідэалогіі Пячэннікаў) нічога пра бзік Яфрэмкі мне не сказаў — ці не хоча тым самым Печань мяне падставіць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: