Вход/Регистрация
Байкі
вернуться

Крапіва Кандрат

Шрифт:

1964

Пажар

Нядрэнныя Брандмайстар вочы мае: Надоечы здалёк Убачыў ён дымок, А дыму ж без агню, напэўна, не бывае. — Пажар! Пажар! — сігнал трывожны.— Гарыць! Скарэй! Гарыць! I жвава рухаецца кожны З трывогай на твары. Гатова ўсё праз дзве хвіліны: Вяроўкі, бусакі, драбіны… Вось вынырнуў з агульнай кучы Начальніка шалом бліскучы. — За мной! Галопам — маррш! — Скамандаваў Брандмайстар наш. Абоз імчыцца па завулку, Грыміць, і трубіць, і звініць. Там дышлем цюкнулі бабульку, Там зад адціснулі свінні. Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць. Прыджгалі: — Стой! — Нарыхтаваўшы кішку, Пажарнікі збянтэжыліся крышку: — А дзе ж пажар? То ж дзядзька люльку курыць. — Табака добрая, чаму не пакурыць? Аднак было б там лаянкі багата, Ды толькі зноў — «Пажар! Гарыць!» …………………………………………….. На гэты раз Брандмайстарава хата. Ён, кажуць, праз дурную спешку Закінуў сам у стружкі галавешку. Быў крытык мой адзін заўзяты, I ён цяпер сядзіць без хаты.

1929

Плывец-тэарэтык

Ён быў выдатны тэарэтык — Па спорту воднаму мастак, I што няправільна, не гэтак, А трэба правільна вось так, Заўсёды хораша тлумачыў Аматарам-плыўцам. Але як плавае ён сам, Таго ніхто не бачыў. Вось раз на ранішняй зарадцы У хвалях быстрае ракі Трэніраваліся спартсмены-юнакі, А ён стаяў на кладцы; Іх недахопы падмячаў, Як лепей плаваць, навучаў, Што значыць кроль, што значыць брас, Калі гаворка йдзе пра найвышэйшы клас, Як авалодаць батэрфляем, Якому мы увагі не ўдзяляем; Тлумачыў хлопцам без канца, Як правільна даваць нырца, Каб у глыбінях апынуцца, I як з глыбінь назад вярнуцца. Так доўга б ён чытаў яшчэ натацыі З уласнай дысертацыі, Ды, як на злосць, пачаў з ім нехта спрэчку. Наш майстар так расхваляваўся, Спрачаючыся з юнакамі, I так размахваць стаў рукамі, Што аж на кладцы не ўтрымаўся I… шабултых у рэчку. — Ну, ён цяпер пакажа клас! — Сказалі хлопцы ўраз.. Ды што за чорт! Чакаюць… Ждуць… Яго няма, а бурбалкі ідуць. Усплыў. Зяхнуў, Рукой махнуў, Як быццам развітаўся, I зноў на дно падаўся. Тут непярэліўкі, і хлопцы праз хвіліну Цягнулі майстра за чупрыну. А не было б тае бяды, Каб плаваць ён вучыў паводдаль ад вады.

1965

Вараны

Ў адной камуне ці арцелі, Дзе трактара яшчэ не мелі, Каб узараць-засеяць гоні, Было штук дваццаць коней — Натуры рознай усе чыста: Адзін — гуляка, той — гультай, а гэты — наравісты. Вось толькі быў там Вараны, Па думцы іншых — «конь дурны», Па-мойму ж проста — конь сумленны: Ён прыказку «Узяўся ты за гуж, Дык не кажы — не дуж» Заўсёды памятаў нядрэнна I прытварацца не хацеў. А дужы быў які! Аб Варанога сіле Легенды цэлыя хадзілі. Затое цэлы дзень ён быў у хамуце. Як толькі бедны Вараны Адчэпіцца ад бараны, Дык тут жа ў плуг яго ці ў воз, I не на ўме яму ні сена, ні авёс. Ён за гадоў так восем, штосьці, Зрабіўся — скура толькі й косці, Аж рэбры лёсткамі тарчаць. Другі ж, гуляючы, балуецца аўсом, Дык у яго і шыя калясом, I спіна круглая, і на крыжы раўчак. Не могучы жыцця такога знесці, Давай прасіцца Вараны нарэшце: «Не трэба, — кажа, — мне аўса, я буду рад і сену, А толькі дайце змену Ці невялічкую якую перадышку, Ну, хоць накрышку, Хоць на дзянёк, хоць на другі, Прашу я вашай ласкі». Яму адказваюць: «Таварыш дарагі! Вы забываеце пра вашы абавязкі: Чамусьці раптам на карысць арцелі Вы працаваць не захацелі. Забыліся, таварыш, дысцыпліну…» I зноў тут Вараны папружыў спіну, I зноў штодзень яму Без жалю плечы трэ хамут (Бо не ў зямлю ж жывому лезці). Але ён доўга не пажыў: Не выцерпеў нарэшце I… капытамі палажыў. Тады, сабраўшыся ўсе чыста, Так хораша, так урачыста Таварышы каняку пахавалі, Прамовамі, вянкамі I нават музыкай, здаецца, ўшанавалі. Але, гаворачы між намі, Карысці з гэтага для Варанога Было не надта многа: Калі ўжо шанаваць, дык трэ было жывога.

1926

Вол i Авадзень

Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Вядома тут, з якім настроем Ісці мог Вол: Глядзеў сярдзіта навакол, Махаў хвастом, круціў рагамі I біў па чэраве нагамі. — А, сябар!.. Добры дзень! — Сказаў лісліва Авадзень, Усеўшыся Валу на спіну: — Як я цябе люблю! Які ты мілы! Цябе я, сябар, да магілы Ніколі не пакіну. Я ўсюды за цябе пайду — Ў агонь, і ў нетру, і ў ваду. Цяпер жа вось да стойла давяду. Але чаму такі ты злосны? — Адстань, пракляты крывапівец! I без цябе мне млосна, Цябе ж я ведаю, паршывец! — Сказаў сярдзіта Вол ў адказ. Патом Хвастом Па спіне — раз! — Зваліўся той, як сноп, далоў… Нямала ёсць павадыроў, Якія любяць люд працоўны За тое толькі, бозумоўна, Што любяць яго кроў. Прамоў тых здрадніцкі-ўрачыстых Даволі чулі мы і ад фашыстаў. Але яны даждуцца дня — Змахнуць і іх, як Авадня.

1923

Давялося Свінні на неба глядзець…

Жыла-была адна Свіння. Паслушная сваёй прыродзе, Яна ў гнаі капалася штодня Ды рылася ў гародзе. Часамі нават на лугу альбо на полі Бываць прыходзілася ёй, Але што ў небе ёсць, над галавой, Свіння не бачыла ніколі. Яна хоць чула нейкія гаворкі Пра сонца, месяц і пра зоркі, Ды гэта ўсё нічога ёй не гаварыла. З-пад лапушных сваіх вушэй Яна і глянуць не магла вышэй Свайго свінога рыла. Аж неяк раз Свіння хацела ўлезці У моркаву суседскую ў гарод, Узбілася дубка на плот Пярэднімі нагамі ды грудзьмі I… неба ўбачыла як мае быць, нарэшце. — Дык вось яно, хвалёнае людзьмі! — Захрукала расчаравана. — Ні лужыны, ні яміны, ні калдабана, Ніводнай нават кучы гною! А выхваляюць жа — прастор ды прыгажосць! Аж проста разбірае злосць, Што кормяць нас такой маною! Ну, шырыня, раўніна, гладзь… Ну дык і што ж? За што іх выхваляць? Якая мне карысць ад гэтай сіні? Што неба роўнае — няма чаго дзівіцца: Каб там было чым пажывіцца, Яго б даўно парылі свінні. А сонца ж вунь! Пра хараство яго Нямала людзі языкамі клепюць, А тут і хараства ўсяго, Што вочы толькі слепіць. Ну вось, пабачыла… Цяпер я з небам квіта. Няхай туды імкнуцца праз вякі Энтузіясты-дзівакі, А мне мілей маё карыта.

1938

Дзіця, Вожык i Змяя

Выходным днём у саснячку Жанчына з дзіцянём гуляла, Лягла пад сонца, задрамала, А небяспека напаткала Яе маленькую дачку. З узгорка ўніз вядзе сцяжынка, — Ідзе па ёй мая Дзяўчынка Ды ловіць матылькі. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы,— Блішчыць на ёй узор лускі. Дзяўчынка рада: «Цаца! Цаца!» I хоча ўжо рукой хапіць, А «цаца» пачала звівацца, Лісліва, ціхенька сіпіць: — Хачу, дзіця, з табой пасябравацца: Цябе я ласкава, пяшчотна абаўю, Пазнаеш ты любоў маю. Аж раптам тут ля самых ножак Зафыркаў злосна Вожык I кінуўся адважна на Змяю. Змяя ўзвілася бліскавіцай, Зубамі хоча ўпіцца, Мільгае промнямі лускі, А ён, узброены ігліцай, Зубоў змяіных не баіцца I рве Гадзюку на кускі. Дзяўчынка сціснула ад гневу кулачкі, Крычыць на Вожыка: — Пачвара, недарэка! Ты цацу сапсаваў маю! За гэта я цябе наб'ю. Ты — бека! — Дзіця, — адказвае ёй Вожык, — Хоць бека я, калючы, непрыгожы, Але ж я знішчыў смерць тваю. Як падрасцеш, ацэніш ты паслугу I мне падзякуеш, як другу. Дзіця дзіцём — і розум у яго такі. Я не дзяцей тут меў на мэце, А ёсць яшчэ дарослыя дзядзькі На свеце, Што і змяю гатовы прытуліць, Якая іх умее пахваліць. Такім мілей ліслівы гад паўзучы, Чым верны друг, хоць і калючы.

1950

Еш, дурань, бо то з макам

Была ў мяне калісьці цётка — Ну й добрая ж (хай лёгка ёй ікнецца)! У душу гатова ўлезці, здэцца: Вось так і клыпае, як тая кураводка,— Схаваць гатова пад крыло. Даўно ўжо гэта ўсё было, I цётку помню мала я, Але што цётухна Магрэта Была ў нас гаспадыня «ўдалая», Дык добра помню гэта. Калі ў яе часамі страва Выходзіла няўдала, Тады заўсёды яна справу Акрасай папраўляла. Пры гэтым гутаркі было там больш, як смаку: Насыпле канапель ці маку,— Якая, чорта, там яда!.. Бывала (веры ці дасце?), Ясі, а ў роце аж расце, Але ясі патом: адмовішся — бяда! Калі яна заўважвала, бывала, Што ем я не са смакам, Абавязкова трактавала: — Еш, дурань, бо то з макам! Забыцца мне пра цётухну пара, Бо ўжо даўно яе аплакаў, Але ў жыцці я чуў яшчэ не раз: — Еш, дурань, бо то з макам!

1925

Заява

Другі, бывае, дабрадзей, Пашану страціўшы ў людзей, На тым часамі спаганяе, Што прозвішча мяняе. Не помню месяца і дня, Нядаўна нек адна свіння Свайму там старшыні ці «заву» Так накрамзоліла заяву: «Ад грамадзянкі вёскі Свінюхі, Хляўцоўскае акругі, Што перанесла здзекі пугі, Як панаваў пастух Трахім, Ад аблавухае свінні Каравай
Заява
Я, прылажыўшы ніжэй капыты, Заяўляю аб тым, Што з усёю сваёю раднёю Не хачу болей звацца Свіннёю. Бо „свіння“ і за лаянку часта ўжываецца, А мне гэта не падабаецца. Вось і прашу даць імя мне новае, Падмацаваўшы яго пастановаю, Каб не кожны хам Калоў вочы нам: I каб спагнаць заўсёды мела права я, Калі асмеліцца абразіць хто». I распісалася пярэднім правым капытом: «Свіння Каравая». А старшыня той розум меў: — Завіся, — кажа, — ты хоць — леў, Аднак жа, як свінню ні кліч, Яе заўсёды выдасць лыч!
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: