Шрифт:
Яны былi крыху знаёмыя. Камандор "Тытана" быў невысокi, сiваваты, з маленькiм, невыразным тварам. Паклаўшы нагу на нагу, ён, здавалася, разглядваў насок чаравiка.
Пiркс цiхенька наблiзiўся да людзей, якiя стаялi ля тэлеграфiстаў, схiлiўся i пачаў чытаць праз плячо таго, што са шрамам:
"...шэсць васемнаццаць коска тры iду поўным ходам дайду восем нуль дванаццаць канец".
Тэлеграфiст падсунуў левай рукой бланк i працягваў няспынна запiсваць.
"Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнiк Месяц кропка цi маеце пашкоджаннi кропка адказвайце Морзе кропка радыёфон не даходзiць кропка колькi гадзiн можаце пратрымацца на аварыйнай цязе кропка пеленгаваны дрэйф нуль шэсць коска дваццаць адзiн кропка прыём".
"Парыў два Марс працяжнiк Месяц Месяцу Галоўнаму кропка iду поўным ходам да Альбатроса сектар 64 кропка ў мяне перагрэўся рэактар кропка нягледзячы на гэта iду далей кропка знаходжуся шэсць нанапарсекаў ад пункта коска запеленгаванага SOS кропка канец".
Раптам другi радыётэлеграфiст, той, бледны, выцiснуў нейкi невыразны гук усе, хто стаяў, схiлiлiся над iм. Чалавек, якi ўпусцiў Пiркса, падаў камандору запоўненыя бланкi. Другi тэлеграфiст пiсаў:
"Альбатрос чатыры ўсiм кропка ляжу ў дрэйфе элiпс Т-341 сектар 65 кропка абшыўка корпуса трэскаецца далей кропка кармавыя пераборкi не вытрымлiваюць кропка аварыйная цяга рэактара нуль тры жэ кропка рэактар выходзiць з-пад кантролю кропка галоўная перагародка пашкоджана ў многiх месцах кропка пашкоджанне на трэцяй палубе павялiчваецца пад уплывам аварыйнай цягi кропка спрабую цэментаваць кропка пераводжу экiпаж у насавую частку кропка канец".
У радыётэлеграфiста трымцелi рукi, калi ён пiсаў. Адзiн з тых, хто стаяў побач, узяў яго за каўнер сарочкi, падняў, выпхнуў за дзверы, выйшаў сам, але праз хвiлiну вярнуўся i сеў на яго месца.
– У яго там брат, - патлумачыў ён, не звяртаючыся нi да каго.
Цяпер Пiркс схiлiўся над старшым радыётэлеграфiстам, якi нечакана пачаў пiсаць:
"Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнiк Месяц кропка iдуць да вас Парыў з сектара 64 Тытан з сектара 67 Балiстычны восем з сектара 44 Кобальд сем нуль два з сектара 94 кропка цэментуйце перагародкi ў скафандрах за шчытамi пры павялiчаным цiску кропка паведамiце аварыйны дрэйф на гэты час кропка..."
Чалавек, якi замянiў маладога тэлеграфiста, гучна прамовiў: "Альбатрос!" i ўсе схiлiлiся над iм. Ён пiсаў:
"Альбатрос чатыры да ўсiх кропка аварыйны дрэйф не выяўлены кропка шпангоўты корпуса плавяцца кропка губляю паветра кропка экiпаж у скафандрах кропка машыннае аддзяленне залiтае цепланосьбiтам кропка шчыты прабiтыя кропка тэмпература ў рубцы 63 градусы першая прабоiна ў рубцы зацэментавана кропка залiвае галоўны перадатчык кропка цяпер буду трымаць сувязь толькi па радыёфоне кропка чакаем вас кропка канец".
Пiркс хацеў запалiць - палiлi амаль усе, i было бачна, як дым сiнiмi стужкамi ляцiць угару, да вентыляцыйных адтулiн. Ён шукаў па ўсiх кiшэнях цыгарэты i не мог знайсцi. Хтосьцi - ён нават не бачыў хто - усунуў яму ў руку адкрыты пачак. Ён запалiў. Камандор сказаў:
– Калега Мiндэл, - на iмгненне ён прыкусiў нiжнюю губу, - поўны ход.
Мiндэл спачатку, вiдаць, быў разгублены, але нiчога не прамовiў.
– Даць папярэджанне?
– спытаў чалавек, якi сядзеў побач з камандорам.
– Ага. Я сам. Дайце.
Ён падцягнуў да сябе мiкрафон i стаў гаварыць:
– "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4". Iдзём да вас поўным ходам. Знаходзiмся на гранiцы вашага сектара. Будзем праз гадзiну. Паспрабуйце выйсцi праз аварыйны люк. Будзем каля вас праз гадзiну. Iдзём поўным ходам. Трымайцеся. Трымайцеся. Канец.
Ён адштурхнуў мiкрафон i ўстаў. Мiндэл гаварыў па ўнутраным тэлефоне ля супрацьлеглай сцяны:
– Хлопцы, праз пяць хвiлiн поўны ход. Ага, так, - адказваў ён таму, хто быў на другiм канцы провада.
Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:
– Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвiлiны наш карабель прыбавiць хуткасць. Мы атрымалi сiгнал SOS i спяшаемся...
Нехта зачынiў дзверы. Мiндэл дакрануўся да пляча Пiркса.
– Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.
Пiркс хiтнуў галавой. Два жэ - гэта для яго нiчога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослiвасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнiк крэсла, у якiм сядзеў пажылы тэлеграфiст, i зноў чытаў праз яго плячо:
"Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзiны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк зацiснула пэнкаючымi шпангоўтамi кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе i выйсцi кропка канец".
Мiндэл выхапiў у яго з рук спiсаны бланк i пабег у другi пакой. Калi ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, i ўсе адчулi, што iх целы набрынялi цяжарам.
Увайшоў камандор - ён ступаў з вiдочным высiлкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьцi падаў яму вiсячы мiкрафон. У руках ён трымаў скамячаны лiсток апошнюю радыёграму з "Альбатроса". Камандор выпрастаў лiсток i доўга пазiраў на яго.